Жабінкаўчанка Ірына Ганчар: ёй усмешка заўсёды да твару

Гэтай жанчыне надзвычай пасуе імя Ірына, што азначае мір і спакой. Сябры сцвярджаюць: разам з такімі людзьмі свет напаўняецца яркімі фарбамі, у ім знікаюць сум і шэрасць. Хоць у бухгалтара Ірыны Ганчар надзвычай сур’ёзная прафесія, але ж усмешка заўсёды ёй да твару.

Па жыцці выдатніца

Нездарма і сама Ірына Ганчар гаворыць бадзёра з гэтай самай шырокай усмешкай, што не сыходзіць з яе вуснаў:

– Калі павінен быць у свеце пазітыў, дык няхай гэта буду я!

Увогуле, Ірына Пятроўна – чалавек сонечны і цёплы, гатовы шчодра дарыць святло іншым.

– Без усмешкі ад мяне яшчэ ніхто не сыходзіў! – прамаўляе яна і зноў шчыра ўсміхаецца.

Такая яна ад самага нараджэння. Нездарма Ірына прыйшла на свет за некалькі тыдняў да Алімпіяды-1980 у Маскве.

Вось і гаворыць:

– Чакалі алімпійцаў, а дачакаліся мяне!

Хто чакаў? Найперш мама Таццяна Уладзіміраўна і тата Пётр Паўлавіч, бабулі і дзядулі, сваякі блізкія і дальнія – тыя, што ў Жабінцы жывуць, і тыя, хто сюды прыязджае ў госці, каб адзначыць такую важную падзею, як нараджэнне прывабнай дзяўчынкі.

У саім жыцці яна паўсюль была выдатніца. А такім людзям нялёгка даводзіцца, бо заўсёды патрэбна трымаць марку – надта патрабаванні высокія. Толькі і чуеш:

– Глядзі, не зганьбі прозвішча!

І яна вельмі старалася вучыцца і працаваць, каб толькі яе “мірнае” імя было на добрым рахунку ў людзей. Ірына скончыла дзевяць класаў у першай гарадской школе, а яшчэ – музычную школу, дзе асвоіла рэдкі інструмент домру. Зноў жа на выдатна! Наступны жыццёвы крок быў падказаны нотным станам і скрыпічным ключом – Брэсцкі музычны каледж імя Рыгора Шырмы.

Яшчэ ў часы вучобы ў гэтай установе Ірына Пятроўна стала працаваць у музычнай школе ў вёсцы Чэрні Брэсцкага раёна. Яе чакалі шэсць памятных гадоў, звязаных з музыкай. Дзяўчына паспытала настаўніцкі хлеб, стварыла ансамбль дамрыстаў. Не раз чуліся апладысменты ў гонар выкладчыцы і яе сямі выхаванцаў, што дарылі сваё майстэрства жыхарам Чэрняў на шматлікіх святах.

Жыццё ў перспектыўнай вёсцы было даспадобы. Задавальняла ўсё: і калектыў, і вучні, і добрыя адносіны. Аднак (як гэта часам бывае) аднойчы зноў паклікала малая радзіма.

Добрае месца для творчасці

Калі мяняць жыццё, дык кардынальна. Два дзясяткі гадоў таму Ірына Пятроўна далучылася да бібліятэчнай справы. Яе чакала іншая праца, новыя людзі навокал. Аднак характар у нашай гераіні такі, што ўсё новае для яе прыцягальнае і хутка становіцца сваім. З блаславення дырэктара цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Галіны Шалягейка Ірына Пятроўна занялася надзвычай цікавай справай – узначаліла аддзел бібліятэчнага маркетынгу, а неўзабаве стала дырэктарам раённай бібліятэчнай сеткі.

Пра гэты працяглы перыяд свайго жыцця Ірына Ганчар гаворыць з гонарам. Згадвае людзей, што сустрэліся на шляху, і справы, зробленыя разам. Іх сапраўды было шмат.

– Бібліятэка – гэта добрае месца для творчасці, – пераканана гаворыць наша суразмоўніца і прыгадвае толькі частку таго, чым давялося займацца.

