Жыццёвая мудрасць і ў працы, і ў сям’і пераважае

Жыццёвая мудрасць і ў працы, і ў сям’і пераважае

IMG_7616 копияРазам з вясновым абуджэннем, першацветамі на сонечных лясных пагорках, пералівамі птушыных мелодый у дамы прыходзіць цёплае і радаснае свята. Самыя шчымлівыя і трапяткія словы-віншаванні “ляцяць” тым, каго мы любоўна называем прыгожай палавінай чалавецтва. Гэта нашы бабулі і матулі, дочкі і сёстры, унучкі і каханыя. Пра адных з іх можна сказаць выдатная прафесіяналка, няўрымслівая, энергічная актывістка, клапатлівая мама і гаспадыня, чулая і спагадлівая сяброўка, пра іншых — мілавідная прыгажуня-чараўніца…
Да Жанны Мікалаеўны Трафімук, інжынера ў ахове працы і тэхніцы бяспекі СВК “Рагазнянскі”, падыходзіць большасць пералічаных эпітэтаў, калі не ўсе. Задаткі, дадзеныя прыродай, рысы характару, пазней выхаваныя ў звычайнай сям’і бібліятэкара і трактарыста з Навагрудка, за школьнай партай і ў студэнцкай аўдыторыі мясцовага сельскагаспадарчага тэхнікума, дапамаглі ёй стаць такой. Сёлетні год для яе, “руплівай працаўніцы, актывісткі, пяшчотнай матулі”, як сказалі калегі, юбілейны. Споўніцца гэтай мілай жанчыне 40 гадоў, за якія жыццё навучыла яе многаму: мудрасці, разу-мець людзей, спачуваць ім, адшліфавала прафесійныя навыкі.
Бегаючы ў школу, Жанна нават і не думала, што некалі з’едзе з прыгожага старажытнага Навагрудка. Аднак народная мудрасць гаворыць: “Тое, што наканавана лёсам, нельга ні на кані аб’ехаць, ні на самалёце абляцець”. Пасля дзевяці класаў дзве сяброўкі Жанна і Таня здаюць экзамены ў Гродзенскае культурна-асветніцкае вучылішча, але забываюць падпісаць свае пісьмовыя работы па рускай мове. Сяброўка паступае на вучобу, але да цяперашняга часу пры сустрэчах ёй кажа: “Дзякуючы табе, Жанна, я паступіла. У напісанай мною рабоце былі памылкі, а ў той, што камісія палічыла маёй, іх не было. Я пазней пра гэта даведалася”. Другое выпрабаванне, але ўжо ў Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут на эканамічнае аддзяленне, таксама было беспаспяховым. Пасля трэцяга экзамену забрала дакументы, таму што з абітурыенткай, у якой была аднолькавая колькасць балаў, вырашылі — не пройдуць у конкурсе. Вярнулася дадому, але нечакана сустрэлася з дзяўчынай, якая вучылася ў мясцовым сельгастэхнікуме. Тая расхваліла ўстанову і параіла не траціць год, а пайсці вучыцца. Без уступных экзаменаў (у атэстаце былі высокія адзнакі) яе залічылі на вучобу. Першая лёсавызначальная прыступка пройдзена.
На наступнай, было гэта на чацвёртым курсе, лёс звёў навагрудскую дзяўчыну з Віктарам Трафімуком, які вучыўся паводле на-кіравання “Рагазнянскага”. Іх сяброўскія адносіны перараслі ў каханне, згулялі вяселле. І давялося дзяўчыне ехаць на радзіму мужа ў Мышчыцы, дзе жыла яго мама, і чакала праца ў мясцовай гаспадарцы. Віктар Мікалаевіч пачынаў з брыгадзіра паляводства і жывёлагадоўлі ў Багданах, пазней працаваў аграномам аховы раслін, а цяпер узначальвае агранамічную службу сельгаскааператыва.
Але вернемся да гераіні нашага аповеду Жанны Мікалаеўны.
— Праца знайшлася і для мяне, — расказвала яна. — Даверылі, як і мужу, быць брыгадзірам паляводства і жывёлагадоўлі ў Мышчыцах. Складана было працаваць, таму што выконвала шматлікія абавязкі: кантралявала парадак і дысцыпліну на жывёлагадоўчай ферме, палявыя работы, арганізацыю жніва і працу камбайнаў, КЗСа, копку і адгрузку цукровых буракоў. Словам, даводзілася круціцца як вавёрцы ў коле, каб з усім справіцца. Выконваць абавязкі дрэнна не ў маім характары, а так каб не было сорамна перад людзьмі і кіраўніцтвам, добрасумленна, бачыць перспектыву і ісці да яе.
