Ах, гэты кніжны Тыдзень!

Ах, гэты кніжны Тыдзень!

IMG_8012 IMG_7987

 

 

 

 

 

 

 

 

 

У Жабінкаўскай раённай дзіцячай бібліятэцы праведзены розныя мерапрыемствы ў рамках Тыдня дзіцячай і юнацкай кнігі пад дэвізам “Кожны дзень у гасцях у кніжак”. Для дзяцей былі арганізаваны сустрэчы з новымі выданнямі, цікавыя конкурсы і гульні.
Запамінальным стаў дзень праваслаўнай кнігі. Да яго ў чытальнай зале была аформлена выстава “Нязгаснае святло праваслаўнай кнігі”. Шасцікласнікі першай гарадской школы з расказаў супрацоўнікаў бібліятэкі даведаліся пра яе значэнне, пра жыццё і дзейнасць першадрукара дыякана Івана Фёдарава і яго пісанняў, пра яго паходжанне, гістарычныя падзеі таго часу. Дэманстраваліся ўрыўкі з фільмаў “Першадрукар Іван Фёдараў” і “Праваслаўная азбука — пасланне продкаў”.
Клірык Свята-Пакроўскага храма Жабінкі святар Андрэй Петрусевіч, які быў госцем дня, паразважаў пра карысць чытання для кожнага чалавека і заўважыў, што кнігі маюць перавагу над тэлебачаннем, інтэрнэтам і іншымі інфармацыйнымі тэхналогіямі ХХІ стагоддзя.
Чацвёртакласнікі трэцяй гарадской школы пабывалі на экалагічнай гадзіне “Прыродзе ўрачысты гімн”, прысвечанай 120-годдзю Віталя Біянкі. На ёй дзеці даведаліся пра жыццёвы і творчы шлях пісьменніка, пра творы, якія вядомыя ўсім з дзяцінства “Лясная газета”, “Чый нос лепшы?”, паслухалі з задавальненнем казкі “Хто чым спявае”, “Хвасты”, паўдзельнічалі ў гульні “Лятае, не лятае”. Аматары твораў Біянкі адгадвалі загадкі аб лясных жыхарах. Затым вядучая бібліятэкар Наталля Бельская прапанавала гасцям пачытаць не менш цікавыя кніжкі аб прыродзе вядомых пісьменнікаў У.Ягоўдзіка, Я.Чарушына, Г.Скрыбіцкага, М.Прышвіна, серыю “Маленькі прафесар”, якая выйшла ў выдавецтве “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”.
Не менш цікавым быў дзень кніжных навінаў, які ўключыў у сябе не толькі гутаркі пра новыя выданні на паліцах, але і агляды выстаў “Абрус-самабор”, “Кніжны гід”, “Парад новых кніг”, “Сыны беларускай зямлі” (да 90-годдзя з дня нараджэння Васіля Быкава), выстава-панарама на аконным шкле “Экалагічная кругасветка”. Падарожжы правялі бібліятэкары Н.Бельская і Т.Прадзялюк.
Тыдзень завяршыўся днём літаратуры “Свята для тых, хто любіць кнігу”. Гасцямі яго былі юныя чытачы, іх матулі і бабулі. На тэатралізаванае відовішча завітала Фея і Лісіца-Сястрыца (бібліятэкары Т.Прадзялюк і М.Кавыліна), якія прапанавалі дзецям шмат конкурсаў і гульняў (“Можна, нельга”, “Слабае звяно”, “Ці ведаеш ты казкі”, “Адгадай, хто гэта”, “Бюро знаходак”). Калі Лісіца хацела заблытаць дзяцей, расказваючы казку “Чырвоная Шапачка”, яны паказалі, што вельмі добра ведаюць гэты твор. Усім спадабалася “Салодкая віктарына”, у якой дзеці за правільны адказ частаваліся цукеркамі.
Задаволеныя разышліся дадому з падарункамі (кнігамі), каб на наступны год яшчэ больш чытаць.
Кожны дзень тыдня, спадзяюся, прынёс радасць сустрэчы з кнігай і друкаваным словам. Нішто не здольнае замяніць юнаму чытачу спакуслівае перагортванне старонак, якія адкрываюць дзверы па-знання свету праз прыгажосць слова.
Галіна ХАНДРЫКА, намеснік дырэктара Жабінкаўскай ЦБС  па рабоце з дзецьмі.
На здымках: у госці да дзяцей у чытальную залу бібліятэкі завіталі
 казачныя героі Фея і Ліса-сястрыца. Яны правялі тэатралізаванае відовішча.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top