Сямейная гісторыя Кудраўцавых: Як каханне і сямейныя каштоўнасці перадаюцца з пакалення ў пакаленне

Ужо трэці год запар беларусы адзначаюць не дзень, а цэлы тыдзень, прысвечаны бацькам. І пачынаецца ён 14 кастрычніка матуліным святам, а завершыцца 21-га Днём таты. У шматдзетных сем’ях, з якімі мы пазнаёміліся на гэтым цудоўным тыдні, з аднолькавай любоўю ставяцца да бацькоў. Самае першае, бясспрэчна, найлепшае слова прамовім “мама” ў гонар Ірыны Кудраўцавай і іншых жанчын, што зведалі шчасце мацярынства.

Яна нарадзілася напярэдадні 8 Сакавіка, таму ў Жаночы дзень кватэра Кудраўцавых часам нагадвае філіял кветкавай крамы. А як надыходзіць Дзень маці, усё зноў паўтараецца: каханая жонка і любімая матуля патанае ў яркіх красках, усмешках, шчырых віншаваннях.

У такія дні з асаблівай пяшчотай усёй сям’ёй разглядаюць здымкі, зробленыя на добры ўспамін. І ўспаміны міжволі вяртаюць да самых пачаткаў, калі ўсё было ўпершыню.

Па-рознаму прыходзіць каханне. Аляксандр і Ірына сустрэліся выпадкова ў кавярні. І гэта быў шчаслівы выпадак. Спярша перакрыжаваліся іх позіркі. Аляксандр раптам адчуў, што погляд невядомай прыгажуні быццам высек нейкую іскру на сэрцы. А іскры ж бываюць небяспечнымі… Гэта цудоўна ведаў той, хто не першы год працаваў у газавай службе… Вось і ўзняўся, на танец запрасіў і ў павольным танцы знайшоў першыя пяшчотныя словы, каб выказаць сваё захапленне. Маладзён хацеў іскру пагасіць, ды толькі полымя распаліў… На двары была халодная восень, але ён сагрэў прыгажуню, нездарма ж на машыне газавікоў напісана: “З намі заўсёды цяплей!”.

Аднак перад тым, як стаць парай, ён і яна ўсё ж годзік прыглядаліся адзін да аднаго перад тым, як аднесці заяву ў Жабінкаўскі загс. На Дзень нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці Ірына Віктараўна і Аляксандр Сяргеевіч абмяняліся залатымі пярсцёнкамі. У коле родных і блізкіх маладыя адзначылі важную і прыгожую падзею.

Зараз у сям’і гадуюцца цудоўныя дзеці. Старэйшая дачка Дзіяна вучыцца ў Брэсце на медыка. Дзяўчына абрала матуліну дарогу (Ірына Віктараўна працуе фельчарам-лабарантам у раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі).

Малодшыя дзеці пакуль у школе і дзіцячым садзе. У залатой сярэдзіне – Крысцінка – цудоўная і надзвычай музычная дзяўчынка. Сваё імя яна атрымала невыпадкова, бо прыйшла на свет у 2018 годзе на Вадохрышча. Першага верасня Крысціна пайшла першы раз у першы клас. Такім чынам, сёлета трэцяя гарадская школа стала для яе другім домам, а настаўніца Ганна Рыгораўна Клімчук – другой мамай. Толькі пра адно, як у песеньцы, шкадуе дзяўчынка, што “к сожаленью, день рожденья только раз в году…” Сёлета мама на “дзень варэння” малодшай дачцэ такі шыкоўны падарунак паднесла!.. Цяпер у Крысціны ёсць сапраўдны сабака – пацешны і ласкавы шпіц Барні. Сям’ю Кудраўцавых зараз проста нельга ўявіць без кучаравага сябра.

Нездарма дарослыя заўважаюць:

– З такім ахоўнікам не баімся ніякіх забабонаў. У нас нават лічба 13 – шчаслівая. Такі нумар нашай кватэры. Калі Дзіяна экзамен здавала, выцягнула білет № 13, ды яшчэ і Арцёмка нарадзіўся трынаццатага чысла…

Чатырохгадовы Арцём пачуў, што пра яго размова, і крышку засаромеўся. А матуля, якая яму жыццё і імя дала, патлумачыла:

– Яму ўсё жывое ў радасць! Сынок вывучае свет, не можа жучка-чарвячка абмінуць, кожнаму ён добры сябар. Часам сваіх знаёмцаў дамоў цягне, тады ў мамы клопат, як іх назад у прыроду вярнуць ды пры гэтым хлопчыка не пакрыўдзіць.

У адносінах, створаных Ірынай і Аляксандрам, адчуваецца гармонія. На гэтым трымаюцца многія шчаслівыя сем’і. Заўсёды не згаджаўся з класікам, які сцвярджаў, што ўсе такія сем’і падобныя паміж сабою. Усё ж у кожнай з іх маецца сакрэт, які зберагае ад многіх бед.

А вось пажаданні нярэдка бываюць аднолькавыя. Папрасіў Кудраўцавых трыма словамі праз газету перадаць пасланне з нагоды Бацькоўскага тыдня. Ірына і Аляксандр хутка знайшлі тыя словы і пажадалі ўсім ды кожнаму здароўя, даўгалецця і кахання!

…Дзесьці падобную трыяду мы ўжо чулі… Так, іменна здароўе, даўгалецце і каханне – каштоўнасці і ў іншай шчаслівай жабінкаўскай сям’і, куды на гэтым незвычайным тыдні таксама зазірнулі на агеньчык…

Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара

Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav
 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.