Маёй краіны галоўны закон

Маёй краіны галоўны закон

IMG_6814 копия

Напярэдадні аднаго з галоўных святаў краіны — Дня Канстытуцыі — 17 выхаванцаў з Жабінкаўскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната пабывалі ў сталіцы. Мэтай іх паездкі, якая, бясспрэчна, надоўга застанецца ў памяці, было наведванне “Музея сучаснай беларускай дзяржаўнасці”.
— ВЯРНУЛІСЯ Ў ЗАХАПЛЕННІ, з адчуваннем гонару за родную дзяржаву, якая славіцца сваімі дасягненнямі і людзьмі. Трэба было бачыць, наколькі ўсхвалявала школьнікаў гэтае падарожжа, — расказвае завуч школы Т.А.Таўрэль. — Музей месціцца ў прэзідэнцкай рэзідэнцыі.
Цікавую экскурсію правялі супрацоўнікі музея. Дзеці даведаліся пра гісторыю стварэння роднай краіны, яе дзяржаўную сімволіку, святы, што пазначаны ў календары чырвоным колерам. Уразілі шматлікія макеты буйнейшых беларускіх прадпрыемстваў, і, канечне, школьнікі пачулі расповед пра асноўныя палажэнні галоўнага Закона краіны.
Да Дня Канстытуцыі ў школе-інтэрнаце традыцыйна праводзіцца мноства мерапрыемстваў, што ўключаны ў акцыю “Мы — грамадзяне Рэспублікі Беларусь”. Вучні 5-11 класаў наведалі тэматычны кіналекторый у кінатэатры “Юбілейны”, сустрэліся з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі Анатолем Аляксандравічам Старыцкім, які правёў з імі размову на тэму “Канстытуцыя Беларусі — галоўная кніга краіны”. Хлопчыкі і дзяўчынкі таксама паўдзельнічалі ў конкурсе малюнкаў, прысвечаным правам і абавязкам грамадзяніна дзяржавы. Напярэдадні свята навучэнцы старэйшых класаў разважалі, наколькі сур’ёзны дакумент “Канстытуцыя”, і працягвалі разам са сваімі выхавальнікамі знаёмства з яе зместам у час класнай гадзіны.
— Пад час гэтых размоў мы даводзім вучням, — разважае Тамара Аляксандраўна, — наколькі важным з’яўляецца для кожнай краіны (і наша таксама не выключэнне) мець на абароне чалавечых правоў Асноўны закон, у якім прапісаны дзеля выканання ўсімі людзьмі галоўныя правы і грамадзянскія свабоды. Тым больш, што на нашых выхаванцаў дзяржава звяртае асаблівую ўвагу, дапамагаючы дзецям, якія ўжо з маленства сутыкнуліся са значнымі праблемамі, трымацца ў жыцці.
Сёння ў школе-інтэрнаце навучаецца 114 хлопчыкаў і дзяўчынак з усіх без выключэння раёнаў Брэсцкай вобласці. Існаванне такой установы дазваляе ім атрымаць адпаведную якасную адукацыю, што ёсць выкананнем іх канстытуцыйнага права на адукацыю, падкрэслівае завуч. Паколькі існуе зразумелая спецыфіка ў выкладанні прадметаў, заняткі праводзяцца паводле праграмы для дзяцей з цяжкасцямі ў навучанні (школьнікі папярэдне праходзяць праз карэкцыйны цэнтр, дзе вызначаецца аб’ём адукацыі, школьная праграма карэкціруецца, у пэўнай меры прыстасоўваецца да вучня, а некаторым прызначаецца больш простая для засваення).
— Калі ўрач рэкамендуе, — тлумачыць Т.А.Таўрэль, — разам са шрыфтам Брайля, якім карыстаюцца невідушчыя, стараемся, каб дзіця асвойвала і звычайны пласкасны шрыфт. Гэта дапаможа ў жыцці.
Як вынік , штогод амаль кожны пяты выпускнік школы- інтэрната паступае ў вышэйшыя навучальныя ўстановы краіны, найперш у Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна, часцей выбіраюць гуманітарны напрамак — гістарычны і псіхалагічны факультэты.
Значным поспехам у школе-інтэрнаце лічаць перамогу колішняй выпускніцы Хрысціны Кузьміцкай, што стала найлепшай у конкурсе “Я самы рэабілітаваны” ў Брэсце, а затым годна прадстаўляла сваю навучальную ўстанову ў спаборніцтве, якое ладзілася ў сталіцы, і была адзначана ў некалькіх намінацыях.
