Берегись автомобиля

Берегись автомобиля

Сцеражыся аўтамабіля!
Мы не збіраемся пераказваць сюжэт вядомага разанаўскага фільма. У нас свае “героі”, свая гісторыя, што адбылася ў раёне, а дакладней — у вёсцы Крыўляны.
З Мажэек прыехалі два сябры, два Мікалаі. Калі быць пунктуальнымі, дык да сваёй знаёмай прыехаў Давідчук, а Ляшчынскі, будучы на добрым падпітку, упрасіў разам “праехацца”. Не, ён нікому не перашкаджаў у час сустрэчы, а ціха-мірна сядзеў у машыне, чакаючы, калі падарожжа працягнецца.
Размова маладых людзей зацягнулася. Ляшчынскі рашыў, што настала пара вяртацца дадому. Агледзеўся і заўважыў, што гаспадар аўтамашыны пакінуў ключ у замку запальніка. І тут “героя” пацягнула на “подзвіг”…
Не ўтрымала Ляшчынскага тое, што “Опель-Кадэт” не яго, што ён п’яны ды не мае вадзіцельскіх правоў, а значыць, і навыкаў кіравання. Ляшчынскі перасеў за руль…
Маладыя людзі гаварылі ў двары, калі Мікалай Давідчук пачуў, як запрацаваў матор ягонага аўтамабіля. Калі выскачыў на вуліцу, “Опель” ужо мчаў на першай хуткасці.
Кіроўца стаў сведкам таго, як яго машына “прайшлася” па агароджы, пасля яе кінула ўлева… і пад коламі апынулася жанчына-веласіпедыстка. На тым п’яныя прыгоды не скончыліся: Мікалай Ляшчынскі, быццам ішоў на таран, накіроўваючы “Опель” на “Мерседэс”, што “недарэчна” апынуўся на ягоным шляху. І толькі пасля сутыкнення з іншым аўтамабілем “Опель” нарэшце заглох, скончыўшы свой бясслаўны “паход”. Гора-кіроўца выскачыў з іншамаркі і кінуўся на ўцёкі…
І што прыкра — не М.Ляшчынскі аказваў першую медыцынскую дапамогу пацярпелай М.Манішка, не ён выклікаў “хуткую” і міліцыю. Зрабілі гэта сведкі здарэння, а самога “шумахера” работнікі міліцыі вылавілі за вёскай у полі. Ні тады, ні ў судзе ён не мог успомніць, як падбіў жанчыну на веласіпедзе. Мабыць, моцна перашкаджала выпітае віно…
А вось і вынік гэтай невясёлай гісторыі. У адпаведнасці з часткаю 2 артыкула 72 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь па сукупнасці злачынстваў шляхам частковага складвання пакаранняў суд назначыў М.Ляшчынскаму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін 3 гады 6 месяцаў з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу. Апрача таго, суд палічыў неабходным задаволіць грамадзянскі іск у поўным аб’ёме, спагнаўшы з абвінавачанага звыш 2,8 мільёна рублёў на пакрыццё страт за лячэнне пацярпелай.
Словам, сцеражыся аўтамабіля, калі руль трапляе ў п’яныя рукі да кіроўцы без правоў! Бяды тады не мінаваць.
В.НОВІК, старшыня суда Жабінкаўскага раёна.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top