Што прыносіць пакуты ў сям’ю

Што прыносіць пакуты ў сям’ю

Risunok2_16
У Беларусі склалася практыка прымянення прававых нормаў пры здзяйсненні правапарушэнняў у сферы сямейна-бытавых адносін. Але самае галоўнае — папярэдзіць злачынства, а не разбірацца ў прычынах таго, што здарылася. Хоць у краіне ў сферы “быту” здзяйсняецца не больш чым 2% злачынстваў ад агульнай колькасці крымінальнакараемых дзеянняў, але ўсе яны накіраваныя супраць жыцця і здароўя асобы. Бытавая злачыннасць уяўляе сабой асаблівую сацыяльную небяспеку, таму неабходна пастаянна ўдасканальваць работу ў яе прафілактыцы.
Беларусь з’яўляецца першай краінай на постсавецкай прасторы, дзе 10 лістапада 2008 года прыняты Закон “Аб асновах дзейнасці ў прафілактыцы правапарушэнняў”. У яго ўпершыню закладзены асновы прафілактыкі канкрэтных відаў правапарушэнняў, у тым ліку п’янства, насілля ў сям’і. Цяпер любая ахвяра насілля можа звяртацца з заявай аб фактах нанясення лёгкіх цялесных пашкоджанняў, што прывялі да кароткачасовага расстройства здароўя; катаванняў і пагроз забойствам.
Сёлета з ініцыятывы органаў унутраных спраў узбуджана дзве крымінальныя справы паводле артыкулаў прэвентыўнай накіраванасці (за наўмыснае нанясенне лёгкіх цялесных пашкоджанняў і катаванне). Праўда, пры разглядзе такіх спраў судамі выносяцца прыгаворы, не звязаныя з пазбаўленнем волі, аднак такі сямейны скандаліст у далейшым аналагічных супрацьпраўных дзеянняў ужо не здзяйсняе. Шматгадовы вопыт паказвае, што п’янства з’яўляецца каталізатарам насілля. Таму асноўныя намаганні накіраваны на правядзенне выхаваўча-прафілактычнай работы з насельніцтвам. Практыкуецца фарміраванне ўстойлівай пазіцыі свядомага выканання агульнапрынятых нормаў маралі, закона, прапагандуюцца агульначалавечыя каштоўнасці і здаровы лад жыцця.
У Беларусі дзейнічае такі інстытут, як ізаляцыя хранічных алкаголікаў у лячэбна-працоўныя прафілакторыі. Летась згодна з рашэннем суда 24 жыхары Жабінкаўшчыны былі накіраваны на такое лячэнне на 12 месяцаў.
Менавіта ў сям’і закладваюцца асновы свядомасці і характару будучага грамадзяніна, яго погляды і звычкі, маральныя і валявыя якасці. І найперш, у каго дзіця, а затым і падлетак пераймае гэта, з’яўляюцца бацькі. А паводзіны некаторых з іх, абыякавыя адносіны да грамадскага абавязку, злачынная дзейнасць нярэдка духоўна калечаць дзяцей і ў канчатковым выніку падштурхоўваюць іх на злачынствы.
Калі гаварыць пра афіцыйную статыстыку, то з кожным годам ідзе зніжэнне асабліва цяжкіх злачынстваў, што адбываюцца ў адносінах блізкіх людзей. Нельга забываць, што любую хваробу (насілле ў сям’і гэта хвароба грамадства) лягчэй папярэдзіць, чым лячыць. Таму на сустрэчах у працоўных калектывах, у індывідуальнай гутарцы ў школах, дзіцячых садах мы заўсёды гаворым: “Па дапамогу заўсёды трэба звяртацца на ранняй стадыі”.
Насілле ў сям’і — наўмыснае дзеянне фізічнай, псіхалагічнай, сексуальнай накіраванасці аднаго чалавека ў адносінах да другога, што парушае правы, свабоды, законныя інтарэсы і прыносіць яму пакуты. У асноўным выдзяляюць тры віды насілля. Фізічнае — гэта наўмыснае выкарыстанне фізічнай сілы ці прадметаў для нанясення пашкоджанняў і траўм. У выніку яго могуць узнікнуць працяглая траўма, нават смерць. Сексуальнае — гэта прымусовы палавы акт, а таксама непрыстойныя сексуальныя дотыкі, погляды, размовы, згвалтаванне, у тым ліку мужам, адмова выкарыстоўваць контрацэптыўныя сродкі, прымусовая цяжарнасць. Псіхалагічнае — кантроль за чалавекам ці яго ізаляцыя, а таксама прыніжэнне. Суправаджаецца пастаяннай крытыкай, знявагай, прыніжэннем, крыкамі, грубасцю, нецэнзурнай лаянкай, неапраўданай рэўнасцю, умяшальніцтвам у асабістае жыццё… Эканамічнае — адмова ў доступе да сродкаў жыццядзейнасці і кантроль над ахвярай. Праяўляецца ў адмове дапамагаць гадаваць дзяцей, прыхоўванні даходаў, самастойным прыняцці большасці фінансавых рашэнняў без уліку патрэб членаў сям’і, забароне працаваць па-за домам, у адбіранні заробленых грошай, ухіленні ад уплаты аліментаў. Самымі распаўсюджанымі вынікамі хатняга насілля з’яўляюцца псіхалагічныя траўмы і стрэсы, пагаршэнне здароўя. Як пачувае сябе чалавек, што перажыў насілле? Ён адчувае сябе вінаватым у тым, што здарылася, узнікае нянавісць да гвалтаўніка… Рэзка падае самаацэнка. Эмацыянальнае расстройства можа прымаць розныя формы — ад замкнутасці і ўходу ў сябе, да страху і няздольнасці заставацца аднаму.
Алена СІДАРУК, намеснік пракурора раёна, малодшы саветнік юстыцыі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top