
31 студзеня спаўняецца 35 гадоў з часу адраджэння Брэсцкай епархіі. Гэта ўжо трэці перыяд існавання самастойнай праваслаўнай кафедры ў горадзе над Бугам. Упершыню менавіта пад сённяшняй назвай яна была ўтворана ў 1839 – 1840 гадах, паўторна дзейнічала кароткі тэрмін у пасляваенны перыяд і вось з пачатку 1990 года зноў адноўлена і існуе па сённяшні дзень. Зараз у складзе Брэсцка-Кобрынскай епархіі дзевяць дабрачынняў, у тым ліку і наша, Жабінкаўскае.
Правячыя іерархі Брэсцкай епархіі:
- Канстанцін (Хоміч) 1990 – 2000 гг.
- Філарэт (Вахрамееў) 2000 – 2001 гг.
- Сафроній (Юшчук) 2001 – 2002 гг.
- Іаан (Хама) з кастрычніка 2002 г.

Дабрачынныя цэркваў Жабінкаўскай акругі:
- Мікалай Чаркасевіч (1965 – 1995 гг.),
- Стэфан Гапанюк (1995 – 2006 гг.),
- Уладзімір Карнялюк (2006 – 2012 гг.),
- Сергій Петрусевіч (са снежня 2012 г.).
Няпросты шлях станаўлення
Ужо каля тысячы гадоў свет праваслаўя ззяе на Брэстчыне. Аднак далёка не адразу горад над Бугам стаў цэнтрам хрысціянства на заходніх землях Беларусі. Першапачаткова гэтую ролю адыграваў Уладзімір-Валынскі, дзе праваслаўная кафедра ўзнікла ўжо ў ХІ стагоддзі.
Да слова, сёлетні год звязаны ў гісторыі яшчэ з адным значным юбілеем: роўна 620 гадоў таму, ў 1405 годзе, у гарадах Уладзіміры і Берасці епіскопію ўзначаліў Іаан Гогаль – першы праваслаўны іерарх, што насіў назву епіскапа не толькі Уладзімірскага, але і Брэсцкага.
Напрыканцы ХVІ стагоддзя ў горадзе над Бугам адбылася вядомая царкоўная унія. Такім чынам, працяглы перыяд, які вымяраўся амаль у 240 гадоў, праваслаўнай кафедры ў Берасці не існавала.
Адраджэнне адбылося 12 (24) лютага 1839 года ў так званы тыдзень “Трыумфу Праваслаўя”, калі ў Сафіі Полацкай афіцыйна адбылося ўрачыстае ўз’яднанне ўніяцкай царквы з праваслаўнай. Свае подпісы пад “Саборным Актам” у той дзень паставілі многія відныя прадстаўнікі грэка-рымскага духавенства. Яны прасілі Свяшчэнны Сінод і расійскага імператара Мікалая І прыняць іх у лона праваслаўнай царквы. Прычым, адным з першых пад гэтым гістарычным дакументам уласнаручна пакінуў крыжык і распісаўся наш зямляк, нараджэнец Вялікіх Сяхновічаў Ігнацій Жалязоўскі – будучы епіскап Брэсцкі.
На працягу шасцідзесяці гадоў берасцейскія іерархі былі вікарыямі (намеснікамі і памочнікамі) правячых Літоўскага і Віленскага епіскапаў, а з пачатку ХХ стагоддзя да самай Вялікай Айчыннай вайны тытул “епіскап Брэсцкі” ўвогуле не ўжываўся.
Толькі пасля вызвалення нашых земляў ад акупантаў летам 1944-га зноў была ўтворана самастойная Брэсцкая епархія, якая праіснавала менш за пяць гадоў, пакуль яе царкоўныя прыходы не перайшлі ва ўпраўленне Мінскага архіерэя. Так працягвалася да часу, калі нарэшце зноў была адроджана епархія з цэнтрам у Брэсце.
Адраджэнне: крок за крокам
Аднаўленне царкоўнага жыцця ў Брэсцкай епархіі на памежжы 80-х і 90-х гадоў мінулага веку пачалося з адраджэння храмаў, што вярталіся дзяржавай вернікам. Хто жыў у тыя часы, памятае, у якім непрывабным стане знаходзіліся многія царкоўныя будынкі, што нярэдка іх нават цяжка было назваць Дамамі Божымі, настолькі моцнымі былі пабурэнні. Сапраўдным сімвалам тагачаснага адраджэння можна лічыць лёс Свята-Успенскай царквы ў Булькове.
22 ліпеня 1944 года наваколлі ўздрыгануліся ад моцнага выбуху. Гэта адступаючыя гітлераўцы ўзарвалі званіцу, каб воіны Чырвонай Арміі не ўладквалі на ёй назіральны пункт. Агонь пашкодзіў царкоўнае начынне, абразы, богаслужэбныя кнігі. У полымі загінула багатая бібліятэка. Некаторыя рэчы, што ўцалелі, трапілі ў музеі, частка была перададзена ў іншыя храмы. Але галоўная бяда – у Булькове амаль спынілася царкоўнае жыццё.
Усё змянілася восенню 1990 года, калі была зарэгістравана прыходская абшчына, якая на чале з іерэем Пятром Мірочнікам зрабіла шмат, каб над берагамі Мухаўца зноў загучалі званы, склікаючы вернікаў да службы. 21 лістапада 1994 года Свята-Успенская царква была асвечана епіскапам Брэсцкім і Кобрынскім Канстанцінам, а яшчэ праз год брэсцкія рэстаўратары ўручылі сімвалічны ключ настаяцелю ад цудоўнага каменнага храма, які нібыта птушка Фенікс паўстаў з полымя, каб несці надалей святло духоўнасці і веры.
У той самы час вернікам быў вернуты і Свята-Уладзімірскі храм-помнік у Чыжэўшчыне, які доўгі час выкарытоўваўся пад калгасны склад. Неўзабаве мітрапаліт Філарэт асвяціў новую царкву ў Агародніках, узведзеную з чырвонай цэглы. А ў хуткім часе ўладыку з нецярплівасцю чакалі ў Хмелеве, дзе ў лістападзе 2000-га быў асвечаны Спаса-Праабражэнскі мужчынскі манастыр. Ён стаў адной з чатырох абіцеляў, якія зараз існуюць у Брэсцкай епархіі. Для таго, каб памаліцца ля цудадзейнай іконы Маці Божай Чанстахоўскай штогод у Хмелева прыязджаюць пілігрымы не толькі з Беларусі, але і замежжа.
Паслядоўна па ўзоры мінулых часоў пры храмах сталі ўзнікаць праваслаўныя брацтвы і сястрынствы. Яны станавіліся крыніцамі дабрачыннай, місіянерскай і духоўна-асветніцкай дзейнасці. Яркі прыклад гэтаму – сястрынства, што вось ужо больш за два дзясяткі гадоў дзейнічае пры храме Пакроваў Прасвятой Багародзіцы ў Жабінцы.
Вярталіся імёны асобаў, якія прысвяцілі сваё жыццё праваслаўю і нават ахвяравалі сабой дзеля захавання веры. І адным з першых стала імя нябеснага ахоўніка Брэсцкай епархіі мучаніка Афанасія, ігумена Берасцейскага.
Кожны раз сапраўдным вялікім святам становяцца прыезды прадстаяцеляў Рускай праваслаўнай царквы.
Двойчы адбываліся візіты ў горад над Бугам Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Алексія II. У ліпені 1995 года патрыярх блаславіў заснаванне манастыра на месцы пакутніцкай гібелі святога Афанасія, а летам 2001-га, калі адзначаліся шасцідзясятыя ўгодкі пачатку Вялікай Айчыннай вайны, асвяціў Брэсцкі Уваскрасенскі сабор, які стаў храмам-помнікам па шматлікіх ахвярах ліхалецця. У тыя дні ў саборы былі прадстаўлены партрэты і біяграфіі святароў, замучаных акупантамі. У іх ліку быў і настаяцель Рагазнянскай царквы айцец Мікалай Міхалоўскі, закатаваны карнікамі восенню 1943 года за падтрымку партызан.
У ліпені 2015-га Брэсцкую епархію наведаў таксама і сённяшні Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл.
Адно з дзевяці дабрачынняў
Належнае месца сярод дабрачынняў Брэсцкай праваслаўнай епархіі займае Жабінкаўскае. У яго складзе 15 прыходаў. Тры храмы, у тым ліку Свята-Пакроўская царква, якая з’яўляецца цэнтрам дабрачыння, размяшчаюцца ў горадзе-спадарожніку. Сёлета гэты Дом Божы адсвяткуе свае 140-я ўгодкі. Здаўна бытуе паданне: наш горад знаходзіцца пад надзейным покрывам Божай Маці.
Нашы храмы сталі не толькі архітэктурным упрыгожваннем краю, але і сапраўднымі яго духоўнымі асяродкамі.
Настаяцелем храма Пакроваў Прасвятой Багародзіцы шмат гадоў з’яўляецца протаіерэй Сергій Петрусевіч, які напрыканцы 2012 года стаў дабрачынным цэркваў Жабінкаўскай акругі, а з ліпеня 2018-га – сакратаром епархіяльнага ўпраўлення.

