«Завялося» смецце? Трэба прыбраць

«Завялося» смецце? Трэба прыбраць

Вядома, кожны з нас захапляецца паэтычнымі радкамі аб прыгажосці і непаўторнасці роднага краю. І гэта цудоўна, што мы жывем сярод векавых дрэў, наталяемся водарам кветак і разнатраўя, адпачываем ля люстраных рэк і вадаёмаў, зачароўваемся спевам птушак. Астраўкі ўзорнай чысціні, утульнасці ёсць і на жабінкаўскай зямлі. Канечне, іх большасць.
Маніторынг, праведзены ў канцы сакавіка санітарнай службай раёна сумесна з прадстаўнікамі аператыўнай групы райвыканкама, якая створана для кантролю за парадкам на зямлі, выявіў нямала засмечаных месцаў там, дзе жывем і працуем, хоць камунальная служба ажыццяўляе своечасовы збор і вываз адходаў для захавання іх на палігонах, займаецца раздзельным зборам другасных матэрыяльных рэсурсаў, а за прадпрыемствамі, арганізацыямі, установамі замацаваны месцы агульнага карыстання для добраўпарадкавання і падтрымання іх ва ўзорным стане.
Найперш мы заўсёды правяраем гаражныя масівы, кантэйнерныя пляцоўкі і палігоны для цвёрдых бытавых і камунальных адходаў, якія, дарэчы, ёсць на тэрыторыі кожнага сельскага Савета і ў гарадской зоне. Адходы на міні-палігонах у Падлессі і Хмелеве складзіруюцца з парушэннем правілаў, відаць, з-за таго, што шыльда з пералікам іх тут наогул адсутнічае, а прылеглая тэрыторыя засмечана. Не вызначаны межы міні-палігона ў Сцяпанках, неабходна яго абвалоўка і расчыстка ад расліннасці.
Як заўсёды “расаднікамі” смецця сёлетняй вясной з’яўляюцца гаражныя масівы на вуліцах ХХІІ з’езда КПСС (тэрыторыя не добраўпарадкавана), Камарова, Чкалава, Заводская (прыбраць смецце, абсталяваць кантэйнерныя пляцоўкі, устанавіць кантэйнеры з накрыўкамі). Засмечанасць і ля гаражоў на вуліцы Кароткіна.
Кантэйнеры, дзе яны ўстаноўлены, павінны быць прамаркіраваныя і пафарбаваныя. На жаль, не ўсюды гэта зроблена яшчэ як у горадзе, так і ў весках.
Асобна хачу сказаць пра стан аўтобусных прыпынкаў. Ёсць парасткі неахайнасці і на гарадскім прыпынку на вуліцы Палявая. Неабходна добраўпарадкаваць іх у Хмелеве, Падлессі, Дзяменічах, найперш адрамантаваць і пафарбаваць лаўкі, урны, стрэшкі. У апошняй вёсцы прыпынак засмечаны.
Працягваючы гаворку пра засмечанасць тэрыторый, скажу, што такое мы ўбачылі ў лясах вакол Здзітава, на ўездзе ў Сцяпанкі, у Арэпічах ля шматкватэрных дамоў і зонах адпачынку ля вадаёмаў у Здзітаве, Булькове, на возеры Візжар. Ёсць несанкцыянаваныя смеццезвалкі на тэрыторыях Гарэлак, Вярхоў, Мацеевічаў і Сцяпанак.
Не ўсе пагосты ўтрымліваюцца ў належным санітарным стане: адсутнічаюць сметніцы, а таму рытуальныя прыналежнасці  звальваюцца валам. Нагадаю, што паводле рашэння райвыканкама ад 21 лютага 2014 года КУШВП ЖКГ “Жабінкаўская ЖКГ” павінна забяспечыць усе пагосты кантэйнерамі для збору смецця. На Крыўлянскіх могілках наогул не абсталявана пляцоўка для смецця, дый агароджу наспела пара адрамантаваць. Абнавіць плот трэба і на пагосце ў Саках, а яшчэ выкарчаваць тут зараснікі хмызняку. Засмечана прылеглая тэрыторыя могілак у Мацеевічах.
Не ўпрыгожваюць нашы вёскі сваім знешнім выглядам і тэрыторыямі асобныя сельскія магазіны: звалкі смецця ля іх у Мацеевічах і Вярхах; неахайны выгляд фасадаў гандлёвых будынкаў у Дзяменічах, Падлессі, Глыбокім; паламаныя платы ля Вярхоўскай і Падлескай крамаў. Дапаўняюць такую “прыгажосць” разламаныя платы, зараснікі пустазелля на запусцелых сядзібах у Падлессі, Дзяменічах, Крыўлянах і Арэпічах.
Хто бывае ў Жабінцы, заўсёды адзначаюць утульнасць яе вуліц, прыдамовых тэрыторый, парку і сквераў. Аднак усе мы добра ведаем месца пад назваю “шанхай”, якое псуе наваколлі горада. Страшнае папялішча не прыбрана, некаторыя будыніны не выкарыстоўваюцца, а толькі папаўняюцца бытавымі адходамі. Словам, паўнейшая безгаспадарчасць і засмечанасць, якую ўрэшце рэшт трэба ліквідаваць. Дарэчы, на адным з пасяджэнняў райвыканкама было прынята рашэнне аб добраўпарадкаванні зоны ці ачышчэнні яе ад гаспадарчых пабудоў. Зрабіць гэта трэба было да канца сакавіка жыллёва-камунальнай гаспадарцы сумесна з ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод”. І ў красавіку жыллёва-камунальнай гаспадаркай работы распачынаюцца.
Каб стала чыста там, дзе смецце ўжо “завялося”, яго, вядома, трэба прыбраць. Аднак правільней яго не кідаць дзе папала. Прывіваць навыкі чысціні і парадку трэба з дзяцінства. Калі бацькі і выхавальнікі не заўважаюць кінутую дзіцем абгортку ад цукеркі, то, калі яно стане дарослым, без усялякага сумлення зможа вывезці на лясную паляну кучу смецця. Давайце ўсе разам захоўваць чысціню, парадак і паважаць агульную працу.

3

Магазін в.Арэпічы

 

 

 

2

 

 

Гаражны масіў на вул.Завадская

 

 

 

1

 

Гаражны масіў на вул.Камарова

 

Надзея ШОСЦІК, галоўны санітарны ўрач раёна.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top