Пасяўная вызначае лепшых

Пасяўная вызначае лепшых

_DSC6792Ідзём па нядаўна ўзараным полі. Ногі патанаюць у свежай раллі, прыпякае сонейка, у паветры пахне вясной. Непадалёку важна праходжваюцца два буслы, гучна крычаць гракі, занятыя пошукамі ежы.  Па полі “плыве” магутны “Джон Дзір”, спыняецца на ўскрайку і да нас па “трапе” спускаецца “капітан карабля” — механізатар ПУАП “Азяты” Юрый Андрэевіч Лысковіч.
На сваім верным агрэгаце Юрый Лысковіч шчыруе сёмы год, а ўсяго пасяўных у яго працоўнай біяграфіі амаль 20. Ён працуе пазменна з механізатарам Сяргеем Іванавічам Андрасюком. За змену засяваюць 40-45 гектараў.
— Працуем да гадзіны, да дзвюх ночы. Прыязджаю дахаты — жонка ўжо спіць, ад’язджаю на працу — яшчэ спіць, амаль не бачымся, — жартуе Юрый Андрэевіч.
Галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Сяргей Міхайлавіч Зінкевіч адзначыў Юрыя Лысковіча і Сяргея Андрасюка як лепшых на сёлетняй сяўбе. Акрамя таго, Сяргей Міхайлавіч не мог не ўзгадаць заслужанага пенсіянера гаспадаркі Васіля Васільевіча Платонава, які не спяшаецца ў адпачынак па ўзросце і зараз працуе на ўнясенні ўгнаенняў пад сенакосы і пашу.
Сёлета сяўба яравых пачалася ў ПУАП “Азяты” 8 сакавіка. Пасеяна ўся пшаніца — 100 гектараў, ячмень — на 190, авёс — на 20.
— Днямі закончылі сяўбу зерневых і зернебабовых: пад імі ў нас 490 гектараў, — дзеліцца галоўны аграном, за плячамі якога больш за два дзясяткі гадоў працы на гэтай пасадзе. — Да 20 гектараў скарацілі плошчы пад цукровымі буракамі і павялічылі пад кукурузай, якой будзе засеяна 800 гектараў (350 — на зерне, астатнія — на зялёную масу), каб забяспечыць кармамі жывёлу.
Сярод праблем, з якімі сутыкнуліся ў час сяўбы, галоўны аграном назваў паліўную і фінансавую.
— Без паліва не стаялі, але пажадана, каб яго быў трох-чатырохдзённы запас, а мы працуем “з калёс”. Не хапае грошай на запчасткі, — сказаў ён.
— Праблемы існуюць, але яны вырашальныя, — уключаецца ў размову кіраўнік прадпрыемства Уладзімір Уладзіміравіч Пашкевіч, які ўзначальвае ПУАП “Азяты” з сакавіка мінулага года. Гэта быў год напружанай працы і яго, і калектыву ў цэлым. Дырэктар сельгаспрадпрыемства прызнаецца, што летась яго больш хвалявала пытанне “Чым накарміць жывёлу?”, а не “Як выплаціць зарплату?”. На сённяшні дзень праблема з кармамі вырашана, павялічыліся надоі малака і выручка ад яго здачы. Радуе кіраўніка і тое, што гаспадарка не адстае сярод іншых у раёне на сяўбе яравых культур.
Спадзяёмся, што надвор’е не падвядзе, і земляробы ПУАП “Азяты” правядуць сяўбу ўсіх культур на высокім агратэхнічным узроўні і ў вызначаныя тэрміны.
Наталля ВАЛОШКА.
На здымку: механізатар ПУАП “Азяты” Ю.А.Лысковіч.
Фота Святланы КІСЛАЙ.

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top