Два “хрышчэнні” Вікторыі

Два “хрышчэнні” Вікторыі

IMG_5824Звычайна дзяўчаты пры выбары прафесіі аддаюць перавагу “жаночым” спецыяльнасцям.  Аднак Вікторыя Мітрыкава — бойкая і актыўная — не бачыла сябе ні настаўніцай, ні поварам, ні швачкай. Ёй заўсёды падабаліся людзі ў форме: ваеннай, міліцэйскай, чыгуначнікаў. І ёй заўжды хацелася каго-небудзь ратаваць: сяброў, у якіх здарыліся непрыемнасці, жывёл, што трапілі ў небяспеку. Дапамагла Вікторыі вызначыцца з будучай прафесіяй былы класны кіраўнік Любоў Кузьмінічна Кузьміч: яна параіла дзяўчыне звязаць сваё жыццё з выратавальнай службай.
Зараз Вікторыя Юр’еўна Мітрыкава — інспектар дзяржаўнага пажарнага нагляду ў Жабінкаўскім раённым аддзеле надзвычайных сітуацый.
— Вікторыя, раскажыце пра сябе. Адкуль вытокі такога “мужчынскага” характару?  
— Нарадзілася ў 1992 годзе ў горадзе Луга Ленінградскай вобласці Расійскай Федэрацыі. Мы з сястрой рана страцілі бацькоў: спачатку не стала таты, а ў 2004-м і мамы. Мяне забраў у Жабінку мамін родны брат, сястра засталася ў сям’і татавага брата. Так я апынулася ў Беларусі, якую лічу другой радзімай. У дзяцінстве мне больш падабалася сябраваць з хлопчыкамі, гуляць у “хлапечыя” гульні, адтуль, напэўна, мае “байцоўскія” якасці. Пасля заканчэння другой жабінкаўскай адзінаццацігодкі паступіла ў Камандна-інжынерны інстытут Міністэрства надзвычайных сітуацый Рэспублікі Беларусь.
— Не расчараваліся ў абранай спецыяльнасці?
— Абсалютна не. Вучыцца было вельмі цікава. На курсе навучалася 150 чалавек, з іх толькі 11 дзяўчат. Калі прыйшла працаваць, спачатку было страшна: вопыту няма, з чаго пачынаць? Аднак у калектыве мяне прынялі цёпла. Вельмі ўдзячна свайму настаўніку Андрэю Віктаравічу Харламянкову, начальніку інспекцыі нагляду і прафілактыкі райаддзела надзвычайных сітуацый, і старшаму інспектару інспекцыі нагляду і прафілактыкі Рыгору Аляксандравічу Рашанку, якія цярпліва дапамагалі мне асвойваць азы прафесіі на практыцы.
— Што ўваходзіць у вашы абавязкі?
—  Я ажыццяўляю дзяржаўны пажарны нагляд за выкананнем патрабаванняў заканадаўства Рэспублікі Беларусь у пажарнай бяспецы. Выдаю акты, прадпісанні на ліквідацыю парушэнняў тэхнічных нарматыўных прававых актаў сістэмы супрацьпажарнага нарміравання і стандартызацыі. Праводжу аналіз супрацьпажарнага стану замацаваных аб’ектаў і населеных пунктаў. Я павінна ведаць усе дзейсныя нарматыўныя і іншыя дакументы, не толькі ў пажарнай бяспецы, але і шматлікія палажэнні будаўнічых нормаў і правілаў, сачыць за зменамі ў нагляднай дзейнасці, у нормавытворчасці. З кожным годам быць у курсе ўсяго становіцца ўсё складаней, бо колькасць дакументаў павялічваецца.
— Асноўнае правіла вашага жыцця?
— Я актыўны чалавек, сядзець без працы не магу. Жыву паводле правіла “пад ляжачы камень вада не цячэ”. Высвятляю, у каго вогнетушыцеляў не хапае, хто не ўстанавіў пажарную сігналізацыю. Мая прафесія патрабуе быць яшчэ і псіхолагам, неабходна спасцігаць навуку чалавечых зносін, бо ў сваёй дзейнасці даводзіцца сутыкацца з рознымі людзьмі, вельмі важна знайсці да кожнага з іх правільны падыход, карэктна і ясна сфармуляваць пытанне, у патрэбны час падысці з прапановамі. Напрыклад, аднаму кіраўніку дастаткова зрабіць папярэджанне, а іншаму пажадана адразу выпісаць штраф, у адваротным выпадку на прадпрыемстве не пазбегнуць сур’ёзных парушэнняў пажарнай бяспекі. Імкнуся з кожным пагутарыць аб праблемах, падказаць  шляхі іх вырашэння.
— Як адносяцца калегі-мужчыны да жанчыны ў пагонах?
— Ведаеце, яшчэ пад час вучобы выкладчыкі тлумачылі нам: “Забудзьце, што вы дзяўчаты, тут вы таварышы. Вы маеце такія ж правы і абавязкі, як і хлопцы”. Калегі мужчынскага полу адносяцца да мяне, як да роўнай. Можа, крыху больш лаяльна ў сувязі з тым, што я малады спецыяліст. А тое, што я прадстаўніца слабага полу, не дае мне льгот і пераваг.
— Вікторыя, узгадайце, калі ласка, цікавыя выпадкі з працоўнай практыкі.
— Запамінальным быў месяц стажыроўкі ў жніўні мінулага года. Мяне бралі з сабой на пажары. Памятаю, гарэлі “шанхаі” ў мікрараёне цукровага завода. Пасля таго, як іх патушылі, мяне аблілі з галавы да ног вадой — традыцыя такая: “водным хрышчэннем” прымаць навічкоў у пажарныя. У верасні мяне назначылі на пасаду інспектара дзяржаўнага пажарнага нагляду і дапусцілі да самастойнай працы. І вось тыдзень першага дзяжурства ў складзе аператыўнай групы. За пяць дзён адбылося шэсць пажараў, самым страшным з якіх мне падаўся ў Дзяменічах. Потым калегі казалі, што гэта было так званае “баявое хрышчэнне”.
— Памятаеце, гарэў вагон-рэстаран у цягніку Брэст – Масква. Вы прымалі ўдзел у тушэнні?
— Так, гэта было маё дзяжурства. Наша аператыўная група прыехала на месца здарэння, а там ахоплены агнём вагон. Дзякуй Богу, абышлося без людскіх ахвяраў. Я праводзіла дазнанне, фатаграфавала, апытвала сведкаў, сазвоньвалася з цэнтрам аператыўнага ўпраўлення. Потым рыхтавала справу. Зараз адчуваю сябе больш упэўнена, чым паўгода назад.
— Як адносіцца ваш малады чалавек да вашай работы? Гэта ж дзяжурствы, рызыка, пастаянная баявая гатоўнасць…
— Ніяк, таму што яго няма. Бачу, вы здзіўлены: маладая, прывабная жанчына працуе сярод столькіх мужчын, а пакуль адна. Так склалася. Напэўна, не кожны хацеў бы мець жонку лейтэнанта-“атамана ў спадніцы”. Пабойваюцца (смяецца), бо існуе меркаванне, што жанчына ў форме строгая, патрабавальная, непадступная. А вельмі хочацца простага жаночага шчасця: сям’ю, дзяцей, уласны дом.
— Я вам гэтага ад усёй душы жадаю. Дзякуй за размову!
Гутарыла Наталля  АЛЯКСЕЙЧЫК.
На здымку: інспектар дзяржаўнага пажарнага нагляду В.Ю.Мітрыкава.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top