Ці будзем сеяць буракі на зіму?

Ці будзем сеяць буракі на зіму?

DSC05713На рэгіянальны семінар-вучобу былі запрошаны галоўныя аграномы буракасеючых гаспадарак, райсельгасхарчаў вобласці, прадстаўнікі цукровага завода. Праводзіўся ён у актавай зале Жабінкаўскага райвыканкама. Гаворка на ім ішла аб новых распрацоўках у вырошчванні салодкіх каранёў.
Першым узяў слова рэгіянальны прадстаўнік фірмы КWS у Брэсцкай вобласці Міхаіл Паўловіч. Ён адзначыў, што Брэстчына, у адрозненне ад іншых рэгіёнаў рэспублікі, значна ўступае па ўраджайнасці караняплодаў, і прапанаваў абмеркаваць і знайсці прычыны з-за якіх гаспадаркі не даатрымліваюць ураджай. На яго думку, калі на колькасць ападкаў чалавек паўплываць не можа, то на якаснае правядзенне агратэхнічных мерапрыемстваў: падрыхтоўку глебы, севазварот, ахову раслін, — па сілах. Пра новыя тэхналогіі вырошчвання караняплодаў у Германіі прысутным расказаў кансультант — фермер Ханц Вільям Рот.
Аграрыям было цікава паслухаць госця і параўнаць на фотаслайдах нямецкую і беларускую тэхналогіі вырошчвання буракоў, пачынаючы з падрыхтоўкі глебы з заворваннем здробненай саломы (тут магчымы некалькі варыянтаў) да ўнясення насеннага матэрыялу з дапамогай навігацыйнай сістэмы ў залежнасці ад тыпу глебы, многае іншае.
Зразумела, ад тэхналогіі ў многім залежыць канчатковы вынік. Аднак без якаснага насення нельга дабіцца высокіх ураджаяў. Пра інавацыі і распрацоўкі ў селекцыі і насенняводстве фірмы КWS расказаў кіраўнік службы аграсэрвісу ва Усходняй Еўропе Сяргей Зямцоў.
КWS SААТ АG — міжнародная селекцыйная кампанія, якая стабільна займае 4-ае месца ў свеце (пасля Monsanto, Pioner, DOW) і першае ва Усходняй Еўропе ў вывядзенні гібрыдаў цукровых буракоў і кукурузы. Штогод звыш паўмільярда еўра гэтая фірма ўкладвае ў навуку і даследванні. Кожны новы гібрыд буракоў дае прыбаўку ўраджайнасці 1-1,5%, а кукурузы — да 2%. У Германіі вельмі папулярны слоган “Тры дваццаткі”. Гэта значыць, да 2020 года 20 лепшых фермераў Нямеччыны павінны дасягнуць выхаду 20 тон белага цукру з кожнага гектара буракоў.
— Гэта задача не лічыцца невыконваемай, — падкрэсліваў у сваім выступленні Сяргей Зямцоў. — Калі ў 1950 годзе атрымлівалі 100 кілаграмаў цукру з сыравіны, вырашчанай на гектары, то зараз гэтая лічба ў дзясяткі разоў большая… Як гаворыцца ў адной нямецкай прымаўцы: “Нельга разглядаць цукровыя буракі вачамі каровы”.
А як жа глядзяць на гэтую культуру вучоныя? Паводле слоў выступоўцы, каб дасягнуць запланаваных “трох дваццатак”, вучоныя фірмы КWS працуюць над вывядзеннем ГМА прадукцыі.
