На старт кліча надвор’е

На старт кліча надвор’е

IMG_7790 IMG_7795
Ва ўсіх гаспадарках раёна пачалася сяўба яравых культур. Сёлета хлебаробам неабходна засеяць 15640 тысяч гектараў.
У СВК “Шпіталі” першы свой “Джон Дзір” на палі вывеў механізатар А.Д.Данілік.
— Для мяне гэта ўжо пятая пасяўная, — пад час кароценькага перакуру, пакуль запаўняецца бункер насеннем зернебабовых,  расказвае Андрэй Дзмітрыевіч. — Ад таго, наколькі якасна і хутка пасею, залежыць будучы ўраджай, таму намагаюся ўсё зрабіць як мага лепей.
Па плану маладому механізатару неабходна засяваць 15 гектараў за дзень, аднак ён выконвае двайную норму. Спрыяе аператыўнасці і той факт, што да пачатку веснавых работ асабіста падрыхтаваў свайго “жалезнага” каня, каб не было прастою ў полі. Насенне падвозіць Юрый Ігаравіч Бандарук.
— Юрый і Андрэй вельмі адказныя, надзейныя і старанныя работнікі, — каменціруе аграном-насеннявод гаспадаркі Вольга Георгіеўна Бутыркіна. — Абодва пільна сочаць за тэхнікай, выдатна ведаюць сваю справу. Прыемна, што маладыя людзі выбіраюць працу на зямлі. Уключыліся ў палявыя работы і нашы нязменныя механізатары. Так, Ігар Пятручык заняты на культывацыі, Пётр Пражыжка і Мікалай Алізарук — на ворыве, Іван Дубіна, Аляксандр Сідараў і Аляксандр Шляга займаюцца ўнясеннем мінеральных угнаенняў.
Зернебабовыя сёлета зоймуць у гаспадарцы 120 гектараў, ячмень — 170, авёс — 10, проса — 40. 700 га будзе адведзена пад кукурузу, што на 200 га больш леташняга, да 200 га пашырыліся пасевы пад адналетнімі і шматгадовымі травамі. Звязана гэта ў першую чаргу з клопатам аб стварэнні трывалай кармавой базы, каб накарміць грамадскі статак.
У параўнанні з мінулым годам, першая дэкада сакавіка парадавала ўстойлівым сонечным надвор’ем, што дазволіла аратым і сейбітам аператыўна працаваць. Адзінае, бадай, што стрымлівала набраны тэмп — недахоп паліва, сеяць даводзіцца “з калёс”, бо запасціся ім на ўсю пасяўную ў кааператыва элементарна не хапае фінансавых сродкаў.
Святлана КІСЛАЯ.
На здымках: механізатар А.Д.Данілік, падвозіць збожжа Ю.І.Бандарук.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top