Тваё імя
Нясмела на світанні першы промень
у ліст мядзяны ценькнуў вастрыём,
і мне пачулася ў чароўным тонкім звоне –
ІМЯ ТВАЁ.
Шчыруе ранак, зухаваты, босы,
за песняй песню разам з салаўём
і сыпле ў травы звонкія і росы –
ІМЯ ТВАЁ.
Паўзмрок павольнаю хадою крочыць
у сон прыцішаны бярозавых гаёў…
І ў гэтай водарнай здаровай ночы –
ІМЯ ТВАЁ.
Нектар п’янкі струменіцца мне ў келіх
за кропелькаю кропля – да краёў…
Я п’ю, шчаслівы, разам з лёгкім хмелем –
ІМЯ ТВАЁ…
***
– Не будзем секчы грушы,
хай расце…
Нічога, што старая…
Але ж кветам
вясною доўжыць ясны дзень…
Па садзе мама светлая ідзе.
Глядзіць на сад свой.
Шчыраю рукою
кранае дрэўцы,
меншыя і большыя.
І ўсякі раз да грушы падыходзіць –
апавядае бацьку,
як растуць
сыны і ўнукі.
Постаці
Шлях стагоддзяў мільёнамі мосціцца.
Праз вякі на вякі – наш мост.
А радзіма крыжамі пагосціцца –
не падняцца на поўны рост.
Нашай спадчыны мы ці вартыя,
калі слова не зберагчы?
Хто якою пільнуе нас вартаю,
што паўсюдна, заўсёдна маўчым?
Талерантныя, памяркоўныя…
Мёд атрутны лагодзіць слых.
У краіне сваёй бязмоўныя –
ад каго ж такі ўдар пад дых?!
Так няпроста, нялёгка наўпрост ісці,
свой цярэбячы шлях і след.
Аглядаюся – мудрыя постаці.
Углядаюся – запавет.
Спадчына
Зямлю ару і камяні крышу
нарогам вострым, бацькавым нарогам.
Кладу барозны і вяду дарогу
наперад праз няпэўнасці мяжу.
Для сну мне часу не адводзіць лёс:
баюся – каб хаця загон адолець.
Не першы я на прадзедавым полі –
а колькі незасеяных палос!..
Да слова слова, да радка радок –
узорваю старанна ліст паперы.
Трымаю сілы на жыццёвай веры,
што будзе рунь, дзе быў адвечны ток.
Popularity: 1%