Творчасць, сагрэтая любоўю да людзей

Творчасць, сагрэтая любоўю да людзей

originalВельмі балюча і горка, што юбілей знакамітага класіка ўкраінскага прыгожага пісьменства  Тараса Шаўчэнкі супаў з драматычнымі падзеямі ў яго роднай Украіне. Сам жа Тарас Рыгоравіч усё сваё жыццё змагаўся з гвалтам і прымусам, а сваімі творамі супрацьстаяў войнам і ўсялякага роду агрэсіям… Нельга забываць, што ён выступаў за ўмацаванне дружбы паміж народамі, за яднанне ўсіх славянскіх народаў у барацьбе за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне.
Нарадзіўся будучы пісьменнік 9 сакавіка 1814 г. у вёсачцы Морынцы Звянігарадскага раёна Чаркаскай вобласці.  Ён увайшоў у гісторыю як паэт, мастак і рэвалю-цыянер-дэмакрат. Стаў заснавальнікам  новай украінскай літаратуры і нацыянальнай літаратурнай мовы.
Пісаць пачаў каля 1836 года. Выдаў зборнікі “Кабзар”, “Чыгірынскі Кабзар”, іншыя.  Ужо ў ранняй творчасці праявіў сябе ў жанры верша, балады, паэмы, драмы. Ён стаў таксама выдатным  майстрам партрэта, гістарычных і жанравых кампазіцый, ілюстрацый, натурных замалёвак, афортаў. А за працы ў галіне гравюры ў 1860 годзе нават атрымаў пачэснае званне акадэміка.
Упершыню з Беларуссю Шаўчэнка пазнаёміўся ў час паездкі ў ліку дваровых з Украіны ў Вільню яшчэ ў 1829 годзе. Праязджаў пісьменнік “беларускім трактам” з Пецярбурга ва Украіну і ў 1843 годзе, а потым пад канвоем з Кіева ў Пецярбург у 1847 г.
Цёплыя ўспаміны пра Беларусь мы знаходзім у “Дзённіку” Шаўчэнкі, які быў напісаны ў 1857-58 гг. Збіраўся ён  прыехаць і  ў вёску Рачкавічы Слуцкага раёна, дзе жыў мастак Б.Залескі, з якім паэт пазнаёміўся ў ссылцы ў 1849 г. і прысвяціў яму верш “Як мы былі яшчэ казакамі”. Надзвычай цікавіўся беларускай літаратурай, мовай, фальклорам. Пасля ссылкі быў у блізкіх адносінах са скульптарам М.Мікешыным, сустракаўся з В.Каліноўскім (братам К.Каліноўскага). Адметна, што і многія творы Шаўчэнкі ўвайшлі ў беларускі фальклор, сталі народнымі песнямі. А гэта ўжо найвышэйшая народнасць творцы!
На беларускую мову першыя пераклады твораў Шаўчэнкі  ажыццявіў Я.Купала (вершы “Думка”, “Мінаюць дні, мінаюць ночы”, потым Х.Чарнышэвіч — паэма “Кацярына”. Творчасць Шаўчэнкі актыўна падтрымлівала газета “Минский голос”. А ў аснове паэмы “Тарасова доля” Я.Купалы — жыццёвы шлях вялікага Кабзара.
Бессмяротныя радкі Кабзара: “В ком нет любви к стране родной, те сердцем нищие калеки”. Гэтыя радкі трэба часцей узгадваць многім патрыётам, для якіх любоў да Бацькаўшчыны штучная, таму што сэрцы іх — папяровыя…
Канстанцін КАРНЕЕЎ.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*