Вясковы стараста “не прабіўны”, але адказны і чулы

Вясковы стараста “не прабіўны”, але адказны і чулы

IMG_7700Традыцыйна напачатку года праводзіцца раённы сход старастаў сельскіх населеных пунктаў Жабінкаўшчыны. З імі сустракаюцца кіраўнікі выканаўчай і распарадчай уладаў, прадпрыемстваў і арганізацый. Сёлетняму сходу, які адбыўся 11 сакавіка ў актавай зале райвыканкама, папярэднічалі справаздачы памочнікаў мясцовай улады на месцах. Дарэчы, цяпер на Жабінкаўшчыне тэрытарыяльнае грамадскае самакіраванне сельскіх населеных пунктаў прадстаўлена 72-ма старастамі. Імі, як правіла, выбіраюцца самыя аўтарытэтныя людзі, каму неабыякавы лёс тых, хто жыве побач, і якія могуць арганізаваць вяскоўцаў на добрыя справы.
Адкрываючы сход, намеснік старшыні райвыканкама Анатоль Вітальевіч Шалтанюк зазначыў, што сёння пазнаёмімся з леташнімі набыткамі сацыяльна-эканамічнага комплексу раёна ў цэлым, падвядзём вынікі работы старастаў за мінулы год і паслухаем прапановы, заўвагі ў паляпшэнні каардынацыі іх дзейнасці і распаўсюджванні вопыту.
З дакладам выступіў старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Васільевіч Мартысюк, які сказаў: “Упершыню інстытут старастаў, як дзейснае звяно паміж насельніцтвам і органамі мясцовага кіравання, заканадаўча быў замацаваны ў 2010 годзе. На самой справе гэты інстытут працуе ў раёне ўжо 15 гадоў і накоплены пэўны вопыт работы. Штогод, дарэчы, шэрагі такіх грамадскіх актывістаў папаўняюцца: летась, напрыклад, яны выбраны ў Ежыках і Шалухах — Валянціна Васільеўна Шатохіна, Старым Сяле — Аксана Васільеўна Федарук, Сакалове —
Наталля Іосіфаўна Абібок, а сёлета з’явіўся ён і ў Чыжэўшчы-не — Уладзімір Іванавіч Горбач. Пакуль няма старастаў у Хадасах і Філіпавічах.
Вясковыя актывісты аказваюць дапамогу ў навядзенні парадку ў вёсках, у добраўпарадкаванні пагостаў, інфармуюць сельвыканкам аб стыхійных смецце-звалках, дапамагаюць участковаму інспектару ў прафілактыцы злачынстваў на бытавой глебе, выяўляюць няўдалыя сем’і, у якіх выхоўваюцца непаўнагадовыя дзеці, а бацькі злоўжываюць алкаголем… Непасрэдна праз іх адбываецца інфармаванне насельніцтва аб зборах мясцовых падаткаў, аб прынятых рашэннях сельвыканкама і сельскага Савета дэпутатаў, арганізуецца іх выкананне, абследуюцца матэрыяльна-бытавыя і жыллёвыя ўмовы вяскоўцаў.
Многае ў старастаў атрымліваецца дзякуючы асабістай ініцыятыве і ўменню працаваць з людзьмі. Апошнія ім давяраюць, таму што пражылі побач не адзін дзясятак гадоў. Прыкладаў бездакорнай працы вясковых старастаў нямала. Умела спраўляюцца са сваімі абавязкамі Галіна Вайтовіч, Уладзімір Кірыльчук, Алена Балюк, Васіль Пешка, Алена Пратасюк, Валянціна Станчук, Надзея Юдзіна, Галіна Кладніцкая, іншыя”.
Вясковыя старасты больш іншых перажываюць за парадак на сваёй маленькай Радзіме. Многія з іх ужо ва ўзросце, магчыма і не такія “прабіўныя”, але затое чулыя і адказныя. Аб тым, ініцыятарамі якіх спраў у сваіх населеных пунктах былі летась, яны і падзяліліся на раённым сходзе. У прыватнасці, старшыня райсавета старастаў, стараста Федзькавічаў Валянціна Аляксееўна Дацкевіч заўважыла: “Стараюся, каб людзям жылося ўтульна і камфортна, арганізоўваю іх на добрыя справы, за якія не плацяць. І атрымліваецца: штогод перад Вялікаднём прыбіраем вясковы пагост, таму што ёсць на ім многа забытых, закінутых магіл; дапамагаем прыбраць падворкі нямоглым людзям; разам з участковым інспектарам папярэджваем аб “гасцях-чужынцах”. Летась правялі свята вёскі Задзерць. Якія актыўныя былі жыхары! Ёсць у нас і праблема: у Федзькавічах зачынілі аддзяленне паштовай сувязі, карэспандэнцыю і перыёдыку развозіць машына. Вяскоўцам такая арганізацыя працы прынесла пэўныя нязручнасці. І вельмі непрыемна, што некаторыя забываюць простую ісціну: “Жывем на гэтым свеце не толькі для сябе, але і для людзей”.
