
Ведаеце адгадку на дзіцячую загадку: “Што дадзена табе, а карыстаюцца ўсе”? Правільна: імя. Гэта сапраўдны скарб, атрыманы ад бацькоў, твой асабісты знак, па якім чалавека ведаюць і паважліва называюць ад самай калыскі і да глыбокай старасці. Пагэтаму таты і мамы, калі прыходзяць у загс з прыемнай навіной пра нараджэнне сына ці дачушкі, павінны разумець, наколькі важна даць імя дзіцяці.
На імёны таксама бывае “мода”, калі тое ці іншае з іх атрымоўвае вялікую папулярнасць. Нікога не здзіўляла, што ў 1961 годзе вельмі шмат хлопчыкаў займелі імя Юрый у гонар першага касманаўта Юрыя Аляксеевіча Гагарына.
Бываюць імёны, якія доўга не губляюць сваёй прыцягальнасці для бацькоў. Вось і гэты год паказаў, што на Жабінкаўшчыне не страцілі сваёй папулярнасці імёны ў хлопчыкаў Аляксандр, Максім і Мацвей. А вось вельмі рэдкімі можна лічыць імёны Дабрыня, Дамір, Ірыней, Святазар, Сіман ды Эрык.
Што тычыцца дзяўчынак, тут склалася не зусім звычайная сітуацыя. Раней вельмі рэдкае імя Мія (яго лічаць памяншальнай формай імені Марыя, якое азначае “жаданая”) у Жабінцы і наваколлях стала сёлета самым папулярным. Другі радок падзялілі імёны Аліса, Анастасія і Валерыя. А вось спіс рэдкіх жаночых імёнаў, якія выбіралі таты і мамы сваім дачушкам, надзвычай рознабаковы. У яго ўваходзяць Адэлія і Амелія, Аміна і Арыядна, Аўрора і Ясенія.
Хочацца ўсім дзеткам, незалежна ад таго, ці маюць яны распаўсюджанае, ці рэдкае імя, пажадаць моцнага здароўя, надзейнага міру і казачнага дзяцінства!
Галіна АКСЮЦІК, загадчык аддзела загс райвыканкама
Больше новостей о своем районе и городе
Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%