Жанчыны з сонечным імем

Жанчыны з сонечным імем

IMG_7639Што аб’ядноўвае гэтых сімпатычных жанчын, якіх вы бачыце на здымку? Аднолькавае імя, якое ў перакладзе з грэчаскай мовы азначае “светлая”, “сонечная”. Агульнае месца працы — Жабінкаўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. У трох амаль дваццацігадовы стаж работы сацыяльным работнікам.
— У нашым цэнтры працуюць дасведчаныя, добрасумленныя, чулыя і старанныя жанчыны. Усяго 73 сацыяльныя работнікі, — расказвае загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі дома Алена Міхайлаўна Бойка. (Дарэчы, таксама носьбітка светлага, сонечнага імя.). — Атуліць пенсіянераў увагай і клопатам, каб яны не адчувалі сябе адзінокімі, а жылі паўнавартасным жыццём — асноўная іх задача. Выдзяляюцца сваім вопытам, цярплівасцю і якасцю працы тры Алены.
З лютага 1995 года працуе ў цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Алена Уладзіміраўна Іванюковіч. У яе на абслугоўванні 9 пажылых грамадзян. Яна наведвае сваіх падапечных паводле графіка — два або тры разы на тыдзень. Галоўным у сваёй працы бачыць клопат пра пажылых людзей, рашэнне іх паўсядзённых праблем: купіць і даставіць дадому прадукты харчавання, дапамагчы прыбраць у кватэры ці хаце, набыць лекі, выклікаць дадому ўрача і многае іншае. Калегі адзначаюць, што Алена Уладзіміраўна ўважлівая, добрасумленная, душэўная, міласэрная. Яе паважаюць і пенсіянеры.
Алена Фёдараўна Макасюк уладкавалася на працу ў цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ў жніўні 1995 года. Яна чалавек сардэчны, з вялікай спачувальнай душой і адказнасцю перад пажылымі людзьмі. Абслугоўвае восем гараджан, усе з іх перасягнулі 70-гадовую мяжу. Да іх Алена Фёдараўна ставіцца ўважліва, імкнецца дапамагчы справай і пазбавіць ад лішніх цяжкасцяў і непрыемнасцяў. Не забывае павіншаваць са святамі і днём нараджэння —
і яны цэняць гэтую ўвагу і клопат.
Алена Аляксандраўна Мацвяюк за 15 гадоў працы сацыяльным работнікам зарэкамендавала сябе стараннай і чулай. Яна імкнецца максімальна задаволіць патрэбу ў старонняй дапамозе васьмі адзінокіх і адзінока пражываючых пенсіянераў. Алена Аляксандраўна лічыць, што галоўнае —
умела і рацыянальна распланаваць свой працоўны дзень, паспець зрабіць як мага больш спраў. Пры гэтым важна індывідуальна падыходзіць да запатрабаванняў пэўнага чалавека. Алена Мацвяюк адказна ставіцца да сваёй працы, карыстаецца аўтарытэтам і павагай з боку людзей, якіх абслугоўвае, і калег.
— Абавязкі сацыяльнага работніка не абмежаваны пералічаным у інструк-цыі, — дзеліцца Алена Міхайлаўна Бойка. — Пажылыя адзінокія людзі чакаюць клопату пра сябе, ім хочацца пагаварыць па шчырасці і на немач сваю панаракаць. І ў гэтым нашы Алены ім не адмаўляюць. Яны ветлівыя, клапатлівыя, сталі для сваіх падапечных роднымі, іх чакаюць з велізарным нецярпеннем. У адрас нашых сацыяльных работнікаў прыходзіць мноства слоў падзякі ад пажылых грамадзян, іх родных і блізкіх. Гэтыя цёплыя словы і ёсць паказчык таго, што наша служба важная, патрэбная і запатрабаваная людзьмі пажылага ўзросту.
І гэтыя цёплыя словы — найвышэйшая ўзнагарода за светлыя, добрыя справы для “светлых” і чулых жанчын.
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
На здымку: чатыры Алены: А.Ф.Макасюк, А.А.Мацвяюк,
загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі дома А.М.Бойка
і А.У.Іванюковіч.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top