У райвыканкаме

У райвыканкаме

IMG_667421 лютага прайшло пасяджэнне райвыканкама. Яго вёў выконваючы абавязкі старшыні райвыканкама А.В.Шалтанюк.
Першым было разгледжана пытанне аб падрыхтоўцы сельгасарганізацый раёна да веснавых палявых работ. Дакладваў начальнік аддзела арганізацыі вытворчасці райсельгасхарчу А.У.Чэрнік. Сёлета, згодна з заданнем, зерневыя і зернебабовыя патрэбна пасеяць на 15390 гектарах. Кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў неабходна прыняць меры, каб справіцца з сяўбой асноўных відаў сельгаскультур насеннем першай і другой рэпрадукцый у адпаведнасці з мэтавымі дзяржаўнымі праграмамі. Выканкам адзначыў, што ўпраўленнем сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама і гаспадаркамі праведзена пэўная работа ў падрыхтоўцы да веснавой пасяўной кампаніі. Яна прызнана недастатковай у ПУАП “Азяты” і СВК “Маціевічы”. Да 10 сакавіка патрэбна выбраць поўнасцю элітнае насенне зерневых і зернебабовых культур з элітгасаў вобласці і першай рэпрадукцыі — з насенгасаў раёна; да 1 сакавіка забяспечыць падрыхтоўку трактароў, сельгастэхнікі і кормаўборачных камбайнаў, да 1 красавіка — зернеўборачных і збожжаачышчальна-сушыльных комплексаў.
Па-ранейшаму вострай застаецца праблема забеспячэння кадрамі на час правядзення веснавых палявых работ і арганізацыя 2-зменнай работы. Па стану на 1 лютага ў гаспадарках было 212 механізатараў, а патрэбна — 250. Вырашыць пытанне можна толькі, калі прыцягнуць іх з іншых прадпрыемстваў і арганізацый, што і будзе зроблена, улічваючы вопыт мінулых гадоў. Тэхнічная забяспечанасць гаспадарак дазваляе правесці сяўбу яравых зерневых і зернебабовых культур за 10-12 дзён, кармавых — за 20-25.
На базе ААТ “Жабінкаўская сельгастэхніка” створана 3 брыгады для рамонту трактароў і сельгасмашын. З лістапада па люты імі выкананы аб’ём работ на суму 110 млн. руб. На перыяд правядзення веснавых палявых работ будуць створаны па 2 звяны, якія зоймуцца вывазкай арганікі, яе ўнясеннем і доглядам за пасевамі.
Начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама А.М.Крупко праінфармавала, як выконваюцца мерапрыемствы ў рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы водазабеспячэння і водаадвядзення “Чыстая вада” на 2011-2015 гг. Яна адзначыла, што летась на яе рэалізацыю было накіравана і асвоена 7,7 мільярда рублёў. Сярод праблем называліся недастатковы ўзровень забяспечанасці цэнтралізаваным водазабеспячэннем насельніцтва, асабліва вясковага, высокі фізічны знос сетак водаправода і каналізацыі, а таксама ачышчальных збудаванняў каналізацыі.
Актыўна абмяркоўвалася і пытанне, якое датычылася навядзення парадку на зямлі і добраўпарадкавання сельскіх населеных пунктаў у 2013 годзе і перспектываў на 2014-ы. Прызнана станоўчай работа СВК “Вазнясенскі” і цэнтра банкаўскіх паслуг №109 ААТ “Ашчадны банк “Беларусбанк” у паляпшэнні эстэтыкі інтэр’ераў і фасадаў адміністрацыйных будынкаў і добраўпарадкаванні навакольных тэрыторый, а таксама Крыўлянскага сельвыканкама — у добраўпарадкаванні вёскі Вежкі. Рашэннем райвыканкама зацверджаны план мерапрыемстваў у навядзенні парадку на тэрыторыі раёна ў 2014 годзе.
Як рэалізуецца на практыцы Дырэктыва Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №1 “Аб мерах умацавання грамадскай бяспекі і дысцыпліны”, далажыла намеснік старшыні райвыканкама А.С.Ануфрыюк. Намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Ю.А.Нярода расказала, як здзяйсняюцца паўнамоцтвы ў абароне правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх, згодна з Дэкрэтам №18 “Аб дадатковых мерах дзяржаўнай абароны дзяцей у няўдалых сем’ях”.
У рабоце выканкама прынялі ўдзел Галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Брэсцкай вобласці Н.Т.Гіндзюк, начальнік упраўлення аховы здароўя Брэсцкага аблвыканкама С.У.Крапівіна, начальнік аддзела па нагляду за выкананнем заканадаўства і законнасці прававых актаў пракуратуры Брэсцкай вобласці А.А.Куліч, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх аблвыканкама А.Ф.Каштанюк і намеснік старшыні Брэсцкага камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя С.В.Шылінчук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top