Ігра без права на дубль

Ігра без права на дубль

IMG_1946Мінулы год, як лічыць сам Герасевіч — вядучы акцёр Брэсцкага абласнога тэатра лялек, быў для яго двойчы юбілейным. Івану Пракопавічу споўнілася 70 гадоў, яму было прысвоена званне заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь. Адразу скажам, такой высокай пашаны дабіваліся нямногія акцёры-лялькаводы, а з нараджэнцаў Жабінкаўскага раёна ён — першы!
Згадваецца далёкае дзяцінства, калі разам бегалі ў Ракітніцу ў школу, бо абодва нарадзіліся ў Стрыганцы. Хлопцу жылося нялёгка: бацька не вярнуўся з вайны, а маці — інвалід па зроку.
Пасля дзявятага класа Іван кінуў вучобу і стаў працаваць трактарыстам у калгасе. Ніхто з нас тады не здагадваўся, якая мара са школьнай пары жыве ў душы хлопца.
А было так: старшыня калгаса імя Свярдлова Васіль Гойнаш запрасіў у сваю гаспадарку Мінскі тэатр лялек, які гастраляваў у Брэсцкай вобласці. Спектакль паказвалі ў Ракітніцы прама на вуліцы. Усіх уразіла пастаноўка, а Іван Герасевіч цвёрда вырашыў: вырасту — і буду вадзіць лялькі не горш, чым гэтыя сталічныя артысты!
Тая запаветная мара прымусіла хлопца закончыць вячэрнюю школу, завочнае аддзяленне Маскоўскага народнага ўніверсітэта (факультэт кіраўніка самадзейнага тэатральнага калектыву), пастаянна браць удзел у пастаноўках на вясковай, а пасля і гарадской сцэне. Значна пазней вучыўся ў Мінску ў тэатральна-мастацкай акадэміі па спецыяльнасці акцёр-лялькавод. Хоць ужо сам Іван Пракопавіч мог каго заўгодна навучыць, як трэба вадзіць ляльку, каб яна “ажыла”.
…Пасля працы ў Жабінкаўскім раёне Іван перабіраецца ў Брэст, уладкоўваецца бульдазерыстам у камбінаце па добраўпарадкаванні. Аднойчы ўбачыў аб’яву аб запрашэнні юнакоў і дзяўчат у лялечную трупу Брэсцкага драматычнага тэатра. Зайшоў, прачытаў верш, байку, урывак прозы — і быў залічаны ў трупу.
У жніўні 1965 года лялечнікі выехалі на гастролі па вобласці з “Казкай пра сярэбраны сподачак і наліўны яблычак”. Хаця Іван на той час не меў сваёй ролі, яго ўзялі з сабою, каб дапамагаў устанаўліваць дэкарацыі, каб вучыўся вадзіць ляльку.
Першы горад, дзе паказвалі спектакль, быў Давыд-Гарадок. Ролю Вадзяніка выконваў сам рэжысёр Аляксандр Сярогін. Іван Герасевіч вывучыў Вадзяніковы словы на зубок і ўжо ў першым падарожжы часам падмяняў рэжысёра. Той, назіраючы за ігрой хлопца, падбадзёрваў яго. Іван жа марыў пра сваю ролю, якую давераць яму, як зараз іншым артыстам.
Пасля Давыд-Гарадка быў Столін, потым пераехалі ў Лунінец, адтуль — у Пінск. У дарозе былі звыш паўтара месяца. Адпачылі крыху — і новыя гастролі. Цяпер — у Гродзенскую вобласць.
Калі сустрэў Герасевіч выхавальніцу дзіцячага сада Алу і сур’ёзна падумаў пра жаніцьбу, то прапанаваў дзяўчыне стаць таксама артысткай лялечнага тэатра. Да нараджэння дачкі Люды, муж з жонкай выступалі разам. Пазней, праўда, Ала вярнулася ў дзіцячы садзік.
— Як захварэеш тэатрам, дык на ўсё жыццё! — лічыць Іван Пракопавіч. — Калі бачыш, як загараюцца і свецяцца дзіцячыя вачаняты, як яны суперажываюць разам з героямі, дык не можаш не апраўдаць іх даверу. Артыст-лялячнік, канечне, жадае, каб даўжэй жыла з імі казка. А гады ідуць. Ужо ўнучка мая Ліза — студэнтка Брэсцкага дзяржуніверсітэта імя А.С.Пушкіна. Яна ў захапленні ад таго, чым я займаюся. Раней прыводзіў яе на дзіцячыя спектаклі, а цяпер прыходзіць на пастаноўкі для дарослых.
