Каб сустрэцца з самымі старажытнымі мастацкімі творамі, вырабленымі нашымі землякамі, давядзецца пабываць у сталіцы, дзе ўжо паўвека захоўваюцца абраз “Маці Боская Іерусалімская” і скульптуры Ганны і Іаакіма са Здзітава.

Абраз, напісаны ў першай чвэрці ХVІ стагоддзя, да 1970-х знаходзіўся ў старажытнай Свята-Мікіцкай царкве. У часы ваяўнічага атэізму вучоныя здзейснілі сапраўдны подзвіг, ратуючы ад гібелі адзін з найбольш цікавых старадаўніх мастацкіх твораў Беларусі. Несумненна, старажытны абраз чакала б гібель, каб навукоўцы не правялі яго рэстаўрацыю. Сёння гэтая зорка палескага мастацтва захоўваецца ў запасніках галоўнага мастацкага музея краіны. “Маці Боская Іерусалімская” са Здзітава – найбольш ранні твор сярэднявечнай Беларусі, у якім ужо адчуваецца подых Новага часу. Раней ікона была запрастольнаю ў Мікіцкай царкве, і, паколькі вядома, што гэты храм збудаваны ў 1502 годзе, можна меркаваць пра час стварэння яго галоўнай святыні. Хутчэй за ўсё яна напісана да моманту асвячэння царквы.
Абраз незвычайна светлы, з мяккімі фарбамі і пявучым рытмам ліній, што надае яму ўнутраную прасветленасць. Да прыкмет Новага часу належаць таксама святочныя арнаменты – сакавітая рэльефная разьба, якая нагадвае масіўную чаканку. Арнаменты здзітаўскай іконы, безумоўна, істотна адрозніваюцца ад лёгкіх штрыхаваных, прадрапаных іголкай малюнкаў, вырабленых амаль 600 гадоў таму. А яе матыў характэрны для заходнееўрапейскага алтарнага жывапісу канца ХV – пачатку ХVІ стагоддзяў. Гэты твор – яшчэ адно пацвярджэнне прыналежнасці Беларусі да агульнаеўрапейскай цывілізацыі.
Аднак галоўнае значэнне Адзігітрыі са Здзітава ўсё ж у тым, што абраз папярэднічае зараджэнню мясцовай школы жывапісу. Такія асаблівасці пісьма, як спалучэнне аранжавых вохрыстых і зеленаватых таноў у каларыце, мяккасць форм, прыгожая арнаментацыя, атрымалі яскравае развіццё ў мастацтве ХVІ стагоддзя. Апрача таго, гэты твор прываблівае высокім майстэрствам і натхнёнасцю выканання: адухоўленасцю, манументальнасцю кампазіцыі, пластычнасцю малюнка.
Абраз нібы прасветлены ў часе, і надзвычай прыемна, што ён мае непасрэднае дачыненне да жабінкаўскай зямлі.
Не менш цікавыя ў вачах даследчыкаў скульптуры Ганны і Якіма (Іаакіма). Як пісалі пра гэтыя творы айчынныя мастацтвазнаўцы, скульптуры, вырабленыя ў другой палове ХVІ стагоддзя, “прыцягваюць увагу ўраўнаважанасцю эмацыянальнага стану, натуральнасцю поз, складанасцю псіхалагічнай характарыстыкі… Галоўную ж увагу майстар надае характэрным тварам з рысамі народнага тыпажу, буйнымі, працавітымі рукамі. Тут, безумоўна, адчуваецца подых Рэнесансу, які садзейнічаў пранікненню ў мастацтва чыста народных элементаў, раскрыццю ўнутранага свету чалавека”.
Прыемна, што ўсе гэтыя незвычайныя рэчы створаны на жабінкаўскай зямлі. Шкада толькі, што імёны майстроў застаюцца невядомымі, мабыць, назаўжды зніклі ў бурлівай плыні часу…
Паласу падрыхтаваў Анатоль БЕНЗЯРУК, фота аўтара і з адкрытых інтэрнэт-крыніц
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
