Проблемы торговли и не только

Проблемы торговли и не только

Праблемы гандлю? Не толькі
Штодня кожны з нас становіцца пакупніком, а пагэтаму клапоціцца, каб мець на стале не толькі смачную, але й якасную ежу. Таму зразумела, якой вострай і непрадузятай атрымалася напрыканцы ліпеня гутарка, прысвечаная неадкладным мерам для забеспячэння надзейнасці пры вытворчасці і рэалізацыі харчовых прадуктаў. На нараду, якую вяла намеснік старшыні райвыканкама А.С.Ануфрыюк, былі запрошаны каля 30 кіраўнікоў і адказных асоб.
Дадзеныя, прыведзеныя галоўным санітарным урачом раёна У.Х.Лапусам, уражваюць і выклікаюць занепакоенасць.
Нядаўна праводзіўся маніторынг гандлёвых аб’ектаў. І што прыкра, ва ўсіх дзесяці кропках, якія правяраліся і выяўлены парушэнні. Найчасцей прадаваліся пратэрмінаваныя прадукты. Слаёнае дражджавое цеста, слойкі з павідлам, сырам, мясам, якія прыйшлі ў непрыгоднасць яшчэ… у маі, здаецца, і блізка не павінны знаходзіцца на прылаўках. Аднак яны ўсё яшчэ “чакалі” свайго пакупніка ў ПГУП “Элдаг Прадукт”, што знаходзіцца ў Жабінцы па вуліцы Леніна. Не было таксама дакументаў, якія пацвярджаюць якасць сырой мясной прадукцыі. Калода для апрацоўкі мяса была ўся ў трэшчынах, а гэта зусім не адпавядае санітарным правілам і гігіенічнымі нормам. У выніку забаранілі рэалізацыю звыш двух кілаграмаў харчовых прадуктаў, а дырэктар прадпрыемства аштрафавана на 350 тысяч рублёў.
Ёсць у Жабінцы на вуліцы Калініна таксама магазін з прывабнай назвай “Гурман”. Аднак не заўсёды за такой шыльдай знойдзеш якасны тавар. Зусім невыпадкова дырэктар ПГУП “Дзіўс”, якому належыць гэты магазін, атрымаў штраф у 10 базавых велічыняў. Глядзіце самі: і адзежа, і посуд захоўваліся ў… прыбіральні, каналізацыя ў мыечнай ванне была сапсаваная, нясвоечасова праводзілася генеральная ўборка, таму і на складзе, і ў туалеце завялося павуцінне. Яшчэ больш непакоіць, што сырыя яйкі фасуюцца ў аддзеле гатовай прадукцыі і не маюць пасведчання ад ветэрынарнай службы. (Міжвольна прыгадаеш, што за першае паўгоддзе 2010 года на Жабінкаўшчыне 14 чалавек захварэла на сальманелёз, а гэта ў параўнанні з леташнімі паказчыкамі за адпаведны тэрмін больш чым у 7 разоў!).
Наведалі і вясковыя магазіны, якія належаць Жабінкаўскаму спажывецкаму таварыству. Паўсюдна аднолькавыя праблемы: тэрыторыі вакол гандлёвых кропак не добраўпарадкаваныя, а сметнікавыя кантэйнеры не абгароджаны. У Сцяпанках у дзень праверкі гандлявалі пяльменямі, іншымі пратэрмінаванымі прадуктамі. А ў Крыўлянах да таго ж назіралася недаравальнае “суседства”: яйкі захоўваліся ў аддзеле гатовай прадукцыі, марожанае — побач з сырымі паўфабрыкатамі, а напоі — проста на падлозе. Зразумела, загадчыцы абодвух магазінаў панеслі пакаранне, сапсаваныя прадукты прыбраныя з прылаўкаў. Аднак хочацца спытацца, ці варта чакаць такіх радыкальных мер?
Маніторынг выявіў праблему: на аб’ектах спажывецкага таварыства не адпрацавана сістэма ўнутранага ведамаснага кантролю. Каб адказныя асобы часцей наведвалі гандлёвыя кропкі і правяралі ўсё, пачынаючы з дакументацыі і да санітарнага стану памяшканняў, вынікі не былі б такімі адмоўнымі. Парушэнні не столькі фінансава абядняюць гандляроў (у раёне сотня гандлёвых аб’ектаў, і кантралёра ля кожнага з іх не паставіш), колькі шкодзяць нашаму здароўю і могуць стаць прычынай сур’ёзных вострых кішэчных інфекцый. Загадчыкі правераных 4 вясковых магазінаў нават не здагадваюцца аб праграмах вытворчага лабараторнага кантролю і не ведаюць аб плане прафілактыкі ВКІ.
Кожны пакупнік хоць аднойчы сутыкаўся з такой сітуацыяй: прыйшоў у магазін, а ён зачынены на санітарны дзень. А між тым адміністрацыя павінна праводзіць сандні не радзей, чым раз у месяц, загадзя папярэджваючы пра тое наведвальнікаў.
— Я хачу падкрэсліць, — гаварыў У.Х.Лапус, — што санітарныя дні нельга праводзіць фармальна, тады і не будзе месца павуціне, пылу, забруджаным плафонам. Спецыялістамі, што бралі пробы, быў выяўлены, напрыклад, патагенны стафілакок нават у санаторыі “Буг”. Такі вось вынік “дэзінфекцыі” і “прафілактыкі” вострых кішэчных інфекцый…
Праблема з праблем забяспечанасць кадрамі гандлёвых устаноў. Работнікі здараецца мяняюцца штомесяц. Непрэстыжнасць прафесіі прыводзіць да таго, што прадаўцоў не хапае, многія магазіны з гэтай прычыны зачыненыя, за прылаўкам аказваюцца выпадковыя людзі. Каму ад гэтага добра? Ва ўсялякім разе не пакупніку…
А.БЕРАСТОК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top