Усё рабіць на падставе закона

Усё рабіць на падставе закона

DSC05366Гэтыя словы не аднойчы гучалі з вуснаў старшыні Камітэта дзяржкантролю Брэсцкай вобласці Дзмітрыя Баско і пракурора вобласці Івана Наскевіча, якія вялі ў райвыканкаме сумесны выязны прыём жабінкаўцаў. Менавіта так, згодна з законам, яны стараліся разбіраць справы грамадзян і тлумачылі сваю пазіцыю ў спрэчных момантах.
Са сваімі праблемамі на сустрэчу з прадстаўнікамі кіраўніцтва КДК і пракуратуры вобласці прыйшлі шэсць грамадзян, усе пытанні тычыліся сацыяльных спраў, найгалоўнейшыя з іх — жыллёвыя. Некаторыя жабінкаўцы ўжо не аднойчы выказвалі свае просьбы ў розных інстанцыях, часам паводзілі сябе занадта эмацыянальна і на гэтым прыёме.
Таму Д.В.Баско і І.Д.Наскевічу даводзілася пастаянна заклікаць такіх наведвальнікаў жыць у суседскай згодзе. Напрыклад, Алену Лепскую (яе разлад з іншымі жыхарамі шматкватэрнага дома ў Пятровічах пра аб’язную дарогу моцнае псуе адносіны) або Васіля Андрасюка і Марыю Кірылюк (сваркі паміж гэтымі пажылымі людзьмі цягнуцца ўжо не адно дзесяцігоддзе, і ніхто, бадай, ужо і не ўспомніць, з чаго і калі ўсё пачалося).
Тым больш, што спрэчка з-за зямельнага ўчастка, узнятая В.І.Андрасюком, пазалетась разглядалася ў судзе Жабінкаўскага раёна, дзе высветлілася, што межы адпавядаюць дакументам і самавольна суседка ніякіх надзелаў не займала. Няма і зараз прававых падстаў, заўважыў старшыня камітэта дзяржкантролю вобласці Д.В.Баско, каб адмяніць судовае рашэнне.
Галіну Вайтовіч і іншых жыхароў шматкватэрнага панэльнага дома з вуліцы Моладзевая ў аграгарадку Маціевічы хвалюе пытанне пакупкі кватэр, у якіх яны жывуць ужо шмат гадоў. Праблема міжволі паўстала, калі ў вёсцы пачалося падвядзенне да дамоў прыроднага газу. Тут і высветлілася, што жыхары дома не маюць на яго адпаведных дакументаў, у тым ліку тэхнічных пашпартоў, неабходных для падключэння да газавай сеткі. Між тым, на агульным сходзе членаў СВК “Маціевічы”, якому належыць дом, вырашана прадаваць жылыя памяшканні (у тым ліку і ў тым доме, дзе жыве Г.В.Вайтовіч) згодна з рынкавым коштам. Жанчына выказала нязгоду з папярэдняй, значна завышанай ацэнкай кватэры. Ёй было прапанавана падрыхтаваць зварот у Камітэт дзяржкантролю Брэсцкай вобласці, абавязкова прыкласці копіі ўсіх дакументаў на дом, якія маюцца ў жыхароў, і пратакол сходу членаў кааператыва. Гэта дазволіць спецыялістам камітэта глыбей унікнуць у пытанне і даць на яго кампетэнтны адказ.
Валянціну Скрэбец з Жабінкі таксама хвалюе кватэрнае пытанне. Некалі частка кватэры, пабудаванай ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод”, ёй была прадастаўлена па дамове найму. Жанчына тут даўно не жыве, але ўсё роўна вымушана ўносіць кватэрную плату. В.С.Скрэбец былі прапанаваны некалькі варыянтаў рашэння дадзенага пытання. Аднак ніводны з іх яе не задаволіў. У час размовы Д.В.Баско падказаў жабінкаўцы пагадзіцца на арэндную аднапакаёвую кватэру ў Жабінцы, каб жыць самастойна, незалежна ад іншых.
Часам, як у выпадку з Г.В.Мікалайчук з Дзягляў, патрабаванні грамадзян былі занадта завышанымі. Грамадзянка прыйшла
на прыём з пытаннем аб  прадастаўленні жылля, прычым, яе цікавяць выключна новыя дамы, якія выдзяляе сваім спецыялістам ААТ “Ракітніца”. Аднак ні сама заяўніца, ні яе сямейныя ў гаспадарцы не працуюць. І раней райвыканкам неаднаразова прапаноўваў розныя варыянты вырашэння жыллёвага пытання і працаўладкавання, ды ад усіх прапаноў грамадзянка адмаўлялася. Цяпер будзе праведзена абследаванне жылля Г.В.Мікалайчук і, пры магчымасці, зроблены ў памяшканні капітальны рамонт за кошт гаспадаркі.
Анатоль РОСТАЎ.
На здымку: выязны прыём грамадзян у райвыканкаме праводзяць старшыня КДК Брэсцкай вобласці Д.В.Баско і пракурор вобласці І.Д.Наскевіч.
Фота Святланы КІСЛАЙ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top