Папрацуеш да поту — паясі ў ахвоту

Папрацуеш да поту — паясі ў ахвоту

IMG_8192У ААТ “Жабінкаўскі” веснавыя палявыя работы ў самым разгары. З раніцы да ночы шчыруюць земляробы гаспадаркі, каб закончыць ворыва і сяўбу ў вызначаныя тэрміны.
Механізатар Мікалай Мікалаевіч Тарчыла на сваім МТЗ-82 быў заняты на падрыхтоўцы глебы, унясенні арганікі пад кукурузу. Яму, як высакакласнаму спецыялісту, давяраюць самую адказную работу. Зараз на апырсквальніку А-2800 уносіць пестыцыды, апрацоўвае пасевы азімага рапсу.
Андрэй Пятровіч Лісоўскі на “Расе” “падкарміў” 2000 га пасеваў азімых зерневых і рапсу і каля 400 га шматгадовых траў.
Абодва на Дошцы гонару за лепшыя вынікі на веснавых палявых работах на 3 красавіка бягучага года.
— Нашы перадавікі не толькі маральна, але і матэрыяльна заахвочваюцца, — расказвае галоўны аграном ААТ “Жабінкаўскі” Ганна Іванаўна Плытнік. — Распрацаваны новыя ўмовы аплаты працы: прадугледжаны даплаты за якасць і тэмпы работ, падвой-ная — за работу ў выхадныя і святочныя дні. Не апошнюю ролю адыгрывае і арганізацыя харчавання механізатараў. Каб не траціць упустую ніводнай хвілінкі ў час пасяўной, абедаюць земляробы прама ў полі — “без адрыву ад вытворчасці”.
Вадзіцель з 20-гадовым стажам Мікалай Мікалаевіч Кохан развозіць гарачыя абеды работнікам гаспадаркі другі год. Колькасць рэйсаў за дзень і “кропак” абслугоўвання залежыць ад ліку працуючых на розных “аб’ектах”. У сярэднім вадзіцелю трэба падвезці “харчы” ў 13-15 месцаў.
— Галодны чалавек думае пра ежу, а не пра работу. А падсілкуецца — і сілы з’яўляюцца, і настрой паляпшаецца. Не верыце, спытайце у Андрэя, — ківае галавой Мікалай Кохан у бок Андрэя Кузняца, які падыходзіць да машыны на абедзенны перапынак. Малады тракта-рыст — перадавік гаспадаркі, “Сельская праўда” пісала пра яго не раз. Зараз заняты падрыхтоўкай глебы пад цукровыя буракі ля вёскі Рачкі. Андрэй Кузнец, са смакам паядаючы на свежым паветры суп з макароннымі вырабамі, распавядае, што задаволены і памерам порцый, і разнастайнасцю меню. IMG_8209
За папаўненнем абедзенных порцый Мікалай Кохан едзе ў Пшанаі. Летась мясцовую лазню пераабсталявалі пад сталовую, каб сваімі сіламі забяспечваць харчаваннем работнікаў. Зараз там гаспадараць повары Галіна і Ніна Вашчыла. Маладыя жанчыны родам з Украіны, гатаваць умеюць і любяць, і не толькі свае нацыянальныя стравы. Аднолькава ўдаюцца ў іх і ўкраінскі боршч, і беларускія дранікі.
І смачныя стравы повараў, і цёплае сонечнае надвор’е садзейнічаюць працы земляробаў у ААТ “Жабінкаўскі”.
Наталля ВАЛОШКА.
На здымках: трактарыст М.М.Тарчыла; А.Кузнец абедае ў полі.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top