Вясна патрабуе чысціні і парадку

Вясна патрабуе чысціні і парадку

У час маніторынгу тэрыторый і аб’ектаў Жабінкаўскага раёна, праведзенага з 18 па 26 лютага бягучага года ў рамках падрыхтоўкі да Чэмпіянату свету ў хакеі, былі выяўлены парушэнні іх санітарнага стану.
Уразілі антысанітарыяй гаражныя масівы, што размешчаны на вуліцах Чкалава і Пушкіна ў Жабінцы. Тэрыторыя першага засмечана пластыкавымі і шклянымі бутэлькамі, паперкамі, агароджа кантэйнернай пляцоўкі паўразбураная, кантэйнеры непафарбаваныя, на іх адсутнічаюць накрыўкі. Тэрыторыю другога “ўпрыгожваюць” звалкі расліннага смецця і металалому.
Месцы, дзе людзі знайшлі свой апошні спачын, павінны быць чыстыя і дагледжаныя. На прылеглых тэрыторыях да могілак па вуліцы Міру ў Жабінцы і ў вёсцы Здзітава ўтвораны звалкі смецця. На кантэйнерах, што там знаходзяцца, адсутнічаюць накрыўкі і не абазначаны іх уласнік і тып адходаў. Дарэчы, сельскія могілкі ў цэлым чысцейшыя, чым гарадскія.
Што датычыцца прыватных домаўладанняў, асноўная маса людзей стараецца падтрымліваць парадак ля сваіх двароў. Аднак нямала і нядбайных гаспадароў. Няма належнага парадку на тэрыторыях, якія прылягаюць да прыватных домаўладанняў на вуліцах Камуністычная, Ф.Скарыны і іншых у Жабінцы і на вуліцах Вішнёвая і Прыгарадная ў Здзітаве: у гаспадароў “не даходзяць рукі” прыбраць раслінныя адходы і бытавое смецце, тут складзіруюцца будаўнічыя матэрыялы.
Кантэйнерныя пляцоўкі для збору другаснай сыравіны КУМПП ЖКГ «Жабінкаўская ЖКГ», што на вуліцах Цэнтральная і Міру ў Жабінцы, неабгароджаныя.
Непрыемнае ўражанне пакінула і наведванне вёскі Ракітніца. Кантэйнеры для збору бытавога смецця былі перапоўненыя, ачыстка кантэйнераў і вываз смецця, як высветлілася, ажыццяўляюцца адзін раз на тыдзень, што, безумоўна, недастаткова.
На міні-палігонах для цвёрдых камунальных адходаў КУМПП ЖКГ «Жабінкаўская ЖКГ» у пасёлку Ленінскі і вёсцы Ракітніца адсутнічаюць шлагбаўмы, рэгулярна не прыбіраюцца ад бытавога смецця санітарна-ахоўныя зоны, не праводзіцца яго своечасовае ссоўванне і прысыпка.
Не радуе вока падарожнікаў і пляцоўка адпачынку «Чыжэўшчына» ДЭУ-22 г.Кобрына на трасе М-1 з перакошанай альтанкай. Наўрад ці захочацца каму-небудзь тут спыніцца:  адпачынак з прыемнасцю для душы і без пагрозы для здароўя (раптам альтанка абваліцца?) не атрымаецца.
Каб дабавіць лыжку мёду ў бочку з дзёгцем, адзначым, што пад час маніторынгу прыемнае ўражанне пакінула тэрыторыя гаражнага кааператыва “Магістраль”. Чыста было ля школ і дзіцячых садоў, а таксама каля ПМК-19 УП «Брэстводбуд» і Жабінкаўскага цэха газазабеспячэння.
Вясна асацыіруецца з цеплынёй і чысцінёй, таму раім усім навесці парадак там, дзе жывяце і працуеце. Каб не было сорамна перад сваім сумленнем і перад гасцямі і ўдзельнікамі Чэмпіянату свету ў хакеі.
101_0938101_0941

 

 

Уладзімір Лапус, урач-эпідэміёлаг райЦГЭ; Ганна Рэмеш, памочнік урача-гігіеніста райЦГЭ.
На здымках: кантэйнер у вёсцы Ракітніца;
тэрыторыя, што прылягае да міні-палігона для цвёрдых камунальных адходаў у Ракітніцы.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top