Асцярожна: спайс забівае

Асцярожна: спайс забівае

01_sinteticheskie-narkotikiУ рэспубліцы актуальнай праблемай з’яўляецца распаўсюджванне курыльных сумесяў — спайсаў. “Міксы” рэкламуюцца як легальны прадукт, які не ўтрымлівае наркатычныя рэчывы, але гэта далёка не адпавядае рэчаіснасці. Тым не менш курыльныя сумесі вельмі папулярныя ў моладзевым асяродку, продаж іх актыўна вядзецца як праз інтэрнэт, так і на вуліцах, ва ўстановах адукацыі, у інтэрнатах.
Што ж такое спайс і якую шкоду наносіць маладому арганізму?
Спайс — гэта агульная назва для шматлікіх курыльных сумесяў, якія завозяцца ў Беларусь з іншых краін. Яны могуць называцца па-рознаму: Spice, Smoke, Jan Rush, Pulse, Chillin і г.д. Усе яны ўтрымліваюць травы, якія самі па сабе бясшкодныя. Для таго, каб яны давалі наркатычны эфект, іх апрацоўваюць хімічнымі рэчывамі, ўдзеянне якіх на арганізм чалавека падобна да эфекту, што выклікае ўжыванне канопляў (марыхуаны), толькі нашмат мацнейшае.
Гандляры наркотыкаў выдаюць сумесь спайс за легальную араматычную траўку, якую здаўна курылі індусы, кітайцы і іншыя ўсходнія народы, і сцвярджаюць, што яна бясшкодная для арганізма. Аднак тыя, хто гэтаму верыць, займаюцца самападманам, бо псіхалагічная і фізічная залежнасці развіваюцца з першага разу. У курыльшчыкаў спайсаў павышаецца артэрыяльны ціск, пагаршаецца памяць, увага і разумовыя здольнасці ў цэлым. Маладыя людзі становяцца лёгка ўзбуджальнымі, часта ў іх узнікаюць неабгрунтаваная паніка і галюцынацыі.
Шырокае распаўсюджванне сярод моладзі атрымалі і так званыя маркі пад язык, апрацаваныя моцнымі хімічнымі рэчывамі. Менавіта яны найчасцей выклікаюць не толькі эйфарыю і неадэкватныя паводзіны, але і смерць.
Аматары “траўкі” і “марачак” маюць усе шанцы калі не развітацца з жыццём, то стаць інвалідамі з-за цяжкіх паражэнняў цэнтральнай нервовай сістэмы. Важна тое, што большасць прыхільнікаў вострых адчуван-няў — гэта падлеткі і з кожным годам іх колькасць павялічваецца. Статыстыка несуцяшальная, таму праводзяцца розныя мерапрыемствы сярод моладзі, накіраваныя на прафілатыку ўжывання наркатычных рэчываў.
Так, напрыклад, з 26 па 29 сакавіка ў Беларусі прайшла рэспубліканская прафілактычная акцыя «Стоп-спайс». Яна мела на мэце прыцягнуць увагу грамадскасці і як мага большай колькасці арганізацый да праблемы распаўсюджвання і ўжывання наркотыкаў у моладзевым асяродку. Былі праведзены трэнінгі для бацькоў і настаўнікаў, сустрэчы вучняў з супрацоўнікамі праваахоўных органаў, медыкамі. Моладзі расказвалі аб прававых выніках незаконнага абароту наркатычных рэчываў, былі арганізаваны спартыўныя і культурна-забаўляльныя мерапрыемствы, якія прапагандавалі здаровы лад жыцця. Акрамя таго, спецыялісты растлумачылі бацькам, як можна абмежаваць доступ дзяцей да сайтаў, што прапануюць так званыя дызайнерскія наркотыкі.
Як ставяцца да праблемы ўжывання спайсаў жыхары нашага раённага цэнтра і якая прафілактычная работа праводзіцца сярод моладзі?
Г.С.Бурко, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ №3 г.Жабінка:
— Гэта вельмі актуальная праблема і адна з “гарачых” тэм, якія абмяркоўваюцца ў інтэрнэце і СМІ. У нашай школе вядзецца актыўная работа па прафілактыцы ўжывання наркатычных рэчываў. У сакавіку для вучняў 5 “Б” класа была арганізавана экскурсія ў Жабінкаўскі РАУС, дзе школьнікам расказалі ў тым ліку і пра наступствы ўжывання наркотыкаў. Для вучняў старэйшых класаў наша псіхолага-педагагічная служба падрыхтавала паказ відэафільма “Охота за разумом. Журналистское расследование”. Пасля яго прагляду старшакласнікі абменьваліся ўражаннямі, абмяркоўвалі ўбачанае, аналізавалі сітуацыі, паказаныя ў фільме. 2 красавіка адбылася сустрэча школьнікаў з урачом-педыятрам Н.М.Бялых па прафілактыцы ўжывання наркатычных рэчываў. Інфармацыя на дадзеную тэматыку размешчана таксама на інтэрнэт-сайце нашай навучальнай установы.
А.М.Зіміна, педагог-псіхолаг СШ №1:
— Да Сусветнага дня барацьбы з наркотыкамі (1 сакавіка) у нашай школе быў паказаны фільм для вучняў 9-11 класаў, дзе расказвалася, які ўплыў аказваюць спайсы на арганізм. Напрыклад, пры абмеркаванні фільма нашы вучні сцвярджалі, што ў Брэсце спайсы прапануюцца ледзь не на кожным кроку і іх можна свабодна купіць.
Георгій Карпук, навучэнец школы-інтэрната:
— Калі людзі паміраюць ад такіх курыльных сумесяў, значыць, гэта страшная рэч. Не разумею толькі, што штурхае маладых людзей, якія ведаюць аб магчымых наступствах, паспрабаваць гэтую брыдоту: цікаўнасць, жаданне новых адчуванняў ці імкненне “быць такім, як усе” ў кампаніі.
У заключэнне хочацца нагадаць, што няма такіх наркотыкаў, якія не выклікаюць залежнасці, і няма такіх людзей, на якіх наркотыкі не ўплываюць.
Даведка
У 2013 годзе ў нашай краіне падлеткі здзейснілі 127 злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў, 35 з іх — у стане наркатычнай узбуджанасці. Асаблівую трывогу выклікае той факт, што прыём маладымі людзьмі наркатычных, таксічных рэчываў або алкагольных напояў можа прывесці да лятальнага зыходу. У выніку ўжывання курыльных сумесяў сёлета ў Мінску ўжо зафіксавана сем смяротных выпадкаў. Прывыканне пачынаецца практычна з першага разу, а рэакцыя іх уздзеяння на арганізм выяўляецца ў поўным псіхічным расстройстве і схільнасці да суіцыду.
У праблеме разбіралася Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top