КРЫМІНАЛЬНАЯ ХРОНІКА

У махляроў усё купляецца і прадаецца

Захацела Анфіса З. (тут і далей імёны змененыя) мець сучасны халадзільнік і змясціла аб гэтым аб’яву. У хуткім часе на яе выйшаў невядомы, які шляхам перапіскі ў месенджары “Теlеgrаm” пераканаў, што да Новага года яна будзе з халадзільнікам, калі на прапанаваныя банкаўскія рахункі пералічыць каля 700 рублёў. Жанчына пералічыла, і цяпер, на жаль, у яе ні грошай, ні халадзільніка…

Нездарма ў народзе кажуць, што ў махляроў, якія ніколі не трымаюць свайго слова, усё прадаецца і купляецца. Зараз у гэтым пераканалася і Яўфімія С. На сайце “Кufаr.bу” жанчына змясціла аб’яву аб продажы свайго тавару. Аб’явіўся і пакупнік, але вельмі хутка выявілася, што махляра не цікавіў той тавар – ён імкнуўся завалодаць рэквізітамі Фімінай банкаўскай карткі. Атрымаўшы несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі і магчымасць распараджацца грашовымі сродкамі, злодзей у адзін момант з чужога карт-рахунку ўкраў амаль 800 рублёў.

А вось Марыя К. без дазволу гаспадара карткі разлічылася за пакупкі ў трох магазінах і кіёску, тым самым прынесла стратаў утрымальніку гэтай самай банкаўскай карткі на суму больш за трыста рублёў. Па ўсіх згаданых выпадках узбуджаны крымінальныя справы.

Нешта дрэнна ляжыць?

З дапамогай злодзея “збяжыць”

Злодзея адно цікавіць: убачыў рэч, якая ляжыць без нагляду, – забяры сабе! Стэфан В. нядаўна адбыў тэрмін, меў яшчэ нязнятую і непагашаную судзімасць, як непадалёку ад цукровага завода заўважыў на лаўцы смартфон. Адразу з’явілася думка – прыкарманіць! Зламыснік падабраў чужую каштоўную рэч разам з чахлом, чым прынёс гаспадару смартфона стратаў на 820 рублёў. Толькі не змог ім доўга пакарыстацца, бо злодзея адшукалі і яго чакае зноў лава падсудных.

Яшчэ адзін злодзей паквапіўся на веласіпед, што стаяў у пад’ездзе аднаго з дамоў па вуліцы Цэнтральнай у Жабінцы. А Веніямін К. прама з аўтамабіля выкраў чужую бензапілу. Усе віноўнікі крадзяжоў выяўлены, і цяпер ім давядзецца несці адказ па артыкуле 205 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Спыталіся ў таты: а бацькоўскія пачуцці дзе?

Грамадзянін Л. быў раней ужо судзімы за ўхіленне ад уплаты сродкаў на выхаванне непаўналетняй дачкі. Адбыўшы пакаранне, якое вымяралася ў сто дваццаць гадзін грамадскіх работ, мужчына, аднак, на шлях выпраўлення не стаў. Напрыклад, у мінулым годзе ён болей за тры месяцы не пасылаў грошай на ўтрыманне дачкі.

На гора-бацьку ўзбуджана справа па частцы 3 артыкула 174 Крымінальнага кодэкса краіны. Здаецца, даўно пара грамадзяніну згадаць пра бацькоўскія пачуцці, каб не страціць іх канчаткова да сваёй дачкі-крывіначкі…

Не хацеў юнак стаць у армейскі строй

Іншы грамадзянін Л. ужо ў тым узросце, калі хлопцу пара паслужыць у арміі і гэтым спаўна выканаць свой грамадзянскі абавязак. Ён асабіста пад распіску атрымаў павестку аб неабходнасці з’явіцца на мерапрыемства прызыву – на медыцынскі агляд.

Дапрызыўнік, аднак, без уважлівых прычын у ваенкамат не з’явіўся. Яго не было і да канца прызыву. Значыць, грамадзянін Л. не пажадаў стаць у строй разам з іншымі маладымі байцамі, не даў клятву на вернасць Радзіме, а ўхіленне без важкай прычыны ад службы ў арміі – гэта злачынства, якое падпадае пад частку 1 артыкула 435 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Па інфармацыі начальніка райаддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Віталя ГАЛЕНЧУКА матэрыялы для друку падрыхтаваў Анатоль БЕНЗЯРУК

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.