Расціславу БЕНЗЕРУКУ — 70

Расціславу БЕНЗЕРУКУ — 70

IMG_4037«Раблю жыцця агледзіны…»

Некалі наш зямляк, паэт і празаік Расціслаў Бензярук напісаў:

Штодня здаваў жыццю залік…
А колькі мне адведзена?
Ці выпадзе яшчэ калі
Рабіць жыцця агледзены?..

Сапраўды, 70 гадоў — пара падвядзення вынікаў пражытага і зробленага. Скончыўшы ў 1966 годзе Брэсцкі педінстытут, Расціслаў Мацвеевіч восем гадоў выкладаў рускую мову і літаратуру ў школе, а пасля яшчэ трыццаць пяць — працаваў у рэдакцыі газеты “Сельская праўда”. У гэты час з’явіліся шматлікія публікацыі ў мясцовым і рэспубліканскім друку, расло творчае майстэрства.
Дарэчы, у 2006 годзе ён стаў пераможцам абласнога конкурсу сярод журналістаў на лепшы нарыс у намінацыі “Наш сучаснік”. Творчасць Р.Бензерука-пісьменніка адзначана прэміямі імя Уладзіміра Калесніка і Васіля Віткі. Лепшыя казкі ўвайшлі ў падручнікі і на працягу сарака гадоў вывучаюцца ў школах.
Трынаццатая па ліку кніжка — зборнік казак “Патапка і яго сябры” — выдадзена ў Мінску ў 2013 годзе. Творы Расціслава Бензерука перакладаліся на славацкую, рускую і ўкраінскую мовы. Сам жа пісьменнік перакладае з рускай, украінскай і польскай.
Рэдакцыя газеты “Сельская праўда” віншуе калегу з юбілеем, зычыць яму здароўя і шчасця, жыццёвага і творчага даўгалецця, а заадно прапануе чытачам яго новую вершаваную казку.

Непаседлівае галчаня

Казка

— І ў каго ты, непаседа?!
Ані ў тату, ані ў дзеда, —
Папракала галка-мама,
А дачушцы гора мала:
Шмат сваволіла, хоць крылы
Не набралі моцы-сілы.
Вылезла — і нечакана
Паляцела апантана
Долу, лапацела крылле
Па галінах… ад бяссілля.

— Ой! — аж піснула мурашка. —
Гэтак задавіць не цяжка!
Галчын страх аціхнуў трошкі.
Паглядзела, як на мошку:
— Хто такая? Дзе радня?
— Мой мурашнік вунь, ля пня…
— У зямлі жывеш? Пацеха! —
І зайшлася гучным смехам.

Акружылі звераняты:
— Дзе твая, скажы нам, хата?
Што, гняздо альбо дупло?
Пакажы сваё жытло!..
З гонарам:
— Жыву, паверце,
На чацвёртым я паверсе!
На вяршаліне, на ўлонні,
Бачна ўсё як на далоні.
— Дык чаму да нас у ранні
Прыляцела на спатканне? —
Запытаўся воўчык Вова.

Ёй сказаць бы: выпадкова
Выпала з гнязда, ат, не:
— Часта мроілася мне,
Што лячу хутчэй, чым вецер,
І гляджу, як вы жывеце,
І расказваю ўсё маме…
— Добра, будзьма ўсе сябрамі!
Стане весела ў бары! —
Парашылі так звяры.

***

Ды палёт той з паднябесся
Шуму нарабіў у лесе.
Хоць была не надта блізка,
Але скеміла ўсё ж ліска:
— Выпаў нейкі недарэка,
Хто лятаць яшчэ няўмека! —
І з усмешкай: — З непасед
Смачны будзе мне абед!
Паспяшаюся, а то
Апярэдзіць можа хто!..

На паляне неспадзеўкі
Бачаць госцю каля елкі
У акружэнні зверанят:
Тут мядзведзік — Мішаў брат,
Вожык Колька, зайчык Цімка,
Ваўчаня, мурашка Дзінка.

“Я спазнілася, канечне…
Трэба абхітрыць малечу!” —
Вырашыла ліска Ліза,
Прабіраючыся бліжай:
— Я даўно, напэўна, змалку
Ведаю сяброўку галку.
З ёй гулялі не паўдня:
Мы ж — далёкая радня!
Дык дазвольце мне, сябры,
З родзічкай пагаварыць…

Цімку дзіўна:
— Вы свае?
— Так.
— Не ведаю яе! —
Адказала галчаня. —
І ніякія паўдня
Не гуляла я з лісой…
— Даражэнькая, пастой!..

Звераняты гуртам-разам
Падсадзілі гэтым часам
Галку Галю на сасну,
А лісе сказалі:
— Ну,
Хочаш — дык гадзіны тры
Са сваячкай гавары!
І схадзі да Галі ў госці…

Ліска цяўкнула ад злосці
І пабегла прэч у лес,
Бо “абед” вышэй палез…

***

Мела Галя ў роднай хаце
Таўхалі і словы маці:
— Вось такія непаседы
Служаць для лісы абедам!..
Дзе жывеш — на вершаліне
Альбо ўнізе, у даліне,
У дупле ці ля ракіты, —
Тут галоўнае — які ты!
І чацвёрты твой паверх
Не для пахвальбы, павер…
Мой наказ: сярод звяроў
Трэба верных мець сяброў —
Тых, хто ў цяжкую хвіліну
Дапаможа, не пакіне!..

Словы матчыны штодня
Паўтарала галчаня.
Час прайшоў, і Галя смела
Да сяброў уніз зляцела.
Шчыра дзякавала ім,
Ратавальнікам сваім.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*