Untitled-13

Пашыраюць асартымент
і межы продажу

Для таго, каб пазнаёміць з навінкамі прадукцыі свайго прадпрыемства, спецыялісты аддзела маркетынгу камбікормавага завода ўдзельнічаюць у выставах-кірмашах. Нядаўна прадукцыя жабінкаўцаў была прадстаўлена ў сталіцы на выставе аматараў галубоў і дэкаратыўнай птушкі, а таксама на шоу пародзістых коней, дзе наведвальнікам прапаноўваліся пробнікі, а таксама рэкламная інфармацыя. А яшчэ таварыства пашырае сваю гандлёвую сетку: напрыканцы сакавіка ў горадзе Масты Гродзенскай вобласці адчыніў дзверы магазін “Камбікармы” жабінкаўскага прадпрыемства, які стаў для завода 47-ым па ліку. Мастаўчане атрымалі інфармацыю аб вытворцах, пазнаёміліся з асартыментам прадукцыі, якая выпускаецца, даведаліся аб правільным і рацыянальным кармленні хатніх жывёл.

“Без гэтага можна жыць”

пад такой назвай пракуратура Жабінкаўскага раёна ініцыявала правядзенне міжведамаснай прафілактычнай акцыі сярод школьнікаў і моладзі. Яе мэта — папярэдзіць правапарушэнні і злачынствы ў іх асяродку. Намечаны шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на фарміраванне ў моладзі высокай маралі, раскрыццё мастацкіх і іншых творчых здольнасцяў, прыцягненне ўвагі да сённяшніх сацыяльных праблем, а таксама да прапаганды здаровага ладу жыцця. Наркотыкі, алкаголь, курэнне, у тым ліку і спайсу (курыльных сумесяў), — далёка не бясшкодныя для арганізма чалавека, згубнасць іх уплыву адбіваецца на ўсім далейшым жыцці. Вось чаму так важна своечасова прынятае рашэнне: “Стоп! Без гэтага можна жыць”. Мяркуецца, што акцыя атрымае шырокі рэзананс. У пракуратуры раёна гатовыя выслухаць любыя прапановы па яе арганізацыі (тэл. 2-12-82).

Ёсць “лічба”. Камерцыйная

З 2 красавіка ў нашым раёне пачата вяшчанне камерцыйнага лічбавага тэлебачання пад гандлёвай маркай “Эфірная ZALA”. У пакеце паслуг 26 тэлевізійных праграм. Падключыцца можна ў сэрвісным цэнтры Жабінкаўскага РВЭС (тарыф — 36 тыс. рублёў). Абсталяванне на перыяд карыстання новай паслугай выдаецца бясплатна.

Паўстанцам 1794 года прысвячаецца

Напрыканцы сакавіка адзначаліся 220-ыя ўгодкі пачатку ў Польшчы, Беларусі і Літве нацыянальна-вызваленчага паўстання, узначаленага нашым земляком, генералам Тадэвушам Касцюшкам. З гэтай нагоды прыкметна пашырылася калекцыя Жабінкаўскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея ў в.Малыя Сяхновічы. Як расказаў ягоны дырэктар Сяргей Дзямідаў, з дапамогаю даўніх сяброў музея — прадстаўнікоў беларускага і польскага фондаў імя Т.Касцюшкі, прыдбаны карціны з выявай колішняй Маласяхновіцкай сядзібы роду Касцюшкаў-Сяхновіцкіх, вельмі ўдалы партрэт генерала паўстанцаў, папоўніўся кніжны фонд, набыты дыскі з паланезамі і маршамі часоў паўстання. Супрацоўнікі музея запрашаюць усіх, хто цікавіцца айчыннай гісторыяй, наведаць абноўленую музейную выставу.

У лідарах — Настассі і Яраславы

Як паведаміла начальнік аддзела загса Жабінкаўскага райвыканкама Галіна Аксюцік, за 1 квартал 2014 года ў Жабінцы і раёне нарадзілася 39 хлопчыкаў і 43 дзяўчынкі. Сярод дзявочых імёнаў, што давалі нованароджаным, лідзіруюць Настасся, Дар’я і Кацярына, хлопчыкаў найчасцей называлі Яраславамі, Арсеніямі і Максімамі. Рэдкія імёны — Сцепаніда, Леаніла, Меланія, Надар, Цімафей і Захар.
За тры месяцы бягучага года 94 чалавекі памерлі, што на аднаго менш, чым за адпаведны мінулагодні перыяд.
Зарэгістравана 26 шлюбаў (у мінулым годзе 42).

Заняткі з афіцэрамі запасу

Начальнік групы тэрытарыяльнай абароны Жабінкаўскага райваенкамата Яўген Бінецкі праінфармаваў, што згодна з планам тэрытарыяльнай абароны на бягучы год,  у сакавіку пад кіраўніцтвам службовых асоб РАУС і ваеннага камісарыята праводзіліся заняткі з афіцэрамі запасу. Пад час іх выконваліся мерапрыемствы ў забеспячэнні рэжыму ваеннага палажэння. Прайшла таксама вучоба з адміністрацыяй пункта прыёму мабілізацыйных рэсурсаў тэрытарыяльных войск.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top