Калі савецкі тыл на працягу ўсёй вайны працаваў без перапынку, набліжаючы светлы дзень Вялікай Перамогі, дык і на тэрыторыях, захопленных ворагам, штодня не спынялася барацьба. Унёсак партызан быў настолькі значным, што й цяпер Беларусь нярэдка называюць рэспублікай-партызанкай. Адным з тых, хто ўжо ў першыя дні Вялікай Айчыннай вайны далучыўся да народных мсціўцаў, стаў Феадосій Сцяпанавіч Гацкевіч (1898 – 1978) з Хмелева.

Калі восенню 1940 года на Жабінкаўшчыне былі створаны сельсаветы, землякі падтрымалі кандыдатуру Феадосія Гацкевіча, які стаў дэпутатам Сакскага сельсавета, які зараз завецца Хмелеўскім.
Пакрыху наладжавалася новае жыццё. Яно перарвалася нядзельным ранкам 22 чэрвеня 1941-га. Замест новага савецкага жыцця акупанты хутка ўсталявалі свой “новы парадак”. Ужо ў першыя дні ліхалецця немцы расстралялі савецкіх актывістаў у Жыціні і старшыню калгаса ў Кардах Сямёна Дзеркача. Пра тое даведаліся Феадосій Гацкевіч ды іншыя “сельсавецкія”. Феадосій Сцяпанавіч некалькі начэй не начаваў у хаце, а калі хмелеўскія актывісты сабраліся ў хаце старшыні сельсавета Данілы Казлоўскага прапанаваў схаваць у вуліі чырвоныя сцягі.
– Хто дачакаецца перамогі, няхай верне іх савецкай уладзе, – сказаў старшыня.
Ніхто тады не мог, канечне, ведаць, што да вызвалення застаюцца тры гады акупацыі, а пераможныя салюты расквецяць неба толькі ў маі сорак пятага.
Феадосій Гацкевіч не збіраўся сядзець склаўшы рукі і ўжо ў ліпені 1941 года стаў сувязным Старасельскага партызанскага атрада, які пазней атрымаў імя легендарнага Міхаіла Чарнака. Акрама таго, Феадосій Сцяпанавіч супрацоўнічаў з падпольнай партыйнай групай Пятра Жулікава, якая дзейнічала ў Брэсце. Хмелевец перадаваў падпольшчыкам не толькі карысныя звесткі, але й прывозіў прадукты. Не аднойчы яму даводзілася друкаваць і распаўсюджваць лістоўкі і антыфашысцкія брашуры, а таксама перапраўляць у партызанскі атрад былых палонных чырвонаармейцаў.
Пасля вайны Гацкевіч згадваў, як аднойчы вёз з Брэста у Белавежскую пушчу друкарскі шрыфт: “Усыпаў у конскую торбу з аўсом. Прытрусіў сечкай і павёз”. Іншы раз фурманшчык дастаўляў вінтоўкі і медыкаменты. Калі патруль спыніў пярэднюю падводу, Феадосій Сцяпанавіч так праўдападобна прыкінуўся смяротна хворым, што немцы прапусцілі воз без агляду.
Ён выратаваў нямала “ўсходнікаў” – жанчын і дзяцей чырвоных камандзіраў і савецкіх спецыялістаў. У Хмелеве і іншых вёсках Феадосій Гацкевіч уладкоўваў без прапіскі гэтых гаротніц з іх дзецьмі.
І гэта яшчэ не ўсё: ён збіраў зброю і перадаваў яе партызанам-чарнакоўцам, дастаўляў ім выбуховыя рэчы, знойдзеныя на месцах баёў, што пракаціліся па жабінкаўскай зямлі. Адважны сувязны выратаваў жыцці фельчару Варвары Басавай і сакратару Жабінкаўскага антыфашысцкага камітэта.
Шмат разоў рызыкуючы жыццём, наш герой верыў, што ўсё недарэмна, і гэткім чынам ён набліжае вызваленне роднай зямлі.
У ліпені 1944 года, калі разгарнулася аперацыя “Баграціён”, Феадосій Сцяпанавіч стаў правадніком франтавой разведкі. А калі прыйшоў даўгачаканы дзень, хмелеўскія падпольшчыкі Даніла Казлоўскі, Пётр Арабейка і Феадосій Гацкевіч выйшлі сустракаць воінаў-вызваліцеляў з чырвонымі сцягамі. Тымі самымі, што ўсю вайну беражліва захоўвалі ў вуліі. Іх можна пабачыць і сёння – цяпер і сцягі, і вулій з Хмелева – каштоўныя экспанаты музея Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску.
З усіх месяцаў года наш герой найбольш любіў май. Ён пачынаўся з Першамая, далей ішоў Гацкевічаў дзень нараджэння, а потым – свята Перамогі. Феадосій Сцяпанавіч нават марыў памерці сярод майскай квецені.
…У народзе нездарма кажуць: што ў Бога просіш, тое і атрымаеш. Феадосій Гацкевіч памёр 3 мая 1978 года, за чатыры дні да свайго 80-годдзя, напярэдадні свята, якое ён набліжаў, як мог, сваёю барацьбой.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота з архіва рэдакцыі
Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav
Копирование и использование полных материалов запрещено, частичное цитирование возможно только при условии гиперссылки на сайт zhabinka.by. Гиперссылка должна размещаться непосредственно в тексте, воспроизводящем оригинальный материал zhabinka.by.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%