Бухгалтар на рабоце і дома

Бухгалтар на рабоце і дома

_DSC6738У ПУАП “Азяты” бухгалтар Людміла Залога нядаўна. Малады спецыяліст трапіла сюды па размеркаванні, адпрацавала вызначаныя заканадаўствам два гады і вырашыла застацца на Жабінкаўшчыне, пусціць тут карані.
— Людміла, хто паўплываў на выбар гэтай прафесіі?
— Мая мама, як і ўсе любячыя бацькі, раіла звязаць жыццё з прафесіяй, якая будзе даспадобы і праз год, і пяць, і дваццаць. Мне хацелася знайсці стабільную, аплачваемую працу. Па ўсіх гэтых крытэрыях падыходзіла прафесія бухгалтара. Без ваганняў пасля заканчэння сярэдняй школы №1 у Драгічыне (дзе нарадзілася), падала дакументы ў Столінскі аграрнатэхнічны каледж і ў 2007 годзе атрымала дыплом па спецыяльнасці “бухгалтар”.
— Як далей склаўся твой лёс?
— А далей — як і многіх чакала новая старонка ў біяграфіі пад загадкавай назвай “Размеркаванне”. Мне выпала ехаць на Жабінкаўшчыну, у ПУАП “Азяты”. Шчыра кажучы, вельмі хвалявалася: як будзе мне на новым месцы, як сустрэнуць мясцовыя, як спраўлюся? Бо, адна справа, “зубрыць” падручнікі, іншая — свае веды паказваць на практыцы… У той памятны год два маладыя спецыялісты — я і Юля Капуза — прыступілі да выканання сваіх абавязкаў. Скажу без перабольшвання: было цяжкавата далёка ад мамы з татам, без сябровак і родных. Хутка мне далі асобнае жыллё — трохпакаёвы домік. Стала зразумела: па вечарах адной у пакоях сумна.
— І хто ж выратаваў прыгожую дзяўчыну ад суму і адзіноты?
— Дзіма Залога з Івацэвічаў, які працаваў у Століне. Ён прыязджаў некалькі разоў да мяне ў Азяты, аднак хутка адчулі, што жыць па-асобку не можам. Лагічным канцом гэтых сустрэч стала наша вяселле ў 2008 годзе. У гэты ж год паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт на завочнае аддзяленне. Летась я, дзякуючы падтрымцы маіх бацькоў, якія аплачвалі вучобу, нарэшце атрымала доўгачаканы дыплом па спецыяльнасці эканаміста-бухгалтара. Зразумела, рыхтавацца да сесіі і сумяшчаць абавязкі жонкі і маці, трымаць дом у парадку, даглядаць дзіця складана, аднак маладосць на тое і даецца, каб пераадольваць усе цяжкасці і ўпэўнена крочыць да мэты!
— А як у сям’і адносяцца да тваёй прафесіі?
— Я бухгалтар і на рабоце, і дома. Муж грошы зарабляе, а жонка іх рацыянальна траціць (смяецца). Муж Дзмітрый прызвычаіўся, што размаўляю з ім мовай лічбаў, калі хачу яго ў нечым пераканаць, нават трохгадовы сынок Уладзік ахвотней паказвае ў кніжках лічбы, а не літары. Прафесія, зразумела, адбіваецца на характары: лічбы патрабуюць быць больш уважлівай, адказнай, сабранай. А мой любімы часта ўздыхае — маўляў, куды падзелася тая лёгкая на ўздым, шчабятуха-Людачка?!.. Два месяцы таму выйшла з дэкрэтнага адпачынку.
— Ці адчуваеш падтрымку калег?
— Я радая, што трапіла ў калектыў аднадумцаў. Каб было кепска, не засталася б на жабінкаўскай зямлі… Спецыялісты з вялікай літары Святлана Уладзіміраўна Кузьміч, Алена Мікалаеўна Яўчук, Наталля Уладзіміраўна Ермаковіч заўжды бяруць пад крыло-апеку маладых спецыялістаў, тлумачаць, уво-дзяць у курс спраў. Таму на работу заўжды іду з добрым настроем.
— А што яшчэ трэба табе для шчасця?
— Стала роднай жабінкаўскай зямля. Тут знайшла работу, атрымала дом, нарадзіўся сынок. Усе, дзякаваць Богу, здаровыя. Самае важнае — каб у маёй сям’і панавалі згода і спакой. Але, як гаворыцца, усё ў жаночых руках.
Гутарыла Святлана КІСЛАЯ.
На здымку: бухгалтар ПУАП “Азяты” Людміла Залога.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top