Крок насустрач будучыні, або Пуцёўкі ў дарослае жыццё

Крок насустрач будучыні, або Пуцёўкі ў дарослае жыццё

IMG_7855Цырымонія ўручэння пашпартоў маладым грамадзянам “Крок насустрач будучыні”, прымеркаваная да Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, адбылася 14 сакавіка ў зале пасяджэнняў райвыканкама. Павіншаваць маладое пакаленне краіны, падзяліць з ім важнасць і ўрачыстасць падзеі прыйшлі прадстаўнікі дзяржаўнай улады, грамадскіх аб’яднанняў, бацькі, настаўнікі і сябры.

Старшыня раённага выканаўчага камітэта Фёдар Фёдаравіч Каланчук у сваім выступленні нагадаў прысутным, што сёлета адзначаецца 20-годдзе з дня прыняцця Канстытуцыі сувярэннай Рэспублікі Беларусь.
— Канстытуцыя з’яўляецца асновай прававой сістэмы, забяспечвае стабільнае і зладжанае функцыянаванне ўсіх галін дзяржаўнай улады, устойлівае развіццё грамадства, — сказаў Ф.Ф.Каланчук. —  Яна адпавядае самым высокім стандартам і ўвабрала ў сябе лепшыя традыцыі і дасягненні нацыянальнага заканадаўства. Беларусы сёння маюць магчымасць займацца стваральнай працай, жыць у мірнай, спакойнай абстаноўцы.
Старшыня райвыканкама ўзгадаў, што сёлета грамадскае аб’яднанне “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” ўжо ў дзясяты раз праводзіць усебеларускую патрыятычную акцыю “Мы — грамадзяне Беларусі”, прымеркаваную да Дня Канстытуцыі. У ходзе яе маладым людзям уручаецца дакумент, які засведчвае асобу і пацвярджае прыналежнасць да сваёй краіны, — пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Стартавала акцыя 10 сакавіка ў Мінску, а 14-га далучыліся да яе і маладыя жабінкаўцы.
Прыкметны той факт, што раней пашпарты ўручалі тым, хто дасягнуў 16-гадовага ўзросту, а з 9 жніўня 2012 года ўзроставы парог зніжаны да 14. Гэта тлумачыцца тым, што сённяшняя моладзь у сілу розных прычын развіваецца хутчэй. Таму ў Беларусі паклапаціліся, каб інтэлектуальнае развіццё маладых людзей суправаджалася грамадзянскай сталасцю.
Старшыня райвыканкама выказаў спадзяванне, што прысутныя ў зале прадстаўнікі маладога пакалення стануць дастойнымі грамадзянамі Беларусі і ўнясуць свой уклад у развіццё краіны.
Затым пашпарты з рук кіраўніка раёна атрымалі Алена Баброва, Юлія Галоўчык, Яна Радчук, Міхаіл Бакун, Дар’я Казулька, Дар’я Стасюк, Ганна Кузіч, Аляксандра Арэпчук, Вадзім Дыдзік, Дар’я Нічыпарук, Марыя Ігнацюк, Павел Галоўчык і Ангеліна Кацялюк. Разам з дакументам сталасці былі ўручаны Асноўны Закон краіны і кніга “Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь”.
Да маладых людзей з віншавальным словам звярнулася выконваючая абавязкі першага сакратара РК ГА “БРСМ” Вольга Міхайлаўна Плавух. Яна нагадала, што быць грамадзянінам — вялікая адказнасць як перад грамадствам, так і перад самім сабой.
— Вам пашчасціла атрымаць пашпарты пад час юбілейнай акцыі “Мы — грамадзяне Беларусі” ў юбілейны для беларускай Канстытуцыі год, — адзначыла В.М.Плавух. — Вы, маладыя, — будаўнікі будучыні, апора старэйшага пакалення. Жадаю вам здароўя, дабрабыту, вялікіх дасягненняў і ніколі не заставацца раўнадушнымі.
У такі ўрачысты і важны дзень побач з юнакамі і дзяўчатамі прысутнічалі іх бацькі. Яны хваляваліся не менш за сваіх “пасталелых” дзяцей, у вачах некаторых былі слёзы. Ад імя бацькоў добрыя пажаданні адрасавала маладым людзям Наталля Расціславаўна Баброва.
— Сёння асаблівы, радасны, хвалюючы, урачысты дзень для тых, хто знаходзіцца ў гэтай зале. Кожнаму з вас, 14-гадовых, уручылі пашпарт — важны дакумент, які сведчыць, што вы — грамадзяне Беларусі. Цяпер вы павінны зразумець, што трэба станавіцца больш сур’ёзнымі і адказнымі. Канстытуцыя Беларусі дае шмат магчымасцяў, і я жадаю скарыстацца імі, пабудаваць сваё жыццё так, каб бацькі ганарыліся вамі.
Вучаніца Азяцкай сярэдняй школы Дар’я Нічыпарук выступіла ад імя маладых грамадзян, што атрымалі пашпарты.
— Мы — грамадзяне Беларусі, — адзначыла яна. — І дзе б мы ні знаходзіліся, на тэрыторыі краіны ці за яе межамі, ганарымся, што беларусы. Быць беларусам — значыць, адчуваць сябе значным для свайго горада, народа, дзяржавы, якая ўскладае на маладых на-дзею на ўмацаванне суверэнітэту краіны. Мы абяцаем апраўдаць аказаны нам давер і будзем рабіць усё магчымае, каб Радзіма намі ганарылася. Абяцаем быць сумленнымі і прынцыповымі, гуманнымі і справядлівымі, ніколі не спыняцца на дасягнутым.
Прысутнічалі на ўрачыстым мерапрыемстве і маладыя людзі, якія дасягнулі паўналецця, атрымалі канстытуцыйнае права удзельнічаць у выбарчай кампаніі 2014 года. Малады выбаршчык Ксенія Селівонік падкрэсліла ў сваім выступленні, што 15 сакавіка для кожнага беларуса — свята патрыятызму, глыбокай любові да сваёй краіны, і запэўніла, што маладыя выбаршчыкі абавязкова скарыстаюцца сваім правам і прымуць актыўны ўдзел у выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў.
Узнёслы настрой удзельнікам урачыстасці стварылі спявачкі Аксана Пракошына і Ірына Рынчук, юныя спевакі пад кіраўніцтвам Вікторыі Міцковіч, а таксама вядучыя Алеся Жукава і Сяргей Макарук.
Наперадзе ў юнакоў і дзяўчат, што атрымалі пуцёўкі ў дарослае жыццё, шмат значных падзей: заканчэнне школы, атрыманне атэстата сталасці, паступленне ў вышэйшыя і сярэднія навучальныя ўстановы. Але я ўпэўнена, што дзень уручэння пашпартоў запомніцца ім надоўга, а сама гэтая падзея стане сапраўды крокам насустрач будучыні.IMG_7851
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.    
Фота Ірыны ЖУК. 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top