Вуліца КАРОТКІНА: альбо Ля вытокаў Жабінкаўскага раёна

Мы імкліва набліжаемся да 85-х угодкаў Брэсцкай вобласці. Яны будуць адзначацца 4 снежня, а ўжо праз месяц, 15 студзеня 2025-га, многія раёны Брэстчыны адсвяткуюць свае юбілеі. Тады, 85 гадоў назад, пачаў сваю гісторыю і Жабінкаўскі раён. Нездарма адна з вуліц нашага горада носіць імя першага кіраўніка раёна Мікіты Кароткіна (1906–1968), які ўзначаліў жабінкаўскую партарганізацыю ў студзені 1940 года.

Важнай справай стала стварэнне калгасаў. Адзін з першых узнік у Шпіталях. Людзі трохі з недаверам ставіліся да ўсяго новага, і таму непасрэдна на іх сход прыехаў старшыня райкама партыі. Як прыгадвалі пазней сведкі, яго прамова аказалася настолькі яркай і пераканаўчай, што шпіталёўцы аднагалосна вырашылі: жыць і працаваць будзем калектыўна, бо толькі агульнай грамадой можна прыйсці да заможнага жыцця!

Пра тое, чым жыў наш раён у першы год існавання, нярэдка пісала беларускамоўная “Зара”. Часам на старонках абласной газеты згадваўся і Мікіта Кароткін. Прычым, Мікіта Пятровіч і сам выступаў у друку. Прынамсі, 19 красавіка 1940 года ён пісаў, што “ў раёнах да гэтага часу не створаны газеты. Неабходна прасіць ЦК КПбБ аб арганізацыі ў раёнах газет і забеспячэнні рэдакцый кадрамі”.

На жаль, ажыццявіліся гэтыя планы толькі праз чатыры з паловай гады, пасля вайны, якая прынесла шмат пакут і разбурэнняў. Сярод іншых 29 кастрычніка 1944 года пабачыў свет і першы нумар нашай раёнкі, які бясспрэчна трымаў у руках той, хто да ліхалецця гэтак жадаў, каб асвета і газета прыйшлі ў кожны жабінкаўскі дом.

На працягу ўсёй вайны Мікіта Кароткін актыўна ўдзельнічаў у партызанскім руху. Пасля вызвалення вярнуўся на партыйную работу ў Жабінку. Улетку 1947 года Мікіта Пятровіч развітаўся з нашым краем: яго чакала новая адказная праца, у тым ліку намеснікам міністра сельскай гаспадаркі і намеснікам міністра хлебапрадуктаў БССР. За сваю ратную і мірную працу Мікіта Кароткін быў узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны, Чырвонай Зоркі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, шматлікімі медалямі. А Жабінка – адзіны горад у Беларусі, які ў памяць пра выдатнага чалавека ўжо ў канцы 1960-х гадоў назваў яго імем вуліцу, што працягнулася на 1,2 кіламетры ў паўночнай частцы горада-спадарожніка.

Анатоль РОСТАЎ

Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.