Калі дзіця дражняць у школе

Калі дзіця дражняць у школе

razgowor-s-rebenkomМаё дзіця пайшло ў першы клас. Я была гатовая да розных цяжкасцяў, але ўсе яны сталі глупствам у параўнанні з псіхалагічным “камфортам” яго ў класе. У яго даволі гаматны целасклад, высокі рост, а яшчэ носіць акуляры. Цяпер яго крыўдзяць, чапляюцца, правакуюць на сваркі. Ну чаму школьнікі неўзлюбілі яго? А дзіця ж вельмі добрае, сяброўскае. І ранімае: замест таго, каб пастаяць за сябе, крыўдуе, плача. Дзеці бачаць гэта і яшчэ больш абзываюцца.

Што ж рабіць у такім выпадку бацькам? Як быць, калі ваша дзіця дражняць аднакласнікі, калі з-за насмешак яно не хоча хадзіць у школу?
Некаторыя бацькі рэкамендуюць яму разабрацца з крыўдзіцелямі найбольш дзейснымі метадамі. У большасці выпадкаў такія парады зводзяцца да аднаго: высветліць адносіны напрамую, адкрыта спытаць, што не падабаецца насмешнікам. Часта гэтыя высвятленні пераходзяць у бойку, у якой не заўсёды перамагае той, хто мае рацыю. Аднак такая тактыка, здараецца, прыводзіць да станоўчых вынікаў. Удзел у бойцы, нават, калі перамога не была абсалютнай, дастаткова часта дапамагае дзіцяці самасцвердзіцца. Але гэтым захапляцца нельга.
Англійскі псіхолаг Дорыс Брэд лічыць, што любую праблему можна вырашыць іншымі шляхамі. Для гэтага патрэбна дапамога бацькоў, якія павінны пераканаць малое ў тым, што непрыемнасці не ў таго, каго дражняць, а ў таго, хто гэта робіць. Малому трэба даць зразумець, што яно шчаслівае і задаволенае сабой, сваёй знешнасцю, характарам. А ўпэўнены ў сабе чалавек не будзе звяртаць увагі на недахопы іншых, нават калі яны рэальныя.
Ёсць дзейсны спосаб: не паказваць, як гэтыя “дражнілкі” цябе крыўдзяць, не даваць зразумець, што ты прымаеш іх блізка да сэрца. Доктар Брэд прапануе павесці размову прыкладна па такой схеме: “Ты скардзішся на тое, што Іра цябе ўвесь час дражніць, а іншыя дзяўчынкі падхопліваюць яе словы? Я разумею, гэта вельмі непрыемна, нават хочацца плакаць. Слязамі праблему не вырашыш. Дык давай падумаем, як нам быць? Я, канечне, магу пагутарыць з імі. Мне здаецца, як толькі я пайду і ты застанешся адна, усё пачнецца зноў. Як ты лічыш?
Давай паступім так: ты, як гэта ні цяжка, зробіш выгляд, што цябе смешаць іх словы. Гэта нялёгка, але падумай, чаго дабіваецца Іра з сяброўкамі? Сапсаваць табе настрой. Так і было да цяперашняга часу.
А ты ўсміхніся. Падумай, дзяўчынкі губляюць столькі сіл і часу, каб ты засумавала. Гэта сапраўды смешна і недарэчна.
Як ты думаеш, чаму Ірыне так хочацца звярнуць увагу іншых дзяцей на твае недахопы? Відаць, яна ўпэўненая ў сабе, інакш так не паступала б. Калі ты засмяешся, то тым самым пакажаш, што ўсе яе словы — проста бязглуздзіца, а яна паводзіць сябе не вельмі разумна. І іншыя гэта неўзабаве зразумеюць. А калі цябе гэтыя словы смешаць, то ўсе “дражнілкі” не пра цябе, і смяяцца над табой стане зусім не цікава”.
А яшчэ раскажыце дзіцяці, як у такой сітуацыі ў свой час апынуліся вы, нехта з вашых знаёмых ці родзічаў. Вялікае ўражанне зробіць таксама імя вядомага акцёра, спартсмена ці проста знаёмага чалавека, які справіўся з аналагічнай сітуацыяй.
Неабходна пераканаць сына ці дачку ў тым, што дзейнічаць яму трэба самому. “Мама з татам не заўсёды будуць побач. Значыць, трэба вучыцца абараняць сябе самастойна”.
Што датычыцца пераводу ў іншую школу дзіцяці, якое дражняць аднакласнікі, то на гэта немагчыма даць адназначны адказ. Усё залежыць ад канкрэтнай сітуацыі.
Большасць псіхолагаў рэкамендуе вырашыць канфлікт на месцы, незалежна ад таго, ці пераводзіце вы дзіця ў іншую школу, ці пакідаеце ў ранейшай. Нават у новым калектыве можа ўзнікнуць рэцыдыў такой жа канфліктнай сітуацыі. Атрымліваецца, што вучань проста збег “з поля бою”. І такая зневажальная для яго сітуацыя (апынуўся ў пройгрышы, нават не паспрабаваў перамагчы) абавязкова нагадае пра сябе на новым месцы.
Некалькі вельмі эфектыўных стратэгій, якія дапамагаюць дзецям справіцца з крыўдзіцелямі.
Абараніць сябе. Навучыце дзіця ўпэўнена весці сябе з крыўдзіцелем, высока трымаць галаву, стаяць прама і глядзець яму ў вочы.
Не звяртаць увагі. Прыкінуцца нябачным, пайсці, нават не глянуць на іх, паглядзець на нешта іншае і засмяяцца, зрабіць выгляд, што гэта вас не хвалюе, захаваць спакой, прыняць абыякавы выгляд.
Задаваць крыўдзіцелю пытанні. Напрыклад, “чаму гэта ты захацеў сказаць мне, што я такі тупы, тоўсты, ці яшчэ які там, і пакрыўдзіць мяне?”
Карыстацца формулай “я хачу”. Напрыклад, “я хачу, каб ты пакінуў мяне ў спакоі” ці “я хачу, каб ты перастаў мяне дражніць”. Галоўнае, сказаць гэта цвёрда і пераканаўча, а не бязвольна.
Пагаджацца з задзірай. Вось прыклад.
Задзіра: Ты тупы.
Дзіця: Так, я такі, і ў мяне гэта добра атрымліваецца.
Смейцеся, калі вас дражняць. Выкажам здагадку: крыўдзіцель сказаў: “Ты дурань”. Дзіця адказвае адной з задуманых фраз: “Ну і што?”, “І што далей?” ці “Дзякуй, што ўразумеў мяне”.
І галоўнае, як мага часцей гаварыце дзіцяці, што яно для вас самае цудоўнае, добрае, прыгожае і любімае. Яму вельмі важна адчуваць падтрымку і любоў бацькоў.
Вольга КАСКО, псіхолаг ДУ “ЖТЦСАН”.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top