… Жыцця зачын і пачатак песні новай

… Жыцця зачын і пачатак песні новай

IMG_4742 Любоў да роднага слова, да беларускай культуры трэба прывіваць з маленства, так лічаць супрацоўнікі раённай дзіцячай бібліятэкі.
Нядаўна яны правялі цікавае мерапрыемства “Сёння ў нашай хаце свята”, якое, думаю, дало штуршок для больш глыбокага вывучэння беларускай мовы і літаратуры. Гасцямі яго былі вучні СШ №1, для якіх былі аформлены цікавыя кніжныя выставы “Родная мова — беларуская спадчына”, “Падарожжа па Беларусі”. З іх можна было даведацца пра нашых пісьменнікаў, пра іх творчасць, пазнаёміцца і пачытаць цікавую кніжку, альбо адправіцца ў падарожжа па Беларусі, дзе на прыпынках чакалі цуды.  Аформленыя выставы дапоўніў столік з часопісамі, які быў засланы саматканым абрусам з беларускім арнаментам і гліняным посудам.
Напачатку сустрэчы вядучая — бібліятэкар Марына Кавыліна — павяла гаворку пра родную мову, якую мы чуем з маленства. Зазначыла, што, “… невычэрпная, багатая, самабытная, сакавітая і мілагучная наша родная беларуская мова!”. Так пісаў пра яе народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч. Так і ёсць на самой справе, калі ўслухацца ў беларускую гаворку.
А яшчэ хлопчыкі і дзяўчынкі даведаліся, што ў календары ёсць свята — Міжнародны дзень мовы, якое адзначаецца штогод 21 лютага. З ініцыятывай увесці яго выступіла краіна Бангладэш у 1957 годзе, дзе адстойвалася права вучыцца на роднай мове і дзе за гэта загінулі пяць студэнтаў. Больш за 6 тысяч моў налічваецца ў нашым рознакаляровым і рознагалосым свеце. Палова з іх пад пагрозай знікнення. Менавіта дзеля іх захавання ЮНЕСКА і абвясціла Дзень роднай мовы, каб хоць аднойчы на год на іх загаварылі, пра іх успомнілі.
Уважліва дзеці слухалі і пагаджаліся, што наша родная мова як песня… Яна бывае тужлівая і вясёлая, бадзёрая і самотная, ад яе хочацца плакаць і смяяцца… Менавіта народная песня з’яўляецца крыніцай, адкуль мы чэрпаем слова прыгожае, мілагучнае. Сказанае пацвердзіла песня “Рэчанька, рэчанька…” ў выкананні ансамбля “Песняры”. Гучалі вершы паэтаў, дзе гаварылася, што на Бацькаўшчыне яна не падчарка, а спрадвечная гаспадыня, што нашы бацькі, дзяды і прадзеды нямала зрабілі, каб беларускае слова было прызнана роўным сярод іншых у свеце. Калі наша мова і культура знікнуць, дык хто мы такія будзем, з чым пойдзем у свет? Зазыўнымі для гасцей бібліятэкі сталі словы вядучай: “Будзьце і вы разам з тымі, хто думае пра яе будучыню. Размаўляйце па-беларуску, бо заўтра наша мова вам, вашым дзецям і ўнукам стане неабходнай”.
IMG_4744Пасля сур’ёзнай размовы дзеці адгадвалі загадкі, якія ў займайльнай форме адлюстроўвалі гаспадарчую і працоўную дзейнасць чалавека, яго жыццёвы вопыт, працу, быт, раслінны і жывёльны свет. Загадкі прымусілі думаць, развівалі кемлівасць, фантазію.
Другі блок мерапрыемства бібліятэкарка распачала гаворкай пра гасціннасць беларусаў пад песню “Сёння ў нашай хаце свята” ў выкананні ансамбля “Верасы” і нагадала, што ў Беларусі 2014-ы аб’яўлены Годам гасціннасці. Усе, хто прыязджае да нас, адзначаюць гасціннасць, як адну з галоўных рысаў нашага народа. Нездарма кажуць: “Госць у хаце — Бог у хаце, і ганьба таму дому, дзе не зробяць усяго, каб госць быў задаволены”. Увагу гасцей вядучая засяродзіла яшчэ на адной рысе беларусаў — уменні гатаваць смачную ежу. Асновай ўсяго, вядома, з’яўляецца хлеб. Пасля такіх слоў у чытальную залу на ручніку ўнеслі каравай і паклалі на столік. Чытальная зала адразу напоўнілася свежым пахам. Затым быў прапанаваны мультымедыйны прагляд беларускай народнай казкі “Лёгкі хлеб”.
Дзеці даведаліся, што ў беларусаў ёсць і другі хлеб — бульба. А потым пайшла гаворка пра стравы з бульбы: ад звычайнай печанай на начлезе да клёцак, начыненых мясам. Іх у нас называюць калдунамі або камамі. А беларускія дранікі ведаюць амаль усюды. Гэтая смаката падабаецца і дарослым, і дзецям.
На століку з’яўляюцца ўсё новыя і новыя стравы. І завяршаецца мерапрыемства дэгустацыяй іх.
Галіна ХАНДРЫКА, намеснік дырэктара ЦБС па рабоце
з дзецьмі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top