Рэлігійны турызм, або Намоленая зямля

Жабінкаўшчына – здаўна намоленая зямля. Так у народзе прынята называць край, багаты на храмы. У гэтым мог пераканацца кожны, хто ў студзені, калі ў Беларусі быў абвешчаны месячнік рэлігійнага турызму, здзейсніў падарожжы па нашым раёне.

Па традыцыі кожны месяц у Беларусі мае турыстычную “афарбоўку”. Сёлетні год пачынаўся з рэлігійнага турызму. У студзеньскія дні праходзілі мерапрыемствы, якія дазвалялі беларусам і гасцям краіны пад белымі крыламі пашыраць свае веды пра духоўную і культурную спадчыну. Тыя, хто жадаў узбагаціцца падчас экскурсій і здзейсніць паломніцтвы ў перыяд месячніка рэлігійнага турызму, не абыходзілі сваёй увагай праваслаўныя цэрквы, размешчаныя на Жабінкаўшчыне. Заўважым: нашы храмы вылучаюцца сваім знешнім хараством і гістарычным багаццем. І зусім нездарма найстарэйшыя з іх нярэдка вобразна называюць драўлянымі казкамі Заходняга (або Берасцейскага) Палесся.

Гэта вельмі важныя памяткі мінулых дзён, што патрабуюць вывучэння, аховы і абнаўлення. Прыемна зазначыць, што ў Жабінкаўскім раёне месціцца архітэктурны аб’ект – кандыдат у Спіс сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Размова ідзе пра храм святога вялікамучаніка Мікіты, размешчаны на ўсходзе горада-спадарожніка, у былым сяле Здзітава. Гэта надзвычай арыгінальная царква, што захоўвае непаўторную адметнасць з часоў сівой даўніны.

Згадка пра сівую даўніну – не проста лірычнае спалучэнне слоў. Свята-Мікіцкі храм насамрэч выклікае зацікаўленасць у вернікаў і спецыялістаў сваёй старажытнасцю. Паводле пісьмовых крыніц ён вядомы са студзеня 1502 года. Утульная, ціхая, бы размова з Богам, царква па сваіх удалых прапорцыях, завершанасці і выразнасці кампазіцыі застаецца найболыш значным старажытным помнікам палескага дойлідства не толькі нашага раёна, але ўсяго Першага рэгіёну. Маленькі блакітны храм, увенчаны залатым купалам, быццам узялі пад абарону векавыя дубы. Дзясятак каржакаватых волатаў утвараюць шырокую алею. Гэта сапраўдны цуд, што храм амаль нязменным прайшоў праз стагоддзі. У цэнтры яго – царскія вароты, аздобленыя мясцовымі майстрамі цудоўнай разьбой. Сярод здзітаўскіх святыняў да гэтага часу вылучаюцца сваёй адметнасцю абразы “Маці Божай Адзігітрыі” і “Спас Пантакратар”.

Акрамя Здзітаўскага храма, да выдатных помнікаў ХVІ–ХVІІІ стагоддзяў адносяцца Свята-Мікалаеўская царква ў Вялікіх Сяхновічах, Свята-Пакроўская ў Арэпічах і, канечне ж, Хмелеўскі Спаса-Праабражэнскі храм з вядомым мужчынскім манастыром, куды, каб пакланіцца мясцовай рэліквіі – абразу Маці Божай Чанстахоўскай – і сустрэцца з ігуменам Серафімам, прыязджаюць вернікі з усяго свету. Высокія сосны атачаюць храм з чатырох бакоў, быццам абараняюць яго ад розных пагроз і бяды.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Асобную цікавасць у турыстаў выклікае трохкупальны храм Раства Іаана Прадцечы, пабудаваны ў 1718 годзе ў сяле (сённяшнім аграгарадку) Мацеевічы. Доўгі час у храме захоўваўся цудатворны абраз Божай Маці Ляснянскай, які знік падчас Першай сусветнай вайны. Намаганнямі настаяцеля храма архімандрыта Алексія (Петрусевіча), які памёр напрыканцы мінулага года, выдатная ікона была адроджана, асвечана і цяпер займае пачэснае месца ў храме, дзе зноў стала рэліквіяй.

Усялякі раз назіраюцца выдатныя змены напярэдадні юбілеяў жабінкаўскіх храмаў. У ліпені 2024-га шыкоўнае 130-годдзе свайго Дома Божага адзначылі вернікі храма святога раўнаапостольнага князя Уладзіміра Хрысціцеля Русі ў вёсцы Чыжэўшчына (у былых Крупчыцах). Яго ўзвялі на месцы, дзе ў 1794 годзе адбылася знакамітая Крупчыцкая бітва, у якасці храма-помніка ў гонар сувораўскіх воінаў, што змагаліся на мясцовым ратным полі супраць паўстанцаў генерала Серакоўскага. Цяпер адноўлены каменны дом Божы радуе сваёй прыгажосцю і цікавай гісторыяй. Акрамя таго, храм мае прыпісную каплічку, што знаходзіцца ў санаторыі “Надзея”.

Восенню 2025-га ладзілася вялікае свята, прысвечанае 140-м угодкам з часу асвячэння храма Пакроваў Прасвятой Багародзіцы ў Жабінцы. З пачатку свайго існавання царква, асвечаная ў лістападзе 1885 года, з’яўлялася галоўным храмам Жабінкі, а затым і Жабінкаўскага дабрачыння.

Летась таксама споўнілася 470 гадоў з часу першай пісьмовай згадкі пра Свята-Мікалаеўскую царкву ў аграгарадку Азяты. Адначасова не лішнім будзе згадаць, што і сённяшні Азяцкі храм, пабудаваны ў 1870 годзе, меў свой шаноўны юбілей.

Пасля Вялікай Айчыннай вайны і часоў ганення на веру адрадзіліся ў нашым краі, як птушкі Фенікс з агню, храмы Узнясення Гасподняга ў Агародніках, святога вялікамучаніка Дзімітрыя Салунскага ў Рагозне, Успення Прасвятой Багародзіцы ў Булькове і прарока Ільі ў вёсцы Сакі.

Сапраўды знакавымі падзеямі для Жабінкаўшчыны сталі ўрачыстасці, звязаныя з асвячэннем у 2025 годзе храма свяціцеля Кірылы Тураўскага ў горадзе-спадарожніку і царквы Усіх Святых у Старым Сяле. Яны – упрыгажэнне і духоўныя цэнтры краю – штодня гукам сваіх званоў завуць вернікаў да малітвы.

Анатоль БЕНЗЯРУК

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.