— У Расійскай Федэрацыі, — тлумачыў прадстаўнік кампаніі КWS, — зараз актыўна вядзецца дыскусія пра ГМА (генетычна-мадыфікаваныя арганізмы — прадукты харчавання, а таксама жывыя арганізмы, створаныя пры дапамозе геннай інжынерыі) цукровых буракоў, кукурузы і іншых культур. Летась была падпісана дарожная карта і “запусціўся” механізм рэалізацыі ГМА ў Расіі. У Еўрасаюзе дазволена вырошчваць ГМА прадукцыю, аднак трэба прайсці рэгістрацыю. Апошняя займае некалькі гадоў. Падкрэслю, наша кампанія КWS — першая сярод канкурэнтаў, якая вывела гэтыя буракі, паставіла на рынак Амерыкі, дзе яны займаюць ужо 97% плошчаў. Тут яны вырошчваюцца з 1993 года, і гэта норма. У 2007 годзе ГМА буракі з’явіліся ў Японіі. А еўрапейскае насельніцтва негатыўна адносіцца нават да тэрміну “ГМА”. Хаця ў прынцыпе няма такіх даследаванняў, якія даказваюць, што гэтая прадукцыя прыносіць шкоду чалавеку.
Другі накірунак селекцыйнай работы КWS, альтэрнатыўны ГМА, вывядзенне гібрыдаў, устойлівых да ўздзеяння гербіцыдамі.
У чым сэнс яго? Пад час вопытаў была выведзена расліна цукровых буракоў, у якой натуральным шляхам змяніўся ген, што адказвае за адчувальнасць да гербіцыдаў. Другімі словамі, атрыманы гібрыд аказаўся неадчувальны да прэпаратаў, з дапамогай якіх аграномы змагаюцца з пустазеллем на палях цукровых буракоў. Пустазелле пасля апырсквання гіне, а бацвінне такіх буракоў застаецца некранутым, што вельмі важна для росту расліны. Новая тэхналогія, распрацаваная сумесна спецыялістамі КWS і BAER яшчэ ў 2001 годзе, з’явіцца ва Усходняй Еўропе па прагнозах праз 4-5 гадоў.
Падводзячы лёгкі матэматычны падлік, можна пабачыць, колькі трэба часу, каб новую тэхналогію “выпусціць” на рынак… Фірма КWS за апошнія гады вывела звыш 270 гібрыдаў цукровых буракоў, якія адрозніваюцца цукрыстасцю, тэрмінамі ўборкі і інш.
Чарговы гібрыд, які ўстойлівы да мікаспарозу і іншых хвароб, і павінен падысці па кліматычных умовах да вырошчвання на прасторах Беларусі, знаходзіцца ў стадыі рэгістрацыі ў нашай краіне. За такімі гібрыдамі — будучыня. Магчыма, настане той час, калі ў Беларусі будуць праводзіць азімую сяўбу цукровых буракоў.
— Праблема ў тым, — казаў выступоўца, — што неабходна “выключаць” ген квяцістасці, каб атрымаць насенне “зімовых” буракоў. Гэта рабіць навучыліся, аднак “уключыць” ген у патрэбны селекцыянерам час пакуль не атрымліваецца. Дадаецца яшчэ адна праблема: неабходна дасягнуць устойлівасці да вызначанага тэмпературнага мінімуму. Пакуль гэта мінус 15 па Цэльсію. У гэтым накірунку яшчэ прыйдзецца шмат папрацаваць.
Новыя распрацоўкі прапаноўваюць і вытворцы сродкаў аховы раслін. Так, кандыдат сельскагаспадарчых навук Беларусі Андрэй Кадыраў пазнаёміў з апошнімі навінкамі фірмы BAER — чатырохкампанентнымі прэпаратамі новага пакалення BetanalmaxxPro, якія выдатна знішчаюць на бураковых палетках пустазелле. Самае галоўнае, што дастаткова аднаго (максімум — два) унясення гербіцыду гэтай групы. Гэты прэпарат апошнія гады пачаў апрабоўвацца ў эксперыментальных гаспадарках краіны, і, па водгуках аграномаў, эфектыўней папярэдніх на 15-20%, што станоўча адбіваецца на ўраджаях цукровых буракоў.
… Ці будзем сеяць цукровыя буракі на зіму, гэта будзе ГМА, ці гібрыды, устойлівыя да гербіцыдаў, пакажа час.
Святлана КІСЛАЯ.
На здымку: семінар-вучобу праводзяць кіраўнік службы аграсэрвісу ва Усходняй Еўропе
Сяргей Зямцоў і кансультант  з Германіі Ханц Рот.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top