І ў гэтым спісе музейная экспазіцыя, стварэнне адметнага сайта і выданне кніг, развіццё краязнаўства, у тым ліку звязанае з афганскай тэматыкай, міжнароднае супрацоўніцтва з бібліятэкарамі з расійскага Перавоза… Нездарма супрацоўніцы нашай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы ўдзельнічалі, лічыце, ва ўсіх значных святах, што ладзіліся ў горадзе-спадарожніку. Іх выставы заўсёды выклікалі зацікаўленасць у землякоў.

– Нават не трэба душою крывіць, мне вельмі пашчасціла на людзей, – зноў удзячна ўсміхаецца Ірына Ганчар. – Дакладна ведаю: добрых людзей на свеце больш. І дзякуй Богу, што яны былі і застаюцца побач са мной. З асабліва пяшчотным адчуваннем успамінаю тых, хто адляцеў, бы птушкі, у вырай. Сярод іх – Таццяна Антонаўна Япішка, якую лічу сваёй настаўніцай не толькі ў бібліятэчнай справе, але і па жыцці. Таксама пазірае, мабыць, на нас з нябёсаў і Маргарыта Аляксееўна Ігнацюк – яшчэ адзін светлы чалавек, годны нашай памяці.

А вось спісак сяброў, што і цяпер “у страі жыцця” ў Ірыны Пятроўны сапраўды бясконцы. І гэта выдатныя аднадумцы, падараваныя лёсам, каб была лёгкай жыццёвая дарога.

Яна пералічвае прозвішчы і кожнае суправаджае сваёй непаўторнай усмешкай: Галіна Дулевіч і Марыя Гаджыева, Тамара Данілюк і Марыя Лагвіновіч, Ала Мікуц і Марына Карпішчук ды многія іншыя, каму Ірына Пятроўна ўдзячная за сяброўскую падтрымку. Ім нізкі паклон да самай зямлі.

Зноў круты паварот

Мы ўжо казалі, што маем справу з выдатніцай. Дык яна і зараз не здраджвае сабе. Яшчэ ў пачатку ХХІ стагоддзя наша гераіня адвучылася ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Аднак, як аказалася, гэта быў не апошні яе паход па навуку. Паколькі цікаўная жанчына і сёння працягвае пашыраць свае веды і летась паступіла ў Брэсцкі тэхнічны ўніверсітэт на спецыяльнасць “Эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве”.

Згадзіцеся, рэзкі паварот у біяграфіі. І гэта непасрэдна звязана з сённяшняй працай, якую выконвае Ірына Пятроўна. Змены ўвайшлі ў яе жыццё паўтара года таму. Восенню 2024-га яна ўладкавалася ў дзяржаўную ўстанову “Цэнтр забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый Жабінкаўскага раёна” на пасаду бухгалтара. Справа ў Ірыны Ганчар вельмі адказная і галоўнае ў ёй – налічэнне заработнай платы работнікам устаноў адукацыі.

У калектыве вельмі цёпла прынялі новага спецыяліста. Таму Ірына Пятроўна з задавальненнем пералічвае калег, што дапамагаюць і падказваюць, калі ўзнікаюць пытанні, патрэбныя для вырашэння. Гэта Ірына Раковіч, Марына Ягорчанкава, Святлана Якавук, Крысціна Ігнацюк і, вядома, строгі, аднак справядлівы кіраўнік аддзела Ірына Сыч.

Як мы ўжо маглі пераканацца, у нашай суразмоўніцы ёсць вялікае жаданне выпраменьваць цеплыню і дабрыню. І якое шчасце, што іх ёсць на каго дасылаць – найперш на мужа Вячаслава і любімых дачок Варвару ды Васілісу. Ім любячая матуля і жонка дорыць свае сонечныя ўсмешкі і сардэчкі, складзеныя з далоняў.

А ўсім жанчынам у іх год Ірына Пятроўна жадае ад усяе душы:

– Няхай вас акружаюць ласкавыя словы, клопат і ўвага блізкіх людзей. Гэты год павінен абавязкова прынесці новыя перамогі і дасягненні, а жыццё напоўніць сэнсам і радасцю. І не будзем забывацца, што самае важнае для жанчыны – быць у гармоніі з самой сабой.

Анатоль БЕНЗЯРУК

Фота Дзіяны МЕЛЬНІКАВАЙ

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.