Там, дзе гучаць музы

Там, дзе гучаць музы

АфишкаПад песеннай назвай “Той бераг дзяцінства далёкі, дзе гучыць акардэон…” у Жабінкаўскай дзіцячай школе мастацтваў прайшло мерапрыемства —
справаздача класа, у якім выкладае настаўнік Лідзія Уладзіміраўна Санюк. У перапоўненай зале сабраліся яе калегі, бацькі вучняў, колішнія выпускнікі.
Больш за чвэрць стагоддзя Лідзія Уладзіміраўна працуе ў нашай школе. Вельмі многія дзяўчынкі і хлопчыкі за гэтыя гады дзякуючы ёй далучыліся да непаўторнага, сапраўды чароўнага інструмента — акардэона. Цяпер ужо былыя вучні прыводзяць сваіх дзяцей у школу мастацтваў, давяраючы іх Лідзіі Уладзіміраўне. Так, некалі ў яе вучылася Алеся Ярмашук, а зараз у першым класе з Л.У.Санюк займаецца яе сын Уладзіслаў.
На вечарыне Лідзія Уладзіміраўна расказала пра гісторыю акардэона, шмат добрых цёплых слоў з яе вуснаў прагучала пра калегу — Пятра Васільевіча Маркоўскага, які выкладаў у школе сорак гадоў, а зараз знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Лідзія Уладзіміраўна лічыць яго сваім настаўнікам. Шмат гадоў П.В.Маркоўскі быў загадчыкам народнага аддзялення і перадаў мноства творчых сакрэтаў іншым выкладчыкам.
Сёння ў класе Л.У.Санюк займаюцца 11 вучняў, а таксама дзеці, для якіх акардэон стаў дадатковым музычным інструментам. Усе яны паўдзельнічалі ва ўрачыстым канцэрце. Інструментальны квартэт складаўся з вучняў малодшых класаў: Марыі Шчасюк, Улада Рэбякеўшы, Кірыла Ігнатчыка, Паўла Зубіка. Добрыя ўражанні засталіся ад запамінальнага выступлення Якава Андрасюка і Марыі Мешчанчук, Уладзіслава Шчасюка і Антона Абрамчука, Максіма Мацвеюка і Яны Радчук. А вось выпускнікі Данііл Хцей і Уладзіслаў Парцей паказалі сапраўднае майстэрства.
Былі на вечары і прыемныя сюрпрызы. Сям’я Шчасюкоў выступіла ў поўным складзе. Бацькі Антона Абрамчука, таксама былыя нашы выпускнікі, захапілі слухачоў сваёй віртуознай ігрой.
Лідзія Уладзіміраўна Санюк вядзе актыўную творчую дзейнасць. Яна ўдзельнічае ў ансамблі настаўнікаў школы “Тоніка” і ў аркестры народных інструментаў, з’яўляецца ілюстратарам ва ўзорным дзіцячым аркестры.
Бясспрэчна, самае галоўнае ў жыцці для кожнага чалавека — знайсці сваё прызванне. Для Лідзіі Санюк ім сталі яе вучні і прыгожыя гукі музыкі.
Галіна ТАРГОНСКАЯ, завуч вучэбна-выхаваўчай работы ДУА “Жабінкаўская ДШМ”.
На здымку: святочная афіша, што запрашала жабінкаўцаў на вечарыну, прысвечаную творчасці Л.У.Санюк і яе вучняў.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top