“Люблю, калі ў паветры пахне вясной…”

“Люблю, калі ў паветры пахне вясной…”

IMG_7487Хочаш правесці пасяўную без “аўралаў” — падрыхтуйся да яе зага-дзя. Менавіта такой думкі прытрымліваецца галоўны інжынер СВК “Хмелева” В.К.Гойка.
— Фактычна рамонтам тэхнікі заняліся яшчэ ў лістападзе, — каменціруе сітуацыю Валянцін Кірылавіч. — Трэба было правесці вялікі аб’ём работ, які “тармазіла”, бадай, толькі нясвоечасовае фінансаванне. Цяпер поўнасцю гатовыя ўсе 27 трактароў, 6 машын для ўнясення і 2 раскідвальнікі арганічных угнаенняў, а таксама ўсе пасяўныя і глебаапрацоўчыя агрэгаты.
Рамонтам сельгасмашын і агрэгатаў займаліся ў СВК “Хмелева” непасрэдна механізатары Іван Дзянішчыч і Валерый Прыдатка, м дапамагалі слесары Іван Пясецкі і Андрэй Шастачук. Што тычыцца трактароў, дык іх рыхтавалі да выхаду ў поле механізатары, за якімі яны замацаваны. Яно і зразумела: кожны з іх ведае “праблемы” сваіх “жалезных каней” і лепш ліквідаваць іх у мехмайстэрні, чым у час палявых работ, дзе кожная хвіліна прастою дорага каштуе. Хмелеўцы штогод стараюцца сваімі сіламі рамантаваць тэхніку, гэта не так затратна. Па дапамогу ў сервісныя цэнтры з Бярозы і Кобрына звярталіся толькі двойчы, адвозілі туды рухавік і каробку перадач з энерганасычаных трактароў. Вядома, любы рамонт вылятае ў капеечку. На адны толькі запчасткі на пасяўныя агрэгаты спатрэбілася звыш 200 мільёнаў рублёў…
— Да сяўбы падрыхтаваліся, — расказваў Валянцін Гойка. — Хоць заўтра можна пачынаць пасяўную. — Засмучае толькі, што маем у запасе паліва на 3-4 дні. Думаю, кіраўніцтва ка-
аператыву вырашыць гэтае пытанне і веснавыя палявыя работы правядзем спакойна, без зрываў.
Ягоную думку падзяляе і аграном СВК “Хмелева” Андрэй Валер’евіч Гацкевіч, які паведаміў, што цяпер актыўна вывозіцца арганіка на ўчасткі, дзе размесцяцца бульба і кукуруза. Сёлета, дарэчы, у адрозненне ад мінулых гадоў, у гаспадарцы плануюць поўнасцю адмовіцца ад вырошчвання цукровых буракоў, а павялічыць плошчы пад кукурузу — гэта 1200 гектараў. Яно і зразумела: у кааператыве амаль 5000 галоў БРЖ і таму патрэбныя вялікія запасы кармоў.
— 16 тон насення кукурузы гібрыдных сартоў “Мел”, “Кубанскі”, “Алмаз” мы ўжо маем на складах, яшчэ столькі ж чакаем, — каменціруе аграном. — Летась спрабавалі сеяць сорт “Еріса” замежнай селекцыі, і на хмелеўскіх палях ён няблага сябе зарэкамендаваў. Паспрабуем і новыя сарты ячменю “Брань”, “Якуб”, “Бацька”. Пашырым сёлета да 120 гектараў плошчы пад грэчкай. План пасадкі бульбы не зменіцца — тыя ж 125 гектараў. Будзем садзіць яшчэ 20 тон элітнай бульбы сорту “Скарб”.
На думку Андрэя Валер’евіча (дарэчы, у маладога агранома  гэта ўжо другая пасяўная), калі не будзе затрымак з палівам і не “закапрызнічае” надвор’е, адсеяцца можна будзе ў адведзеныя тэрміны, і нават хутчэй. Пакуль сеялкі стаяць на мехдвары, можна ўносіць мінеральныя ўгнаенні, паджыўляць азімыя і сенакосы. Зімовая “спячка” закончылася, пара ўключацца ў работу.IMG_7480
— Не магу дачакацца, калі выведу сеялку з мех-двара, — казаў механізатар Валерый Прыдатка. — Не паверыце, наладжваю свой трактар, а думкамі на ворыве… І хаця складаны гэта час — ледзь развіднела, а ты ўжо ў кабіне, сонца садзіцца, а ты яшчэ ў полі, аднак я люблю гэты час абуджэння прыроды, калі ў паветры пахне вясной.
Валерый расказаў, што нейкі час жыў у Брэсце, аднак так і не змог прыжыцца ў шматпавярхоўцы. Пераехаў з жонкай і дзецьмі ў вёску. У СВК “Хмелева” атрымаў “прэзідэнцкі” домік, завёў гаспадарку і ніводнага дня не пашкадаваў аб сваім рашэнні. “Я сельскі хлопец, — жартаўліва казаў ён. — Працаваць на зямлі — гэта маё прызначэнне. Хутчэй бы сяўба пачалася…”
Святлана КІСЛАЯ.
На здымках: Валерый Прыдатка і Дзмітрый Ляшко рыхтуюць тэхніку.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top