«Ткут» совместную жизнь

«Ткут» совместную жизнь

“Ткуць” сумеснае жыццё
Рукі майстрыхі спрытна перабіраюць рознакаляровыя ніткі. Ствараюцца карціны, яркія, весялковыя, як жыццё Ірыны Сямёнаўны і Паўла Аляксеевіча Шчаноўскіх. Гэты ліпень у іх “сярэбраны” — 25 гадоў поруч ткуць яны ўзор сумеснага жыцця.
Што на тым сямейным палатне? Найперш, шчырая ўдзячнасць бацькам, якія падарылі жыццё і навучылі працаваць, жыць у згодзе. Ірыніна мама Марыя Калістратаўна — маці-гераіня, усе яе дзеці жывуць у Беларусі — ад Гродна да Кобрына. Ірына нарадзілася другою, калі бацька Сямён Іванавіч служыў у войску.
— Тату я з арміі “адпусціла”, — усміхаецца рукадзельніца. — Усім палком мне выбіралі імя, прапанавалі баявыя сябры назваць Ірынай, гэта значыць “мірнай”.
Другі сцяжок на хатняй карціне — вялікі дружны род, узаемадапамога і павага шматлікіх сваякоў.
— У мамінай сям’і было пяцёра дзяцей, і ў бацькавай пяцёра, таму, відаць, і самі нарадзілі сына і чатырох дачок. Зараз маюць ужо тузін унукаў. Вясною мая наймалодшая сястра Люба нарадзіла Максімку. Для яго я вышыла крыжыкам карціну: на жаночай далоні немаўлятка, а побач — рост і вага ў дзень, калі прыйшоў на свет. Шмат нас, а няхай будзе яшчэ болей!
З асаблівай цеплынёй Шчаноўскія згадваюць тыя ліпеньскія дні 1985 года, калі ў прысутнасці сведкаў, шматгалосага вяселля пакляліся жыць разам і ў горы, і ў радасці.
Павел быў тады маладым камбайнерам (не аднойчы пра яго як выдатнага хлебароба згадвала, дарэчы, і “Сельская праўда”). З юнацтва працаваў на зямлі ў СВК “Вазнясенскі”, не ездзіць надоўга ў далёкія краі, хіба толькі на рэспубліканскія “Дажынкі” ў Столін выбраўся па ўзнагароду ды ў Фінляндыю (па камсамольскай пуцёўцы быў прэміраваны ў якасці найлепшага земляроба).
У тым памятным 85-м годзе Паўла ледзь адпусцілі на… ўласнае вяселле: вядома ж, канец ліпеня — спякотная жніўная пара, калі камбайны на палетках ад ранішніх заранкаў і да цямна. Таму ўжо ў панядзелак на світанку камбайн Шчаноўскага зжынаў паспелае золата палёў.
А восенню ў маладой сям’і ладзіліся першыя хрысціны. Алег, старэйшы сын, зараз працуе ў Брэсце на фірме “Амігас” (“Сябар”), рамантуе машыны, сябруе з усялякімі механізмамі (гэта ў яго ад бацькі).
Аднак вернемся зноў у 80-ыя, у маладосць. Мінулі два з паловай гады пасля вяселля, і Шчаноўскія атрымалі ад роднай гаспадаркі новы ўтульны дом, дзе неўзабаве святкавалі народзіны малодшага сына Ігара.
Найбольш радавалася Паўлавым поспехам і на працы, і ў сям’і ягоная маці Варвара Макараўна, якой сёлета восемдзесят гадоў. На яе жаночыя плечы легла шмат цяжкіх выпрабаванняў. Муж Аляксей Сяргеевіч, які быў старэйшы за яе на чатырнаццаць гадоў, страціў на вайне абедзве рукі, і жанчына клапатліва даглядала свайго Аляксея да ягонай смерці, сама таксама мела адзнакі-раны з той вайны. Сын і нявестка, любыя ўнукі горнуцца да Варвары Макараўны, шануюць яе старасць.
… А між тым праца ў майстрыхі не спыняецца. Ужо трыццаць гадоў мінула, калі Ірына Сямёнаўна ўпершыню пазнаёмілася з цудоўным светам вышыўкі, якім захаплялася бацькава сястра Дар’я.
— Цяпер ужо і не ўяўляю іншага жыцця без гэтага захаплення, раблю вышыўку ад душы — і для душы, — гаворыць народная майстрыха. — Удзельнічала ў выставах у Жабінцы, Брэсце, Белавежы, калі запаведнай пушчы было 600 гадоў, і ў Гародні — на фестывалі культур. Маю ўжо 300 работ.
Запыталіся ў гаспадыні, дзе яна знаходзіць столькі часу, каб ствараць сваю прыгажосць.
— Зімой, як вальней у гаспадарцы, вышываю і на пашы, калі кароў пасу, калі дождж ідзе. Рука цягнецца да мулінэ, не нудзіцца, не прыядаецца, бо гэта частка мяне самой.
— Вышываю і для сябе карціну. На ёй дзяўчынка ў шыкоўнай сукенцы нясе празрысты доўгі вэлюм за маладою, а навокал — россыпы пялёсткаў чырвоных руж.
А.БЕНЗЯРУК.
На здымку: сям’я Ірыны і Паўла Шчаноўскіх у год сярэбранага вяселля.
Фота І.Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top