Квітней, вясна!

Квітней, вясна!

_DSC6624Доўгачаканая… Менавіта такім эпітэтам многія здаўна вітаюць вясну. Душа напаўняецца зачараванасцю, сонейка з’яўляецца часцей, а неба становіцца нейкім казачна-празрыстым, густа-сінім. Раннія вясновыя змены амаль няўлоўныя, але мы гэтую часіну адразу пачынаем адчуваць сэрцам. А ручайкі — гэта сапраўдная паэзія, прыгожая і ў многім філасофская. Бо ззаду засталіся шэрыя зімовыя дзянькі… Дні становяцца даўжэйшымі. Кожны новы — гэта маленькая казка. Вясна дорыць нам цяпло, дабрыню  і шчодрасць і хоча, каб гэта пасялялася ў нашых сэрцах.
І як цудоўна, што мой народ даў такое азначэнне — вясна-красна. Чаму? Канечне, зусім не таму, што гэтая пара — чырвоная. Яна найперш радуе зялёным колерам жыцця і абуджэння. Мая душа проста пачынае спяваць, калі на дрэўцах з’яўляюцца першыя лісточкі. Красна — таму што гэта самы прыгожы час года і ўсеагульнага ажыўлення. Нават многія  людзі сустракаюць сваё каханне менавіта вясной. Сама прырода ў гэты час дапамагае сваім зямлянам радавацца жыццю, ветліва ўсміхацца каханаму чалавеку.
Прырода-матухна абуджаецца, пачынаецца яе актыўнае жыццё. Прычым, яно вельмі радаснае, светлае, паўнакроўнае. Жывёлы, птушкі пачынаюць адбудоўваць сваё жытло — норкі, гнёзды. І не проста адбудоўваюць, а пачынаюць клапаціцца пра патомства. Мурашы таксама выходзяць на “суботнік” і пачынаюць прыводзіць у парадак мурашнік. Пчолы ўжо пачынаюць збіраць першы няктар. Ды і прыгожа спяваюць птушкі, асабліва на світанку: яны выконваюць своеасаблівы гімн сонцу. Згодна з павер’ямі нашых продкаў, менавіта на крылах птушачак і прылятае ў свет вясна. Вераб’і славяць вясну сціпла і дзелавіта, шпакі — натхнёна і радасна, сінічкі — салодка і весела. Птушыныя песні паступова напаўняюць усе беларускія прасторы шматгадзіннымі канцэртамі.
А вось ўжо вока радуюць і першыя кветачкі — пралескі. Прыгожая беларуская назва іх вяртае нашу памяць у лес маленства. Цікава, што вялікія старыя дрэвы першымі пачынаюць сваё абуджэнне, актывізуюць застылыя карані: і гаючыя рэчывы бягуць ўверх, трапляючы абсалютна да кожнай галінкі.
З’яўляецца першая травіца, такая яркая, што можна параўнаць з колерам дыяментаў. А вось ужо і луг. Дзьмухаўцы на ім прачынаюцца — і ўзнікае ўражанне, што сам луг адкрыў заспаныя вочы і пачаў усміхацца чалавеку, селяніну, прыгаворваючы: “Бацюхна, не за гарамі ўжо першая касавіца”.
Мне вельмі падабаецца вярба вясной. Пушыстыя камячкі-коцікі на ёй мне нагадваюць маленькіх зайчыкаў, што прыцішыліся ў чаканні больш цёплых дзянькоў — калі яны ападуць і адправяцца ў зямную вандроўку… А бярозы, упрыгожаныя пацеркамі, павольна пакачваюцца, быццам кабеткі ў час танцаў.
Вясна — гэта і час аратых зямелькі роднай. Для іх час, калі ў нетрах зямлі, глыбока пад покрывам снегу і заледзянелай глебы, пачынаюць свой рух пладародныя сокі, якія нясуць імклівыя воды, — вельмі важны. Бо здаўна селянін, хлебароб прывык ставіцца да роднай зямелькі з вялікай пашанай. Непаўторнае відовішча, і  калі ў беларускіх садках пачынаюць цвісці пладовыя дрэвы —  грушы, яблынькі, слівы.
Надзвычай паэтычны сімвал вясны — ландышы. Мне вельмі падабаецца верш паэтэсы Еўдакіі Лось “Ландышы”:
Белыя духмяныя званкі
Ландышамі хораша завуцца.
Не ўтрымаеш — скоцяцца з рукі,
Аб зямлю малыя разаб’юцца.
Асцярожна ландышы тулю,
Да грудзей тулю лясную квецень
I лагодна слухаю зямлю —
Самую званчэйшую на свеце.
Квітней, вясна! І радуй штодзённа зямлян сваімі новымі сакавітымі малюнкамі і  непаўторнымі адкрыццямі!
Канстанцін КАРНЯЛЮК, педагог.
Фота Святланы КІСЛАЙ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top