Сямейная педагогіка Роўдаляў

Сямейная педагогіка Роўдаляў

IMG_7774Сем’і бываюць розныя. Кожная сапраўдны востраў са сваімі правіламі, законамі, парадкамі. У кожнай ёсць свой сакрэт захавання ўтульнасці, узаемапаразумення і маленькіх радасцяў. Адна з такіх жыве ў Падлессі.
Сям’я Роўдаляў стварылася восенню 1970 года. Гаспадар Генадзь Ігнатавіч — трактарыст-машыніст. Прафесію набыў у Высокаўскім прафесійна-тэхнічным вучылішчы. Яго жонка Лідзія Мацвееўна пасля заканчэння Пружанскага саўгас-тэхнікума атрымала накіраванне ў Жабінкаўскі раён, пачала працаваць брыгадзірам комплекснай брыгады калгаса “Запаветы Ільіча”.
Менавіта тут дзяўчына-ўкраінка і сустрэла свайго суджанага, з якім жыве ў пары амаль 44 гады. У сям’і нарадзіліся Жанна, Галіна, Саша. Бацькі выхавалі іх працавітымі, сціплымі, сумленнымі. Усе яны працавалі з маленства: устаў на ногі — павінен пасвіць гусей, свіней, палоць агарод, дапамагаць нарыхтоўваць сена. Заўсёды трымалі вялікую гаспадарку: некалькі кароў і свіней, былі куры, гусі, авечкі, каза, конь. Бацькі да цяперашняга часу любяць паўтараць дзецям, што чалавек павінен берагчы і разумна выкарыстоўваць кожную гадзіну свайго жыцця. Роўдалі даўно пабудавалі дабротны дом, маюць гектар зямлі, якую апрацоўваюць канём.
Ужо пяць гадоў Генадзь Ігнатавіч раніцай не спяшаецца на машынна-трактарны двор. Раней вопытны механізатар прачынаўся ў чатыры гадзіны раніцы, а вяртаўся ўлетку з поля не раней чым у 12.00 ночы. Як сапраўдны араты, ён нешматслоўны. Можа, таму, што словы для яго як паўнавартаснае зерне, а ім не раскідваюцца. Ён  мае медаль “За працоўную доблесць”. У маладосці працаваў на розных трактарах, а перад пенсіяй працяглы час на кормаўборачным камбайне. Хоць і выйшаў на заслужаны адпачынак, але працягваў дапамагаць роднай гаспадарцы ў нарыхтоўцы кармоў для жывёлагадоўчых ферм.
Лідзія Мацвееўна, успамінаючы маладыя гады, расказвала, што за добрую працу яе, брыгадзіра, часта ўзнагароджвалі паездкамі на экскурсіі ў Маскву, Ленінград, Мінск, Кіеў, Кішынёў. У яе біяграфіі быў такі адрэзак часу, калі была прадаўцом, загадчыцай клуба, але ў 45 гадоў зноў вярнулася ў калгас, на ранейшае месца.
Жанчына была смелая ў жыцці, не баялася ніякай працы, як і яе бацькі. Дарэчы, яе мама ў гады Вялікай Айчыннай вайны была сувязной партызанскага атрада імя М.Чарнака. Бацька дайшоў да фашысцкага логава, меў медаль “За ўзяцце Берліна”. Ніколі не забудзе Лідзія той трагедыі, якая здарылася ў яе на вачах. Тата дапамагаў у вёсцы тушыць пажар, і на ім загарэлася вопратка, атрымаў моцныя апёкі, лячэнне не дало станоўчых вынікаў, пасля пажару пражыў толькі ты-дзень. Трох дочак маці выгадавала адна. На ўсё хапала ў яе сіл, любові і дабрыні.
У Лідзіі, як і ў мамы Марыі, таксама трое дзяцей. Жанна закончыла Брэсцкі медыцынскі каледж, працуе медыцынскай сястрой у першай мінскай паліклініцы. Галіна мае некалькі дыпломаў, але самы важны аб заканчэнні Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна. Яна загадчыца ДУА “Крыўлянскі дзіцячы яслі-сад”. Саша выбраў прафесію бацькі. Як і старэйшы з Роўдаляў, закончыў Высокаўскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча, атрымаў прафесію вадзіцеля, працуе ў Брэсце.
У Генадзя Ігнатавіча і Лідзіі Мацвееўны ўжо чацвёра ўнукаў, якіх яны любяць, клапоцяцца пра іх, хвалююцца.
Старэйшыя з Роўдаляў — людзі простыя і не ўмеюць апісваць сваю годнасць, вартаснасць. На маё пытанне: “Хто ў доме гаспадар?” — Лідзія Мацвееўна адказала: “Утульнасць, спакой і шчасце ў доме падтрымлівае жанчына, але гаспадар у сям’і — мужчына”. Як жа ўдалося столькі гадоў пражыць душа ў душу гэтым вясковым людзям?
— Мы жылі ўдваіх, без бацькоў і, пасварыўшыся, не было куды ўцякаць, — патлумачыў Генадзь Ігнатавіч. — Разбягаліся па кутках, а ўжо праз пяць хвілін зноў сустракаліся. Такое і сваркай не назавеш, хутчэй рознагалоссем. І яшчэ з упэўненасцю магу сказаць, што захаваць сямейныя адносіны заўсёды дапамагаюць узаемапаразуменне і павага адзін да другога”.
Лідзія ІВАНІХІНА, наш няштатны карэспандэнт.
На здымку: Лідзія Мацвееўна і Генадзь Ігнатавіч Роўдалі.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top