“Галасую за будучае маіх дзяцей і ўнукаў…”

“Галасую за будучае маіх дзяцей і ўнукаў…”

IMG_794323 сакавіка ў восем гадзін раніцы на Калінінскім участку для галасавання №5, які размяшчаўся ў фае гарадской сярэдняй школы №2, усё было добра падрыхтавана, каб сустракаць выбаршчыкаў: правераны і апячатаны скрынкі для галасавання, на бачным месцы размешчана інфармацыя аб кандыдатах у дэпутаты, урачыстасці дабаўляла дзяржаўная сімволіка ў зале і музыка. Даволі высокай была актыўнасць грамадзян у час датэрміновага галасавання. З 1057 выбаршчыкаў амаль 35% прыйшлі сюды заранёў. Пра гэта можна было даведацца з пратакола, вывешанага для ўсеагульнага азнаямлення.
Старшыня ўчастковай выбарчай камісіі Ірына Антонаўна Кунц пажадала калегам добрага настрою, толькі станоўчых эмоцый, цярпення і поспехаў на ўвесь дзень. І калі з самага ранку гараджане не спяшаліся на ўчастак (адчувалася, напэўна, што выхадны дзень), дык да дзясятай гадзіны людскі паток павялічыўся: ішлі сем’ямі, з дзецьмі, пажылыя і маладыя. Адчувалася, што жабінкаўцы неабыякавыя, якім быць мясцовым Саветам дэпутатаў. Бо менавіта гэты прадстаўнічы дзяржаўны орган у сваёй дзейнасці зыходзіць з інтарэсаў грамадзян, зацвярджае праграмы эканамічнага і сацыяльнага развіцця.
Малады выбаршчык слесар цукровага завода Аляксандр Віктаравіч Астапюк сваю пазіцыю выказаў так: “Прыйшоў сёння на выбарчы ўчастак, таму што гэта абавязак кожнага грамадзяніна Беларусі”.
“Я галасую за сваё будучае, будучае маіх дзяцей і ўнукаў, за лепшае, і абавязкова мірнае жыццё”, — сказала Марыя Кімаўна Буцько.
За плячамі ў Лідзіі Максімаўны Ткачук (яна маці шасцярых дзяцей, бабуля, у якой 9 унукаў) шмат выбарчых кампаній. Як прызнаецца, ніводнай не прапускала. Прыгадвае, як у 50-ыя гады мінулага стагоддзя дзяўчынай адправілася на заробкі ў Днепрапятроўскую вобласць: “Тады казалі “Украина — золотая, Белоруссия — родная”. А цяпер глядзець страшна, што творыцца ў суседняй краіне. У нас, слава Богу, спакой і ўтульнасць. І трэба цаніць усе даброты, што робіць для людзей улада”.
86-гадовая Марыя Яфімаўна Шэвелева, як кажуць, чалавек яшчэ той загартоўкі, яна не стала выкарыстоўваць магчымасць, каб прагаласаваць дома, а прыйшла на ўчастак. “Дэпутат павінен быць актыўны і ініцыятыўны, — гаворыць яна, — дастойна прадстаўляць інтарэсы выбаршчыкаў і вырашаць іх праблемы. Лічу, што мой сусед Дзяніс Шышчыц, які сёння выбіраецца дэпутатам, праўда, на іншым участку, справіцца з гэтымі грамадскімі абавязкамі”.
Сярод тых, хто галасаваў упершыню, — Вольга Хільчук. З гэтай падзеяй павіншавалі яе старшыня ўчастковай выбарчай камісіі І.А.Кунц і сакратар Л.М.Кабаш.
Прыгожым дапаўненнем для выбаршчыкаў, якія прыйшлі на Калінінскі ўчастак, было выступленне фальклорнай групы вучняў 8-9 класаў СШ №2 з кампазіцыяй “Беларускі ручнік — сімвал чысціні, цяпла зямлі і роднай хаты”.
Святлана ВІШНЕЎСКАЯ.

На здымку: на Кіраўскім выбарчым участку №2 старшыня райвыканкама Ф.Ф.Каланчук
і старшыня раённага Савета дэпутатаў С.В.Мартысюк гутараць
з дырэктарам СШ №1, старшынёй выбарчай камісіі М.П.Савянковым.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top