Дададзім, што Іван Герасевіч, як была маленькая дачка, вымушаны быў мяняць работу. Ён крыху папрацаваў памочнікам рэжысёра Брэсцкай студыі тэлебачання, затым — наладчыкам на электралямпавым заводзе. Але нядоўга. Сумаваў па тэатры, там ён быў па-сапраўднаму шчаслівы.
За ўвесь час сыграны сотні роляў, нават у адным спектаклі ў Івана Пракопавіча іх дзве ці тры. Неяк галоўны рэжысёр Брэсцкага тэатра лялек Дзмітрый Нуянзін сказаў пра Івана Пракопавіча так:
— Кожны рэжысёр марыць пра ідэальнага акцёра. Адзін са складнікоў — надзейнасць, а Іван Герасевіч — з надзейнейшых. Вось ён у спектаклі з лялькай у руках, а сам, адчуваеш, адказны не толькі за сваю ролю, але і за тое, наколькі ўдасца ў той дзень пастаноўка. На ім, як на стрыжні, трымаецца ўвесь спектакль.
А артыстка Тамара Тэвасян, з якой Герасевічу выпала працаваць на сцэне звыш чвэрці веку, дадала:
— Ён — Майстар! Калі Іван бярэ ў рукі ляльку, яна ў яго імгненна ажывае. Дзеці любяць ягоных герояў, нават адмоўных…
Ёсць яшчэ адно захапленне, пра якое Іван Пракопавіч любіць успамінаць. Ён зняўся ў 14 кінафільмах. Першая роля нямецкага афіцэра ў кінастужцы “Сын камандзіра”, якая здымалася ў Брэсцкай крэпасці. Роля кароценькая: Івану трэба было сказаць толькі адну фразу па-нямецку. Рэжысёр Барыс Гарошка, калі ўбачыў Герасевіча, радасна ўсклікнуў:
— Гэта ж выліты нямецкі афіцэр! Яго і грыміраваць не трэба — толькі надзень каску ды мундзір…
Пасля былі запрашэнні з кінастудый “Беларусьфільм”, “Ленфільм”, з кіеўскай імя Даўжэнкі, і нават аднойчы “засвяціўся” на “Масфільме”. Але гэта былі часцей за ўсё невялічкія, эпізадычныя ролі. Бадай, самую значную — здрадніка Радзько — ён сыграў у двухсерыйным фільме Валерыя Рыбарава “Сведка”, знятага па аповесці Віктара Казько “Суд у Слабадзе”.
— Усе запрашэнні былі ў, так званы, савецкі час, — расказваў Герасевіч. — Зараз і тэатральныя акцёры не заўжды могуць атрымаць ролю. Работа ў кіно цікавая, мабілізуе артыста, патрабуе сабранасці, каб мог вытрымаць не адзін ці два, а пяць і болей дубляў, перш чым будзе задаволены рэжысёр… Не скажу, што і тады прапаноў было надта многа. Ад некаторых адмаўляўся, калі здымкі былі ў шкоду для спектакля ў тэатры. А я да яго бы прырос. Тут не скажаш: “Стоп: дубль другі!” На сцэне ўсё адзін раз, і трэба зрабіць так, каб спадабацца гледачу…
Глыбінная любоў Івана Пракопавіча Герасевіча да тэатра і дзяцей была заўважана і ацэнена. Апроч Ганаровых грамат, ён лаўрэат прэміі “Берасцейская зорка”, атрымаў ганаровы знак Міністэрства культуры рэспублікі “За ўклад у развіццё культуры Беларусі” і, нарэшце, стаў заслужаным артыстам.
У наступным годзе ў нашага земляка яшчэ адзін юбілей: споўніцца паўвеку з таго дня, калі Іван Пракопавіч прыйшоў у лялечны тэатр і выканаў першую ролю.
Пяцьдзясят гадоў літаральна дзень у дзень на сцэне. Акцёр працуе без права на памылку, без права на дубль, а таму пастаянныя, доўгія рэпетыцыі, якія дапамагаюць артыстам кожны жэст, кожную рэпліку адпрацаваць да аўтаматызму. І гэтак з першага дня, ад той першай ролі, якая дала магчымасць Івану Герасевічу паверыць, што сцэна — ягоная дарога, па якой яму ісці ўсё астатняе жыццё.
Расціслаў БЕНЗЯРУК.
На здымку: сустрэліся землякі: заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь І.П.Герасевіч і пісьменнік Р.М.Бензярук.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top