Царкоўнае адраджэнне не спыняецца і сёння, нездарма на Жабінкаўшчыне будуюцца новыя храмы. Асяродкі веры ўзнікаюць не толькі ў Старым Сяле, у якім здаўна існаваў храм, але і ў аграгарадках Ленінскі і Ракітніца, дзе раней цэркваў ніколі не было.

Ужо не адно пакаленне юных жабінкаўцаў далучылася да святла духоўнасці і веры ў нядзельных школах, якія дзейнічаюць пры храмах. Сваёй актыўнасцю вызначаюцца маладзёжнае брацтва свяціцеля Кірылы Тураўскага і юнацкі клуб, названы ў гонар святога пакутніка Афанасія Брэсцкага. Душа сапраўды адпачывае, калі спяваюць дарослы і моладзевы хоры Пакроўскага храма. Іх мог пачуць кожны, хто зусім нядаўна наведаў адметны фестываль “Чароўнае святло Раства Хрыстова” ў Жабінкаўскім ГДК.
Справы, падмацаваныя духоўным словам, здзяйсняюцца ва ўсіх кутках Брэстчыны, дзе жывуць людзі, моцныя сваёй працавітасцю і верай.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара і з адкрытых крыніц
Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav
Копирование и использование полных материалов запрещено, частичное цитирование возможно только при условии гиперссылки на сайт zhabinka.by. Гиперссылка должна размещаться непосредственно в тексте, воспроизводящем оригинальный материал zhabinka.by.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%