Незабыўныя дні конкурсу

Незабыўныя дні конкурсу

IMG_7761У нашым раёне на базе першай гарадской адзінаццацігодкі прайшоў абласны этап рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”. Жабінкаўшчына прымала педагогаў вобласці, якія змагаліся за званне лепшага ў намінацыях “Фізіка, астраномія, матэматыка, інфарматыка” і “Пачатковыя класы”. Лаўрэатам абласнога этапу конкурсу стала настаўніца інфарматыкі сярэдняй школы №3 г.Жабінка Алена Вітальеўна Наруш, якая заняла другое месца. Пераможцам у намінацыі “Фізіка, астраномія, матэматыка, інфарматыка” быў названы педагог з Хатыніцкай сярэдняй школы Ганцавіцкага раёна Дзмітрый Станіслававіч Бондар. Менавіта ён будзе абараняць гонар Брэстчыны на рэспубліканскім узроўні. Уганараванне пераможцаў і лаўрэатаў абласнога этапу конкурсу ва ўсіх намінацыях адбудзецца ў Брэсцкім абласным цэнтры моладзевай творчасці.
Пасля падвядзення вынікаў я сустрэлася з Аленай Вітальеўнай, якая падзялілася сваімі ўражаннямі ад конкурсу.
— Конкурс прафесійнага майстэрства дае магчымасць яго ўдзельніку праявіць свае веды, уменні, якасці, раскрыць здольнасці і таленты, набыць вопыт і падзяліцца ім з калегамі. Ён паказвае значнасць той справы, якой займаешся, дае магчымасць выявіць недахопы, атрымаць патрэбныя парады для далейшай работы. А яшчэ знаёмішся з людзьмі, адданымі сваёй справе, якія ўвесь час знаходзяцца ў творчым пошуку, набываеш новых сяброў-аднадумцаў. Нягледзячы, што конкурсныя дні напружаныя, патрабуюць шмат часу для падрыхтоўкі, але ўсё ж пакідаюць незабыўныя ўражанні і эмоцыі. Упэўнена, такія конкурсы патрэбныя.
— Якія этапы прайшлі ўдзельнікі конкурсу? Які з іх для вас быў найбольш складаным?
— У першы конкурсны дзень удзельнікі справіліся з псіхолага-педагагічным тэсціраваннем, пазнаёміліся са школай, класам, у якім давядзецца даваць адкрыты ўрок, настаўнікам-прадметнікам, даведаліся тэму ўрока. Тады ж прайшла і жараб’ёўка на наступныя конкурсы: майстар-клас і прадстаўленне  сістэмы педагагічнай дзейнасці па тэме “Навучаючы, я выхоўваю…”.
Другі дзень быў самым насычаным: канкурсанты праводзілі адкрыты ўрок у незнаёмым класе, паказвалі ўласную сістэму педагагічнай дзейнасці.
У заключны дзень мы давалі майстар-клас, кожны дзяліўся сваімі набыткамі. Тады ж былі падведзены і вынікі.
Найбольш складаным і адказным іспытам у конкурсе быў адкрыты ўрок. Думаю, не толькі для мяне, але і для многіх іншых удзельнікаў, бо праводзіўся з незнаёмымі дзецьмі. А яшчэ адным з патрабаванняў да яго было тое, што ён павінен быць сучасным. На першы погляд здаецца, нічога асаблівага, настаўнік кожны дзень праводзіць урокі, але, як бачыце, гэты меў свае пэўныя адметнасці. Нягледзячы на ўсе складанасці, менавіта на ім паказваўся стыль работы, прафесійны почырк педагогаў-канкурсантаў.
— Чым жа быў адметны ваш конкурсны ўрок, Алена Вітальеўна?