Добрыя намеры маладога спецыяліста, мабыць, заўважылі. Калі працавала загадчыцай Чыжэўшчынскага сельскага клуба (быў такі перыяд у яе жыцці, калі захацелася ажыццявіць мару ранняга юнацтва), Аляксандр Васільевіч Семянюк, сустракаючыся на розных мерапрыемствах, цікавіўся, ці жадае вярнуцца ў сельгаскааператыў. Жанна Трафімук пагадзілася. Шэсць гадоў як яна з’яўляецца інжынерам у ахове працы і тэхніцы бяспекі аграпрадпрыемства.
— Не ведала за што брацца на гэтай пасадзе, — успамінала яна пад час гутаркі. — Прыйшла ў лістападзе, а ўжо ў снежні павінна была закончыцца атэстацыя рабочых месцаў. Звярнулася па дапамогу да калегі Любові Васільеўны Назарук з Азятаў, якая даходліва патлумачыла. Зрабіла я гэта, аднак здала ў экспертызе працы толькі за другім разам. Прыводзіла ў парадак дакументацыю, чытала літаратуру, цікавілася навінкамі ў інтэрнэце. І справа зрушылася з мёртвай кропкі, тым больш, што кіраўніцтва падтрымлівае значнасць і важнасць праводзімага ў ахове працы. Для сябе зразумела, што не абавязкова быць інжынерам, важна ўмець пераконваць людзей у неабходнасці прымяняць сродкі аховы, дабіцца ўзаемапаразумення.
Скажу, што дзейнасць СВК “Рагазнянскі” ў стварэнні бяспечных умоў для працы адзначаецца на раённым і абласным узроўні з лепшага боку. У гэтым, вядома, значны ўклад і Жанны Трафімук. Яна пастаянна праводзіць вучобу са спецыялістамі, кіраўнікамі розных падраздзяленняў, рабочымі. Штогод здаюцца экзамены ў кожнай прафесіі, спецыяльнасці па пытаннях аховы працы. Ёсць для гэтага электронная версія праграмы Бандарэнкі, дзе веды ацэньвае камп’ютар. Рэгулярна праводзяцца дні аховы працы, ёсць журнал ўліку і кантролю па падраз-дзяленнях.
А яшчэ ў абавязкі інжынера ў ахове працы і тэхніцы бяспекі ўваходзіць медкантроль на алкаголь трактарыстаў і вадзіцеляў перад пачаткам работы.
Акрамя прафесійных абавязкаў у гэтай цудоўнай жанчыны ёсць яшчэ і грамадскія — яна старшыня прафкама СВК “Рагазнянскі”, дзе працы таксама многа, таму што ўсе работнікі з’яўляюцца сябрамі прафсаюзнай арганізацыі. Прыходзяць у прафкам хто па матэрыяльную дапамогу, хто атрымаць душэўную падтрымку ці кансультацыю наконт арэнднага і сацыяльнага жылля. Дарэчы, у аграпрадпрыемстве многа дамоў, пабудаваных пасля 2000-га года, плошчы іх вялікія, выкупляць нельга з мэтай захавання кадраў у гаспадарцы. Старшыня прафкама прызналася, што праз гадоў 25 магчыма ў калектыўны дагавор будзе ўнесены канкрэтны пункт наконт статусу так званых прэзідэнцкіх домікаў.
У прафсаюзнай рабоце Жанна Мікалаеўна аба-піраецца на прафкам, куды ўваходзяць Алена Мінаева, Ганна Яшчук, Таццяна Арабчук і Ігар Яшчук. Усе фінансавыя і матэрыяльныя пытанні абмяркоўвае калегіяльна, часта ўзгадняе са старшынёй кааператыва Аляксандрам Семенюком, прыслухоўваецца да думак кіраўнікоў падраздзяленняў. Тут яе галоўны прынцып — усе павінны атрымліваць заахвочванні і дапамогі, якія прапісаны ў калектыўным дагаворы.
— Нагрузка вялікая, — прызналася Ж.Трафімук. — Нават даводзіцца браць работу дадому, асабліва многа пісаніны (вядзенне картак, разгляд заяў, пастановы, пратаколы). Добра, што ў хатніх справах  ёсць памочніцы-дачушкі Іна і Таня. Яны і ў кватэры прыбяруць, і вячэру прыгатуюць. Жывем ужо восем гадоў ва ўласнай кааператыўнай кватэры, якую пабудавалі ў пасёлку Ленінскі. Старэйшая дачка ў выпускным класе, займаецца з рэпетытарамі, хоча быць медыкам. Вольнага часу ў яе наогул няма. А ў Танюшы ён ёсць, які прысвячае спорту, пагаворвае пра службу, звязаную з надзвычайнымі сітуацыямі. Пакуль канчаткова не вырашыла.
Так дзеці — самае галоўнае ў жыцці любой жанчыны. Каб яны выраслі разумнымі, удзячнымі, шчырымі, стараюцца і мама, і тата, паміж якімі ў гэтай сям’і лад ды згода. Яны, па магчымасці, разам адпачываюць, вырашаюць сямейныя пытанні, прыслухоўваюцца адзін да другога.
Няхай такая павага захаваецца на ўсё жыццё.
Людміла КОСЦІНА.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top