Быць карысным для людзей, дапамагаць ім у бядзе і рабіць гэта хутка, якасна, прафесійна – даўняе жыццёвае крэда Мікалая Ніканчука. Напярэдадні Дня медыцынскіх работнікаў праца фельчара “хуткай дапамогі” адзначана Падзякай Міністэрства аховы здароўя.

Калі паступае сігнал і машына “хуткай дапамогі” спяшаецца на выклік, Мікалай Міхайлавіч разумее, што ад яго ўменняў і аператыўнасці калег часам залежыць вельмі шмат: здароўе, а можа, і жыццё чалавека.
Так, бываюць важнымі і вырашальнымі нават хвіліны. Патрэбна не толькі паспець да пацыента, але аказаць яму кваліфікаваную дапамогу. Нескладана ўявіць, як у абдымках болю хвалюецца хворы чалавек, перажываюць яго родныя, і ў кожнага просьба-пажаданне: “Ну, хутчэй жа…”. І наколькі прыемна ў рэшце рэшт пачуць словы падзякі ад тых, хто верыў, што “хуткая” дапаможа – фельчар дапаможа хутка!
Змены бываюць рознымі, нярэдка – няпростымі. Часам напрыканцы дзяжурства ўзнікае адчуванне стомленасці, але ёсць і задавальненне ды ўсведамленне таго, што аднойчы выбраў высакародную і карысную прафесію. Ёй прысвечана ўжо не адно дзесяцігоддзе. Нараджэнцу вёскі Велямічы Столінскага раёна Мікалаю Ніканчуку было амаль дваццаць, калі пасля заканчэння Пінскага медвучылішча ён атрымаў сярэднюю спецыяльную адукацыю з прысваеннем кваліфікацыі “Фельчар”. У дзевяностыя гады мінулага веку Мікалай Міхайлавіч працаваў рэнтгенлабарантам у Століне.
Калі на памежжы тысячагоддзяў у яго біяграфіі з’явілася наша Жабінка, Мікалай Ніканчук уладкаваўся фельчарам даўрачэбнага кабінета ў Жабінкаўскую цэнтральную раённую бальніцу.
А затым на працягу сямі гадоў шчыраваў у Брэсцкай гарадской бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі. Вопыт, набыты ў горадзе над Бугам, аказаўся карысным, калі ў 2007-м Мікалай Міхайлавіч вярнуўся на працу ў горад-спадарожнік. На працягу пятнацацці гадоў з’яўляўся фельчарам выязной брыгады хуткай дапамогі. А з кастрычніка 2022 года ён – фельчар выязной брыгады хуткай медыцынскай дапамогі, які выязджае самастойна.

Як адзначае галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Іосіф Арлавец, Мікалая Ніканчука перш-наперш вызначае прафесіяналізм. Нездарма Мікалай Міхайлавіч мае першую кваліфікацыйную катэгорыю па спецыяльнасці “Фельчарска-акушэрская справа” і пастаянна павышае свой прафесійны ўзровень. Акрамя таго – і гэта не менш важна! – ён надзвычай чула і ўважліва адносіцца да пацыентаў, ветлівы і тактоўны ў адносінах да калег. Таму ўсе яны даверліва адносяцца да фельчара, здольнага дапамагчы якасна і хутка.
Са свайго боку віншуем Мікалая Міхайлавіча з заслужанай узнагародай. Напярэдадні прафесійнага свята жадаем яму і яго калегам найчасцей бачыць шчаслівыя твары людзей, якім яны прыйшлі на паратунак, і чуць у свой адрас шчырыя словы падзякі.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара і з архіва Мікалая НІКАНЧУКА
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
