Шчыры “дзякуй” за якасць абслугоўвання

Шчыры “дзякуй” за якасць абслугоўвання

IMG_7418Працоўную дзейнасць Ірына Казулька (у дзявоцтве Вавіна) пачынала прадаўцом гандлёвай кропкі ў Вялікіх Сяхновічах, потым абслугоўвала пакупнікоў у магазіне №1 “Прадукты” ў Жабінцы, была загадчыцай магазіна №2 (усім жыхарам нашага горада ён вядомы пад назвай “Надзея”), з 2011 года — загадчыца магазіна №15 “Прадукты”. Пасля рамонту тут значна пашырылася гандлёвая зала, стаў багацейшым асартымент.
У Ірыны Міхайлаўны шмат абавязкаў. Адзін з іх — вывучэнне попыту пакупнікоў. Зыходзячы з гэтага, яна заказвае і прымае тавары, наладжвае супрацоўніцтва з рознымі пастаўшчыкамі. У выніку ад усяго тавараабароту Жабінкаўскага рай-спажыўтаварыства 12% прыпадае на магазін №15 “Прадукты”.
Васемнаццаты год Ірына Міхайлаўна ў гандлі, яна прадавец 6-га разраду. Ці не шкадуе аб абраным прафесійным шляху?
— Не шкадую, — гаворыць яна. — Гэта маё, люблю тым, чым займаюся, працую для людзей. Прыемна, калі наведвальнікі задаволены якасцю абслугоўвання — гэта адразу відаць па ўсмешках на тварах, па ветлівых словах і шчырым “дзякуй”.
Калектыў магазіна — гэта 9 прадаўцоў, два грузчыкі, прыбіральшчыца, упакоўшчыца-ўкладчыца (дарэчы, на гэтай пасадзе мама Ірыны Міхайлаўны — Марыя Вікенцьеўна, якая з 1996 года працуе ў Жабінкаўскім райспажыўтаварыстве).
Калектыў зладжаны, дружны. Немалаважная заслуга ў гэтым яго загадчыцы. З дадзеным меркаваннем згодныя і калегі Ірыны Міхайлаўны.
Вольга Уладзіміраўна Ахрэмчык:
— Ірына Міхайлаўна цудоўны чалавек і кіраўнік. З ёю працаваць лёгка і камфортна — заўсёды прыйдзе на дапамогу, калі нешта незразумела, падкажа.
Ірына Фёдараўна Здольнік:
— Яна прафесіянал у сваёй справе, мы шмат чаму ў яе вучымся. Неабыякавая да ўсяго, апантаная ў рабоце. Перш-наперш сапраўдны таварыш — чулая, добразычлівая. Адным словам, нам пашанцавала з загадчыцай.
Іна Іванаўна Міхалойць:
— З Ірынай Міхайлаўнай я працавала ў магазіне №2, цяпер разам тут. Гэты чалавек на сваім месцы. Не памятаю, каб за час сумеснай працы былі ў нас недастачы. Калі патрэбна замяніць прадаўца, становіцца за прылавак, працуе на касе. Умела кантактуе з людзьмі.
За прафесіяналізм, добрасумленную працу імя І.М.Казулька ў 2010 годзе заносілася ў Галерэю працоўнай славы раёна. Яна неаднаразова ўганароўвалася граматамі райспажыўтаварыства і абласнога спажывецкага саюза, летась — рэспубліканскага Белкаапсаюза. Работа калектыву магазіна таксама адзначалася граматай райспажыўтаварыства.
Усё гэта, безумоўна, і паўплывала на тое, што працоўны калектыў райспажыўтаварыства вылучыў Ірыну Міхайлаўну Казулька кандыдатам у дэпутаты Жабінкаўскага раённага Савета дэпутатаў ХХVII склікання ад Зарэчнай выбарчай акругі №4.
Ірына Міхайлаўна не толькі адказны работнік і добры кіраўнік, яна клапатлівая маці і жонка. У шлюбе з мужам Сяргеем яны 16 гадоў. У дзясятым класе трэцяй гарадской адзінаццацігодкі вучыцца дачка Юлія. Ірына Міхайлаўна любіць гатаваць — лепш за ўсё ў яе атрымліваюцца дражджавыя пірагі з рознымі начынкамі і французскі жульен. Сваімі прысмакамі яна частуе не толькі родных, блізкіх, сяброў, але і калег, якіх лічыць сваёй другой сям’ёй.
Алёна НІКАНЧУК.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top