Галоўная ўвага эфектыўнасці вытворчасці

Галоўная ўвага эфектыўнасці вытворчасці

IMG_8129Дарогі — гэта твар горада, сельскай мясцовасці, краіны ў цэлым. Калектывам Жабінкаўскага ДРБУ №103 адрамантаваны, рэканструяваны і пабудаваны сотні кіламетраў іх, добраўпарадкаваны дзясяткі населеных пунктаў, тэрыторыі жывёлагадоўчых фермаў і мехдвароў, выкананы работы на шматлікіх іншых аб’ектах. Пра тое, як працавалі ў мінулым годзе і аб планах на сёлетні  размова з начальнікам філіяла КУП “Брэстаблдарбуд” Жабінкаўскае ДРБУ №103 А.М.Марчанкам.
— Алег Мікалаевіч, як прайшла зіма ў дарожнікаў?
— А колькі яе было, той зімы? Складанымі былі толькі два тыдні са снегам, вятрамі і маразамі да -20 градусаў: прыходзілася напружана працаваць, ачышчаць дарогі, каб жыхары горада і раёна маглі без перашкод дабрацца да месцаў працы або вучобы. Займаліся бягучым рамонтам дарог і вуліц у населеных пунктах: падсыпалі пясок, гравій. У лютым у кааператыве індывідуальных забудоўшчыкаў “Пралеска”, што на вуліцы Шашэйная, асвоілі 616 мільёнаў рублёў: зрабілі гравійную дарогу, пры будаўніцтве якой выкарыстоўвалі сумесь гравію і шчэбеню.
— На сходзе ў мінулым месяцы вы падводзілі вынікі работы калектыву за 2013 год. Пералічыце, калі ласка, яго здабыткі.
— Летась выканана дарожных работ у дзеючых цэнах на 23 млрд. рублёў, што склала 159% да 2012 года, а ў супастаўных — 118,1%. Прыбытак за год — 1,3 млрд. рублёў, што ў 4,5 раза больш, чым у 2012 годзе.
Ажыццявілі бягучы рамонт 11,2 кіламетра аўтамабільных дарог. Асвоілі пракладку ўдасканаленых пакрыццяў (асфальтабетоннага і чорнагравійнага) на пад’ездзе да аграгарадка Крыўляны. Актыўна ўдзельнічалі ў добраўпарадкаванні горада Ляхавічы да абласных “Дажынак”. Брыгада жабінкаўскіх дарожнікаў працавала там некалькі месяцаў,  асвоена больш за мільярд рублёў. Выконвалі таксама работы па дагаворных абавязацельствах на аб’ектах у Брэсцкім і Камянецкім раёнах.
У рамках праграмы мадэрнізацыі вытворчасці набылі тры адзінкі новай тэхнікі: сядзельны цягач МАЗ з паўпрычэпам, грузавы аўтамабіль самазвал МАЗ грузападымальнасцю 20 тон і грузапасажырскі аўтамабіль “Газель” для перавозкі людзей.
— Поспехі арганізацыі дасягаюцца дзякуючы зладжанай працы калектыву. Раскажыце пра сваіх работнікаў.
— Зараз у нас 74 чалавекі. Калектыў працавіты і дружны. Нямала добрасумленных работнікаў. Гэта механік Віктар Галавейка, які паводле вынікаў работы за 2013 год занесены ў Галерэю працоўнай славы раёна, вадзіцель пагрузчыка Аляксандр Голях, машыніст экскаватара Канстанцін Кузьменя, вадзіцелі аўтамабіляў Аляксандр Старыкевіч і Мікалай Залеўскі, трактарыст Аляксандр Мельнічэнка, галоўны бухгалтар Валянціна Кірылюк. Не магу не назваць і ветэранаў ДРБУ №103, заслугі якіх неаднаразова адзначаліся не толькі ў нашай арганізацыі, але і кіраўніцтвам раёна: гэта прараб Дзмітрый Старыкевіч, узнагароджаны галіновым значком “Ганаровы дарожнік Беларусі” 2 ступені, майстар Віталь Місіюк, машыністы прычапных грэйдараў Аляксей Максімук і Рыгор Грыгарук, трактарыст Міхаіл Грамічук і дарожная рабочая Таццяна Калюшык.
— Якія задачы стаяць перад калектывам у бягучым годзе?
— Раней ад нас патрабавалі нарошчвання аб’ёмаў работ. Зараз задачы крыху змяніліся, упор робіцца на эфектыўнасць вытворчасці. Трэба, каб рост прадукцыйнасці працы на аднаго работніка быў вышэй за рост яго заработнай платы мінімум на 5%. На сёлетні нам давялі 6%. Адзначу, што за два месяцы года гэты паказчык склаў 9%. Дарожных работ за адпаведны перыяд выканана на 2,214 млрд. рублёў, што на 30% больш у параўнанні з 2013-м. Нядрэнныя паказчыкі, але хочацца дасягнуць яшчэ лепшых. Усё залежыць ад стабільнага фінансавання і забеспячэння паліўна-змазачнымі матэрыяламі.
У сёлетніх планах давесці сярэднюю зарплату да 5,8 мільёна рублёў, атрымаць выручку ад рэалізацыі работ 432,8 мільёна рублёў на аднаго работніка, асвоіць 30 мільярдаў рублёў. Плануем зрабіць удасканаленае пакрыццё дарогі да Вежкаў, Агароднікаў, а таксама прыняць удзел у добраўпарадкаванні дваровых тэрыторый на вуліцах Зарэчная і Моладзевая.
— Чым занятыя жабінкаўскія дарожнікі сёння?
— Зараз напружана працуем на аб’екце “Дыягнастычная станцыя №222” у Жабінцы: устанаўліваем барты, кладзем плітку. Трэба яшчэ заасфальтаваць пляцоўку і частку вуліцы Ф.Скарыны, што прылягае да станцыі. Увод аб’екта плануецца ў сакавіку. “Латаем” “вопратку” мясцовых дарог, каб да вясновага агляду ліквідаваць ямкі. Галаўны боль для нас — прыдарожнае смецце. Прыбіраем, а яно зноў “вырастае”. Гэта гаворыць аб нізкай культуры людзей. Мы робім дарогі роўнымі, а вы дапамажыце захоўваць іх чыстымі.
Гутарыла Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top