У год, калі краіна адзначае знакавую дату — 70-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў — у другой гарадской школе шмат робіцца дзеля патрыятычнага выхавання. Нядаўна там праведзена агульнашкольная інфармацыйная гадзіна, прысвечаная Дню Хатыні, што адзначаецца ў памяць пра беларускія вёскі, спаленыя ў вайну акупантамі разам з усімі жыхарамі.
У другой гарадской школе пад кіраўніцтвам педагога-арганізатара А.Г.Вараб’ёвай сёлета распрацаваны шэраг лектарскіх выступленняў, аб’яднаных тэмай Вялікай Айчыннай вайны і вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Напярэдадні Дня Хатыні, што адзначаецца ў краіне, прайшло агульнашкольнае мерапрыемства, прысвечанае гэтай даце. Яно было ёмістым у часе і хвалю-ючым у сваім змесце, таму ў перапоўненай зале не засталося ніводнага абыякавага.
Расказ пра “вогненную вёску” падрыхтавалі вучні старэйшых класаў, што ўваходзяць у склад савета дружыны, якая носіць імя героя-касманаўта Германа Цітова. Увесь час гучалі галасы званоў Хатыні, што сталі выразным фонам мерапрыемства, дэманстраваліся слайды, прысвечаныя трагедыі і памяці аб ёй, а напрыканцы быў паказаны дакументальны фільм з песняй пра Хатынь. Спеў міжволі браў кожнага за душу, падкрэсліваў расказ пра суровую праўду аб трагічнай падзеі. Была пад-рыхтавана таксама выстава кніг, прысвечаных 70-годдзю вызвалення.
На прыкладзе кароткага жыцця 12-гадовага Шуркі Жалабковіча перад вачамі прысутных раскрываўся лёс знішчанага паселішча, дзе загінулі ў агні 196 жыхароў, 75 з іх —дзеці… Такі жудасны лёс напаткаў яшчэ 186 беларускіх вёсак, уганараваных у адзіных у свеце Могілках вёсак, размешчаных цяпер на Хатынскім мемарыяле.
Школьнікі даведаліся, як узнікла ідэя ўшанавання гэтага памятнага месца. Яна ўвасобілася ў жыццё роўна сорак пяць гадоў таму, улетку 1969-га. Упершыню ў свеце ў Беларусі была ўвасоблена ў камяні памяць не толькі асобных закатаваных мірных людзей, але ўсіх населеных пунктаў, разрабаваных і знішчаных. Наша ахвяра, гаварылі дзеці, мо адна з найбольш важкіх: зруйнавана 209 гарадоў і гарадскіх пасёлкаў, 9200 вёсак, загінулі 2 мільёны 230 тысяч чалавек…
Сярод знішчаных паселішчаў — і гэта найбольш для нас балюча — і цяпер кожны, хто наведае Хатынь, можа прачытаць назву вёскі Драмлёва, што стагоддзямі мірна жыла на Жабінкаўшчыне.
Маладыя лектары прыгадалі і лёс Іосіфа Камінскага, адзінага з хатынцаў, які цудам выратаваўся з ахопленага полымем і прашытага кулямі хлява. Нібыта самое неба спецыяльна зберагло сведку народнай трагедыі. На трыццаць гадоў ён перажыў сваю вёску і сына Адася, якога яшчэ жывога ўзняў на рукі і вынес з агню. Зараз хатынскі каваль увасоблены у бронзавым помніку. Ён навечна застаўся, каб з трывогай пазіраць на наведвальнікаў мемарыяла, нагадваць пра сваё бацькоўскае гора.
— Мала дзе ў свеце ёсць такая задумлівая, напружаная цішыня, як у Хатыні, — толькі шорах крокаў па бетонных сцежках, толькі глухія ўдары званоў, — у поўнай цішы асабліва выразна прагучалі словы з вуснаў сённяшніх юных жабінкаўцаў, а затым ў зале была абвешчана хвіліна маўчання, настолькі выразная. Яна, гэтая хвіліна, вельмі ярка характарызуе сучаснае пакаленне. Многія лічаць сённяшніх маладых людзей надта бесклапотнымі, аднак насамрэч большасць з іх здольныя суперажываць чужому болю, нават калі трагедыю аддзяляюць ад нас дзесяцігоддзі. Відаць, гэта галоўнае значэнне той гадзіны, што праведзена са школьнікамі, якія з дапамогай лектараў-аднагодкаў увесь гэты час заставаліся сам-насам з гісторыяй.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымках: у час мерапрыемства, прысвечанага Дню Хатыні, у СШ №2 г.Жабінка.
Фота Ірыны ЖУК.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
Оставить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.