— Гэта быў урок інфарматыкі ў 8 класе на тэму “Стварэнне вектарнага відарыса”, на якім былі выкарыстаны інфармацыйна-камунікацыйная і здароўезберагальная тэхналогіі. Каб праверыць дамашняе заданне, вучням прапаноўвалася рашыць электронны тэст. Яны самі вызначылі тэму ўрока, калі разгадалі чайнворд. З выкарыстаннем мультымедыйнай устаноўкі праходзіла тлумачэнне новага матэрыялу, пад час якога васьмікласнікі наглядна бачылі асноўныя этапы стварэння вектарнага адлюстравання. Перш чым прыступіць да выканання заданняў на камп’ютары, вучні яшчэ раз вусна замацавалі матэрыял — назвалі сродкі, з дапамогай якіх можна стварыць відарыс. Васьмікласнікі паспяхова справіліся са сваімі заданнямі — лепшая работа была прадэманстравана класу. У канцы ўрока ўсе вучні і члены журы атрымалі падарункі: каляндарыкі, створаныя з дапамогай вывучаемай праграмы. Лічу, што ўрок у мяне атрымаўся, пастаўленыя задачы былі дасягнуты.
— Якімі набыткамі вы падзяліліся з калегамі на сваім майстар-класе?
— Было прыемна, што на ім прысутнічалі інфарматыкі раённага метадычнага аб’яднання, я адчувала іх падтрымку. Калегам прадэманстравала, як выкарыстоўваю ў рабоце праграму “Hot potatoes” (што ў перакладзе азначае “гарачая бульба”) у стварэнні электронных сродкаў навучання. З дапамогай гэтай праграмы настаўнікі-інфарматыкі паспрабавалі стварыць кантрольны тэст для вучняў, і ў іх гэта атрымалася. Пад час правядзення майстар-класа ніхто не сумаваў, калегам было цікава, гэта паказала і рэфлексія ў канцы яго.
— Хто дапамагаў вам рыхтавацца да конкурсных іспытаў?
— Вялікі дзякуй калектыву школы, адміністрацыі: дырэктару С.М.Кужко, завучам Л.П.Пшанай, В.У.За-вяржэнец, Г.С.Бурко — за ўсебаковую падтрымку, за веру ў мяне, мае ўменні і здольнасці! Вельмі важна, калі ў патрэбныя хвіліны побач калегі-сябры. Дапамагалі мне ў падрыхтоўцы конкурсных заданняў, вучылі, раілі, падказвалі настаўнікі трэцяй гарадской школы: В.Ф.Карпук, В.А.Папковіч, В.Л.Дзенісюк, Ю.В.Кавальчук, Л.Я.Валетава, Т.В.Кунц. Вучні 6 “А”класа ўдзельнічалі разам са мной у прадстаўленні сістэмы педагагічнай дзейнасці па тэме “Навучаючы, я выхоўваю…”.
Слушныя парады атрымлівала ад метадыстаў раённага вучэбна-метадычнага кабінета, асабісты клопат і ўвагу адчувала з боку намесніка начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, кандыдата псіхалагічных навук Кацярыны Мікалаеўны Сіда, за што вялікі дзякуй.
На працягу ўсіх конкурсных іспытаў побач была мая сям’я: муж Валянцін, з  якім вучыліся ў адной групе, дапамагаў здымаць відэа, рыхтаваць прэзентацыі; свякроў Наталля Іванаўна перажывала за мяне, падбадзёрвала; мама Надзея Васільеўна, тата Віталь Васільевіч, старэйшая сястра Ларыса, якая таксама настаўніца матэматыкі і інфарматыкі, кожны дзень па некалькі разоў тэлефанавалі з Кобрына, каб даведацца, як справы, падтрымаць.
Дарэчы, Алена Віталь-еўна малады педагог, другі год працуе ў трэцяй гарадской адзінаццацігодцы — выкладае матэматыку і інфарматыку, вядзе заняткі гуртка “Камп’ютарны клуб”, класны кіраўнік 5”В”класа. Нягледзячы на маладосць, валодае высокім узроўнем тэарэтычных ведаў, умела выбірае метады педагагічнага ўздзеяння, якія садзейнічаюць дасягненню пастаўленых мэтаў, мае добры кантакт з дзецьмі, творча падыходзіць да сваёй справы — вось што выявіў конкурс.
Віншуем Алену Вітальеўну Наруш з перамогай! Зычым далейшых поспехаў і дасягненняў!
Гутарыла Алёна Ніканчук.
На здымку: Алена Наруш з групай падтрымкі ў час конкурсу.
Фота Ірыны Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top