ГАЛОЎНЫ ЗАКОН краіны гарантуе права на лячэнне і адпачынак. Двойчы на год за дзяржаўны кошт для ўсіх дзяцей Жабінкаўскай школы-інтэрната праводзіцца профільнае лячэнне. Яно ўключае ў сябе і заняткі на апаратах, якія рэкамендуюць урачы дзеля падтрымання зроку, і шматлікія спецыяльныя працэдуры: медыкаментозныя, фізіяпрацэдуры, плеаптычныя на апаратах “Аист” для трэніроўкі зроку, “Синоптафор” дзеля выпраўлення касавокасці, акрамя таго, паводле зваротаў дзяцей праводзіцца цэлы курс лячэння.
Канстытуцыя гарантуе беларускім грамадзянам свабоду выезду ў іншыя куткі зямлі. Гэта дазваляе падтрымліваць добрыя адносіны з замежжам. За кошт італьянскага дабрачыннага фонду “Дапаможам ім жыць”, з якім школа ўсталявала адносіны каля 20 гадоў таму, праводзяцца аперацыі ў Мілане. Вось і сёлета італьянскія ўрачы дапамаглі шасцікласніку Паўлу Краснапольскаму, які па запрашэнні выязджаў з мамай на лячэнне ў Мілан.
— Штогод нашы сіроты (а іх трынаццаць) праходзяць аздараўленне ў санаторыях, — працягвае расказ Тамара Аляксандраўна. — Гэта таксама адбываецца за кошт дзяржавы, для гэтага існуе наш профільны рэспубліканскі санаторый “Багатыр” у Мінскай вобласці. Там спецыялісты падтрымліваюць дзяцей, якія маюць праблемы са зрокам. Два разы на год вы-дзяляюцца дзяржаўныя датацыі, што дазваляе ахопліваць аздараўленнем значную частку школьнікаў.
Улетку для сваіх выхаванцаў школа набывае пуцёўкі (даводзіцца звяртацца і да шматлікіх спонсараў, якія дапамагаюць дзецям са школы-інтэрната ўвесь гэты час праводзіць у летніку). У асноўным для гэтай мэты існуе лагер “Арляня”, размешчаны ў нашым раёне. Там дзяцей са школы-інтэрната ўжо добра ведаюць, іх прымаюць, бы родных, і дырэктар Ніна Васільеўна Дацэнка, і выхавальнікі. Неацэнная дапамога ў справе аздараўлення і дабрачыннага фонду з Мілана, пра які ішла гаворка вышэй. За 20 гадоў сотні дзяцей адпачылі ў цудоўнай міжземнаморскай краіне.
НЕЛЬГА НЕ СКАЗАЦЬ аб тым, што ў Беларусі апошнім часам запальваюцца шматлікія творчыя “зорачкі”, падкрэсліла суразмоўца. Гэта магчыма, бо дзяржава клапоціцца пра сваё юнае пакаленне. Сёння ў школе-інтэрнаце працуюць 13 гурткоў. Два з іх, дзе вырабляюць керамічныя рэчы і мяккія цацкі, дзейнічаюць на базе Жабінкаўскага цэнтра пазашкольнай работы. Самыя шматлюдныя гурткі — харавы і эстрадных песень пад кіраўніцтвам былога выпускніка школы Эдуарда Пішчыка. Шмат разоў выхаванцы былі пераможцамі рэспубліканскага конкурсу “Вясёлкавы карагод”. “Зорачка”, што зараз ззяе на небасхіле, — Сафія Марцішка з 4 класа. Дзяўчынка мае ўзнагароды і падарункі, а летась у Мінску выступіла з прадстаўнікамі фонду, які ўзначальвае знакамітая расійская спявачка Дыяна Гурцкая. Цяпер маленькая артыстка з Жабінкі рыхтуецца да міжнароднага фестывалю, што пройдзе ў пачатку красавіка ў беларускай сталіцы. З ініцыятывы Брэсцкага абласнога аддзялення дзіцячага фонду школа рыхтуе дакументы, каб вылучыць Сафію на стыпендыю міжнароднай асацыяцыі дзіцячых фондаў “Мы верым у цябе”.
Колькі слоў і аб праве на сям’ю, замацаваным у нашай Канстытуцыі. Хоць большасць дзяцей, што займаюцца ў школе-інтэрнаце, маюць бацькоў, але ёсць і сіроты, для якіх адміністрацыя і выхавальнікі стараюцца стварыць цёплыя ўмовы. Існуе 10 патранатных сем’яў, у якія дзяцей забіраюць на выхадныя дні, канікулы. Сярод іншых да гэтай высакароднай справы далучыліся работнікі ўстановы Г.У.Юдчыц, Н.А.Мазанік, В.М.Салей. Ёсць і прыёмныя сем’і. Напрыклад, С.І.Сасноўская выхоўвае вучня 11 класа Дзмітрыя Грэля.
І цяпер у чарговы раз дырэкцыя школы-інтэрната звяртаецца да жыхароў раёна з вялікай просьбай, каб тыя, хто мае магчымасці і жаданне, прымалі выхаванцаў з ліку дзяцей-сірот на час канікулаў у свае сем’і.
Анатоль РОСТАЎ.

Фотакалаж Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top