“Вам за мяне не будзе сорамна”

“Вам за мяне не будзе сорамна”

IMG_7674Гэтыя словы, што неаднойчы паўтараліся менавіта на роднай мове, сталі лейтматывам сустрэч кандыдата ў дэпутаты абласнога Савета дэпутатаў Сяргея Дзмітрыевіча Ашмянцава з выбаршчыкамі. Яны праходзілі 10 і 12 сакавіка са спецыялістамі буйнейшых прадпремстваў раёна — цукровага і камбікормавага заводаў.
Акрамя дырэктараў заводаў В.Р.Міронава і В.К.Волка, тут прысутнічалі старшыня райвыканкама Ф.Ф.Каланчук і старшыня раённага Савета дэпутатаў С.В.Мартысюк.
Характарызуючы кандыдадата ў дэпутаты, Сяргей Васільевіч Мартысюк, прынамсі, адзначыў:
— Ужо чвэрць стагоддзя ведаю Сяргея Дзмітрыевіча як чалавека працавітага і адказнага. Ягоная дзейнасць адзначана ўрадавымі ўзнагародамі, ганаровым званнем заслужаны работнік аграпрамысловага комплексу Рэспублікі Беларусь. Гэта чалавек слова і справы, на-дзейны, здольны, калі ёсць пытанне ці ўзнікла праблема, разбярэцца і дапаможа вырашыць з чалавечай адказнасцю і чуласцю.
З нашым раёнам С.Д.Ашмянцаў шчыльна звязаны з 2002 года, калі стаў намеснікам старшыні Брэсцкага аблвыканкама і курыраваў пытанні сельскай гаспадаркі. У тыя няпростыя гады, як адзначалі выступоўцы, нашаму датацыйнаму раёну патрэбна была падтрымка, якая была аказана новым абласным кіраўніком.
У час мадэрнізацыі, у тым ліку і на жабінкаўскіх заводах, дапамога гэтая была адчувальная: паводле лізінгавых праграм набывалася сучасная тэхніка, неабходная для развіцця вытворчасцяў на Жабінкаўшчыне. Яшчэ больш моцнай стала сувязь дэпутата з раёнам у 2007 годзе, калі ён быў выбраны ў абласны Савет дэпутатаў ад Жабінкаўскай выбарчай акругі №30, а затым дэпутаты выказалі яму давер і абралі сваім старшынёй. Пры садзейнічанні С.Д.Ашмянцава выдзяляліся сродкі з абласнога бюджэту на многія сацыяльна-эканамічныя праграмы, што вырашаюцца ў нашым краі; быў праведзены абласны фестываль-кірмаш “Дажынкі-2007”, які паспрыяў абнаўленню райцэнтра; з ягонай лёгкай рукі распрацавана і запушчана ў дзеянне праграма газіфікацыі Жабінкаўшчыны, што працягваецца і зараз; пры актыўнай яго дапамозе была заасфальтавана дарога да Крыўлянаў, а сёлета гэтая работа працягнецца і ў накірунку Вежак; у 2013 годзе з дапамогай С.Д.Ашмянцава выдзелена 5 мільярдаў рублёў на рамонт райбальніцы ў Жабінцы; сёлета плануецца завяршыць будаўніцтва моста праз Мухавец — і гэта толькі найбуйнейшыя справы, падкрэсліў у сваім выступленні С.В.Мартысюк, якія “вырашаліся і вырашаюцца з дапамогай чалавека, пра якога з гонарам мы можам гаварыць: “Гэта наш дэпутат”.
Затым слова ўзяў сам кандыдат. С.Д.Ашмянцаў падзякаваў жабінкаўцам за давер, адзначыў, што ніколі не бег ад адказнасці, ведае жыццё ва ўсіх яго праяўленнях, бо прайшоў на сваім жыццёвым шляху ўсе прыступкі кар’ернай лесвіцы: нарадзіўся ў сялянскай сям’і, з маленства ўлюбёны ў тэхніку, атрымаў інжынерную адукацыю, звязаў свой лёс з сельскай гаспадаркай, затым пачаў дзейнасць кіраўніка розных узроўняў.
У прамове Сяргей Дзмітрыевіч таксама патлумачыў, што ў жыцці рэаліст, а не чараўнік, здольны будаваць масты, заводы, дарогі з дапамогай нейкай чароўнай палачкі, але ведае праблемы раёна і тое, што ў ягоных сілах, будзе старацца давесці да станоўчага выніку. Напрыклад, цукравараў хвалюе ачыстка возера Візжар, пад’езд да прадпрыемства вялікагрузнага транспарту, а працаўнікоў камбікормавага завода — рамонт вуліцы Леніна ў накірунку да вёскі Здзітава, дзе пры імклівым руху аўтамабіляў дасюль адсутнічаюць тратуарныя дарожкі і пешаходны пераход у вельмі небяспечным месцы, і інш.
Кандыдат у дэпутаты запэўніў, што да ўзнятых праблем абавязкова вернецца, возьме іх пад уласны кантроль, каб затым разгледзець сумесна са спецыялістамі і, па-магчымасці, дапамагчы ў вырашэнні. Да ягоных слоў далучыўся старшыня райвыканкама Ф.Ф.Каланчук, які таксама паабяцаў садзейнічаць са свайго боку.
Напрыканцы прысутныя былі запрошаны 23 сакавіка прыйсці на выбарчыя ўчасткі, каб выканаць свой грамадзянскі абавязак.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымку: С.Д.Ашмянцаў у час сустрэчы з выбаршчыкамі на цукровым заводзе.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro