Утульны і прыгожы мікрараён цукровага завода папоўніць чарговы шматкватэрны дом. З-за абнесенай высокім плотам новабудоўлі даносяцца “майна”, “віра”, пастукванне кельмаў, лязгат пад’ёмнага крана. Жыхары назіраюць, як аператыўна працуюць муляры, як хутка ўзводзяцца сцены ўжо трэцяга паверха, а навасёлы гадаюць, на які бок будуць выходзіць вокны іх кватэр.
— У мікрараёне цукровага завода пачалося будаўніцтва ЖБСК-25, — каменціруе дырэктар даччынага камунальнага ўнітарнага прадпрыемства капітальнага будаўніцтва “УКБ Жабінкаўскага раёна” Галіна Канстанцінаўна Саўчук. — Наша арганізацыя з’яўляецца забудоўшчыкам, а выконвае работы ПМК-10. Адкрыта крэдытная лінія, фінансаванне пяціпавярхоўкі ідзе без збояў, таму, спадзяемся, ужо ў снежні навасёлы атрымаюць ключы ад кватэр. У гэтым доме будзе 10 адна-, 21 двух- і 9 трохпакаёвых кватэр, па дзве кватэры на пляцоўцы. Праект прадаставіў інстытут “Брэстжылпраект”. На мой погляд, планіроўка жылля даволі зручная. Якасць работ кантралюецца правяраючымі органамі, выконваюцца ўсе нарматывы.
А хто ж паселіцца ў новым, з белай цэглы доме? На гэтае пытанне адказ дае намеснік старшыні райвыканкама А.В.Шалтанюк:
— У асноўным тут будуць жыць сем’і цукравараў, у 4 кватэрах — шматдзетныя. Каб атрымаць ключы, прыйдзецца значна раскашэліцца: напрыклад, згодна з папярэднімі разлікамі, сям’я з чатырох чалавек павінна ўнесці каля 200 мільёнаў уласных сродкаў за трохпакаёвую кватэру (кошт яе — 634 мільёны рублёў). Аднак не ўсе здольныя ўнесці за час будаўніцтва такія грошы, таму прапаноўвалася ўступаць у кааператыў жадаючым палепшыць свае жыллёвыя ўмовы з агульнай чаргі, створанай у райвыканкаме. Астатняя сума крэдытуецца банкам. Не кожны зможа аднамаментна сабраць такую суму… Самая танная — аднапакаёвая кватэра ў гэтым доме каштуе прыблізна 315 мільёнаў рублёў. Дарэчы, гэта, апошні жыллёва-будаўнічы спажывецкі кааператыў у горадзе.
У майстра Андрэя Северанюка будаўніцтва гэтага 40-кватэрнага дома — сёмы па ліку такі аб’ект.
Радуе яго, што даводзіцца працаваць з камандай высакакласных спецыялістаў. Такім “асам”, як Сяргей Алешка, Міхаіл Марцінкевіч, Аляксандр Актысюк, Васіль Баярчук, Васіль Кавалевіч, Алег Глазкоў вопыту не займаць. Пакуль задзейнічаны 22 бетоншчыкі і муляры. Хутка на ніжнім паверсе з’явяцца тынкоўшчыкі і сантэхнікі. Двухскатны дах плануецца пакрыць металачарапіцай. Каб зручна было жыльцам, пабудуюць аўтастаянку і гульнёвую пляцоўку для дзяцей. Дарэчы, гэта першы дом у раёне, блочныя сцены якога будуць уцеплены звонку мінеральнай ватай. А самі жыхары змогуць распачаць ацяпляльны сезон самастойна, дзякуючы ўстаноўцы газавых катлоў у кожнай кватэры.
…Назіраю, як спорна і ўвішна працуюць прадстаўнікі самай мірнай прафесіі на зямлі. Яны здзяйсняюць нечыя мары. Галоўнае, каб у гэтых кватэрах пасяліліся радасць, вера ў будучае, спакой і дзіцячы смех.
Святлана КІСЛАЯ.
На здымку: на будоўлі ЖБСК-25 занятыя муляры Міхаіл Марцінкевіч, Аляксандр Лойка і Сяргей Алешка.
Фота аўтара.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
Оставить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.