Появились первые комбайнер-тысячники

Появились первые комбайнер-тысячники

Першыя “тысячнікі”-камбайнеры
Прыемная навіна даляцела ў рэдакцыю: у СВК “Якаўчыцы” ёсць першыя “тысячнікі”-камбайнеры. Вядома, журналісцкая сцяжынка адразу ж прывяла нас на поле, дзе два экіпажы камбайнераў Уладзіміра Аляксеевіча Маёрава і Сяргея Мікалаевіча Свіціча абмалочвалі жытнёвы колас, а Андрэй Мікалаевіч Валасюк адвозіў збожжа.
Дожджык, які раптоўна сыпануў, прыпыніў работу хлебаробаў. Усе, хто прыехаў павіншаваць механізатараў з перамогай, у прыватнасці старшыня райвыканкама М.В.Токар, старшыня СВК “Якаўчыцы” У.А.Чэрнік, начальнік аддзела ідэалагічнай работы А.А.Старыцкі, старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Н.У.Калыбская, самадзейныя артысты з народнага тэатра гульні і гумару “Хмелеўскія валацугі”, змаглі без спешкі сказаць добрае слова ўдзячнасці за сумленную працу лідэрам жніва, першым “тысячнікам”.
— Сёлетняе жніво ў прамым і пераносным значэнні гарачае, — гаварыў старшыня райвыканкама Мікалай Токар. — Нягледзячы на пэўныя страты ўраджаю вясной і зімой, галоўная задача — не дапусціць іх на фінішы, кампенсаваць недабор збожжа якасцю жніва. Што вы, якаўчыцкія камбайнеры, робіце штодзень. І вось вынік — першыя “тысячнікі” з’явіліся ў СВК “Якаўчыцы”. Здароўя і шчасця вам у жыцці, пабольш яшчэ напоўненых бункераў залацістым збожжам.
Затым былі ўручаны падарункі “героям” жніва, у гонар іх працоўнага поспеху прагучалі песні.
Уладзімір Маёраў, Сяргей Свіціч не навічкі на жніўным полі. У кожнага за плячыма па некалькі дзесяткаў уборачных сезонаў, ужо любую выбоіну-няроўнасць на полі яны добра ведаюць.
— Прыемна назіраць, — гаворыць лідэр сёлетняга жніва Уладзімір Маёраў, — як буйное залацістае збожжа сыплецца з бункера ў кузаў аўтамабіля. Такую радасць, задаволенасць я адчуваю ўжо 31 раз. Сёлетні сезон для мяне менавіта такі па ліку. Даводзілася працаваць на “Ніве”, “Доне”, а цяпер вось на “Палессі” шчырую, які ў спякоту хавае ад прамяністага сонца — абсталяваны кандыцыянерам. А яшчэ мне часта ўспамінюцца тыя хлебаробскія вечары, калі з сынам Ігарам, які “хадзіў” у мяне ў памочніках, стомленыя, напрацаваныя вярталіся дадому. Не стаў мой хлопец хлебаробам (пасля войска ж прыйшоў на працу ў родны калгас) з-за таго, што старшыня не стрымаў сваё слова — не выдзеліў новы аўтамабіль. У дзяржаўтаінспекцыі Брэста зараз працуе.
Каб лепш пазнаёміць чытачоў з камбайнерам — “тысячнікам”, дададзім, што няўрымслівая праца Уладзіміра Аляксеевіча ў розныя гады была адзначана ордэнамі “Знак Пашаны” і Працоўнага Чырвонага Сцяга, трыма бронзавымі і адным сярэбраным медалямі ВДНГ.
Задаволены камбайнеры, вадзіцель сваімі поспехамі. Раздзяляе іх радасць і старшыня сельгаскааператыву Аляксандр Уладзіміравіч Чэрнік.
— Жніво ў гаспадарцы пачалося сёлета на два тыдні раней, чым звычайна, — гаворыць кіраўнік. — Усе зерневыя даспелі імгненна, але мы змаглі ўмела арганізаваць работы, так што ніякіх аўралаў не было. Два экіпажы з СВК “Арэпічы” дапамагаюць трэці дзень. Задаволены, што менавіта ў нас з’явіліся першыя “тысячнікі”. Канечне, хацелася б паўтарыць рэкорд 2008 года, калі на круг сабралі 50 цэнтнераў збожжа, сёлета будзе 40. Парадавала азімае жыта — яго намалацілі з кожнага гектара 48 цэнтнераў. Гэта няблага на засушлівы сёлетні год.
Відаць, каб не сучасныя метады земляробства і высокія тэхналогіі, добрая тэхніка, і, канечне, руплівая праца механізатараў такога ўраджаю магло б і не быць.
Л.КОСЦІНА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top