— Вясковыя старасты, іх у нашым сельсавеце 16, — гэта памочнікі дзеючай улады, — сказаў старшыня Крыўлянскага сельвыканкама Анатоль Фёдаравіч Марчук. — Для іх няма закрытых тэм у адносінах з аднавяскоўцамі. Напрыклад, у Глыбокім райспажыўтаварыства зачыніла магазін, пусціла аўталаўку, каб адрэгуляваць графік работы яе, людзі пайшлі да старасты, а той просьбу перадаў нам у сельсавет.  Другая праблема ўзнікла, калі працаўнікам сельгаскааператыву пачалі выплачваць заробак па пластыкавых картках “Белаграпрамбанка”. Няма банкамата, таму што ў Крыўлянах працуе аддзяленне “Беларусбанка”. Не адбылося ўзаемаўзгаднення паміж банкамі. Старасты паведамілі аб праблеме.
Яшчэ нашы вясковыя актывісты дапамагаюць мясцовым уладам у добраўпарадкаванні населеных пунктаў і падтрыманні належнага санітарнага стану на падворках, у забеспячэнні людзей палівам на зімовы перыяд, абследуюць матэрыяльна-бытавыя і жыллёвыя ўмовы льготнай катэгорыі (на тэрыторыі сельсавета пражывае пяць ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, кожны чацвёрты старэй працаздольнага ўзросту), потым распрацоўваюцца мерапрыемствы, якія выконваюцца агульнымі намаганнямі, у тым ліку і старастамі. Апошнія, дарэчы, да любога даручэння адносяцца сумленна, за што мы ім удзячныя.
Начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама У.Ц.Барысюк, выступаючы на сходзе, засяродзіў увагу прысутных на крымінагеннай сітуацыі, якая склалася сёлета на Жабінкаўшчыне; на прафілактыцы дамашняга насілля і п’янства; на сумеснай рабоце старастаў з добраахвотнымі дружынамі ў ахове грамадскага парадку.
Галоўны санітарны ўрач раёна Н.П.Шосцік заўважыла, што ўсе мы павінны выконваць правілы добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў. Аднак некаторыя ігнаруюць іх. На слайдах яна паказала, непрыгляднасць некаторых кантэйнерных пляцовак, размаляванасць аўтобусных прыпынкаў, нясвоечасовы вываз кантэйнераў, праблемы з попелам у вёсках, стан палігонаў цвёрдых бытавых адходаў, у прыватнасці, камунальная служба забывае іх ушчыльняць, прысыпаць грунтам. У выніку насельніцтва, прывозячы смецце на палігон, выкідвае яго абы куды. Яшчэ яна папрасіла навесці парадак ля Залуззеўскага дома творчасці (паўразбураны плот, дарожка ўся ў выбоінах), а таксама ля іншых помнікаў, што ёсць у вёсках, тым болей, што неўзабаве будзем святкаваць 70-годдзе вызвалення Беларусі ад фашыстаў.
Начальнік землеўпарадкавальнай службы райвыканкама Л.М.Сакалова, у прыватнсці, выказала такую думку, што вясковыя старасты павінны быць інфармаванымі, а таму пазнаёміла з новымі нормамі ў атрыманні і выдачы зямельных участкаў паводле заканадаўства. А яшчэ адзначыла такіх старастаў як Аляксандр Батуля, Валянціна Дацкевіч, Марыя Авярчук, якія пастаянна цікавяцца зямельнымі пытаннямі. Вядома, яны ў гушчыні тых праблем, што ўзнікаюць у вёсках.
Пасля падвядзення выні-
каў работы за 2013 год і акрэслівання перспектыў на сёлетні адбылося ўзнагароджванне Пісьмамі падзякі райвыкнакама і каштоўнымі падарункамі старастаў А.А.Балюк з аграгарадка Крыўляны, Л.М.Зэлька з Бараноў, М.С.Мацкевіч з Задзерці, А.П.Пратасюк з аграгарадка Ленінскі, Н.Р.Юдзіну з Малых Сяхновічаў, І.М.Ярашчук з Пшанаёў.
У рабоце сходу прыняў удзел і выступіў старшыня абласнога Савета дэпутатаў С.Д.Ашмянцаў.
Людміла КОСЦІНА.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro